Сакавіцкая пяцёрка. У сакавіку на Ляхавіччыне нарадзіліся пяць хлопчыкаў

У сакавіку на Ляхавіччыне зарэгістравана пяць нараджэнняў хлопчыкаў. У Крывошынскім, Навасёлкаўскім і Начаўскім сельвыканкамах выдадзены тры пасведчанні, два – у райцэнтры.
Сынам бацькі далі імёны Багдан, Глеб, Дарыян, Цімафей і Дзмітрый. Здаравячком месяца стаў Дарыян, які нарадзіўся вагой 4 260 грамаў пры росце 56 сантыметраў. У сям’і ляхавічан гэта чацвёртае дзіця, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
У сакавіку першынец нарадзіўся ў дзвюх сем’ях, у адной сям’і нарадзілася трэцяе дзіця, у дзвюх – чацвёртае.
Сярэдні ўзрост бацькі – 37 гадоў, маці – 32. У сакавіку самым маладым бацькам стаў 25-гадовы зямляк, маці – 23-гадовая. Радасць бацькоўства адчуў і 45-гадовы жыхар Ляхавіччыны, стала мамай 39-гадовая зямлячка.
Па даных аддзела загса райвыканкама, з пачатку года на Ляхавіччыне нарадзіліся 10 хлопчыкаў і дзевяць дзяўчынак. Першынец зарэгістраваны ў сямі сем’ях, другое дзіця – у шасці, трэцяе – у чатырох, чацвёртае – у дзвюх сем’ях.
На Ляхавіччыне ў сакавіку стала больш на пяць маладых сем’яў. Адна вясельная цырымонія адбылася ў Альхоўскім сельвыканкаме, чатыры – у аддзеле загса. Сярэдні ўзрост сакавіцкага жаніха – 39 гадоў, нявесты – 38. Юныя – 21-гадовы жаніх і 20-гадовая нявеста, старэйшыя – 57-гадовы жаніх, 55-гадовая нявеста.
За тры месяцы 2026 года заручальнымі пярсцёнкамі абмяняліся 15 пар маладых, з якіх 13 – у аддзеле загса райвыканкама. Сярэдні ўзрост жаніхоў – 36 гадоў, нявестаў – 32.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.