Боль, што не сціхае з часам. Дата 11 красавіка пазначана ў календары як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Пяць гадоў назад у красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа. За час расследавання сярод іншых фактаў, што пацвярджаюць зверствы фашыстаў, – і даныя пра 578 лагераў смерці на тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

І зноў красавік нагадвае: прыйшла сапраўдная вясна, якая ветліва ўсміхаецца пад мірным небам. А 81 год назад 11 красавіка 1945 года вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд паднялі інтэрнацыянальнае паўстанне. Менавіта гэта дата ў календары па рашэнні ААН пазначана як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Усяго ў гітлераўскай Германіі і на акупаваных ёю тэрыторыях дзейнічала больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, гета, дзе катавалі, расстрэльвалі, душылі ў газавых камерах мірных людзей, ставілі над імі нечалавечыя медыцынскія вопыты і эксперыменты. У тых, хто трапляў у фашысцкі канцлагер, не было ні імя, ні прозвішча, толькі нумар, які нашываўся на адзенне, а ў зняволеных самага вялікага лагера смерці – Асвенціма – нумар татуіравалі на целе. Для ўсіх, каму пашчасціла выжыць, гэтыя лічбы назаўжды выпалены на сэрцы.
На Нюрнбергскім працэсе эсэсаўцы прызнаваліся, што вязень, працягласць жыцця якога ў лагеры складала менш за год, прыносіў нацыстам амаль паўтары тысячы рэйхсмарак чыстага прыбытку.
За гады Другой сусветнай вайны ў гэтыя лагеры смерці трапілі больш
за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з якіх 5 мільёнаў – грамадзяне Савецкага Саюза, амаль 12 мільёнаў так і не дажылі да вызвалення, сярод іх – каля 2 мільёнаў дзяцей.
На Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што зняволенне
мірных грамадзян замежных дзяржаў, аднолькава як і выкарыстанне
ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва: непасільная штодзённая ад світання да змяркання праца, жудасныя ўмовы ўтрымання, жорсткія здзекі, вопыты на жывых людзях – умовы знаходжання ў лагерах.
І нават праз дзесяцігоддзі цяжка асэнсаваць, што фашысты выраблялі ў лагерах смерці. І ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны для знявольвання і знішчэння людзей гітлераўцы стварылі сістэму канцэнтрацыйных лагераў і турмаў, дзе без суда знаходзіліся ў нечалавечых умовах дзясяткі тысяч людзей. Усяго, па інфармацыі Генпракуратуры, устаноўлена 578 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны – гэта тыя самыя лагеры
смерці. Самым буйным канцлагерам на акупаванай тэрыторыі быў Трасцянецкі лагер смерці, дзе знішчана больш за 206,5 тысячы чалавек. І гэта жудаснае чацвёртае месца пасля Асвенціма (знішчана чатыры мільёны чалавек), Майданака (адзін мільён 380 тысяч чалавек), Траблінкі (каля 800 тысяч). На Брэстчыне самым буйным месцам масавага знішчэння людзей у гады вайны стаў Калдычэўскі лагер смерці (знаходзіўся на тэрыторыі Баранавіцкага раёна), дзе загінула больш за 22 тысячы чалавек.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь падчас расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа апытала больш за 21 335 чалавек, амаль восем тысяч з якіх –
пацярпелыя, у тым ліку былыя вязні фашысцкіх лагераў смерці.
У 1958 годзе на тэрыторыі былога «Бухенвальда» быў заснаваны мемарыяльны комплекс. І да нашых дзён захаваўся будынак крэматорыя, дзе спальвалі вязняў, у сцены яго ўманціраваны шыльды з імёнамі на розных мовах, назіральныя вышкі і калючы дрот у некалькі радоў.
Уваход у лагер ляжыць праз вароты з надпісам «Jedem das Seine» («Кожнаму сваё»), што засталіся з тых страшных часоў.
Ніхто не забыты, нішто не забыта
Здаецца, так даўно гэта было. Але толькі не для тых, хто прайшоў скрозь жахі фашысцкіх лагераў. Біяграфіі гэтых людзей –
сапраўдныя ўрокі мужнасці для новых пакаленняў. Сярод жыхароў Ляхавіцкага раёна цяпер толькі чацвёра былых вязняў фашысцкіх канцлагераў: Аляксандра Данільчык (вёска Завінне), Уладзімір Жаваранак (вёска Ганчары), Зоя Осіпава і Ніна Папянюк (Ляхавічы). У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожны дзень, кожны крок, кожнае імгненне маглі стаць апошнімі. Усе яны тады былі дзецьмі і падлеткамі, але назаўжды на сэрцы чорнай адмецінай застаўся той жудасны час, калі выратоўвалі толькі надзея і вера, што вызваляць, выратуюць. Абавязак сённяшніх пакаленняў –
ведаць іх імёны, не забываць людзей, дзяцінства і юнацтва якіх апалена вайной. Яны, як і ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, – наша сумленне. А памяць дапаможа нам і наступным пакаленням
не забыць, якой цаной заваяваны мір.
Галіна КАНЬКО.




