Попыт на летнюю працу. На Ляхавіччыне працаваў Рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

14-15 красавіка на Ляхавіччыне працаваў Рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій, які праводзіцца для працаўладкавання моладзі падчас летніх канікулаў і для прафесійнай арыентацыі.
Сярод арганізатараў – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і аддзел па адукацыі райвыканкама.

Да прысутных звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая адзначыла, што працаўладкаванне моладзі ў вольны час – моцны сацыяльны
і педагагічны інструмент. Гэта выдатная магчымасць юнакам і дзяўчатам паспрабаваць свае сілы, навучыцца працаваць у калектыве і адказваць за даручаную справу, зарабіць грошы і распараджацца імі па сваім меркаванні.
У першы дзень кірмашу каля 80 навучэнцаў устаноў адукацыі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з рынкам працы напрамую. Прадстаўнікі кадравых службаў дзесяці прадпрыемстваў і арганізацый раёна расказалі школьнікам пра вакансіі, умовы працы і варыянты кар’ернага росту. Напрыклад, Ляхавіцкаму лясгасу на лета патрэбны прапольшчык цяпліц, сельгаспрадпрыемствам раёна, ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – падсобныя рабочыя. У ААТ «Нача» адкрыты дзве такія вакансіі для моладзі ва ўзросце 16–18 гадоў.
Сельгаспрадпрыемствы выдаюць выпускнікам школ мэтавыя накіраванні для паступлення ва ўстановы адукацыі сельскагас-
падарчай спецыяльнасці. Сярод удзельнікаў кірмашу – прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райпо, райбальніца.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Гатоўчыц растлумачыла парадак прыёму на работу падчас летніх канікулаў, правы і абавязкі непаўналетніх работнікаў, асаблівасці афармлення працоўных дагавораў. 

Для працаўладкавання непаўналетніх неабходны:
✓пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу,
✓працоўная кніжка (пры яе наяўнасці),
✓медыцынская даведка аб стане здароўя,
✓пісьмовая згода аднаго з бацькоў (для непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў), ✓заява аб працаўладкаванні.


Асаблівасцю кірмашу стала яго практыка-арыентаваная накіраванасць. У рамках прафарыентацыі школьнікі пазнаё-
міліся з работай перасоўнага медыцынскага комплексу УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», што асабліва цікава для тых, хто жадае звязаць свой прафесійны шлях з медыцынай. Супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі школьнікам спецтэхніку і абсталяванне, расказалі пра ўмовы паступлення і навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў профільных установах адукацыі МНС.
Другі дзень кірмашу прайшоў на базе Ляхавіцкага аграрнага каледжа і сабраў больш за дзве сотні навучэнцаў. З патэнцыяльнымі працаўнікамі сустрэліся прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў – ААТ «Нача», «Шлях новы», «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі». Намеснік начальніка аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Фядотава пазнаёміла каляджан з работай партала дзяржаўнай службы занятасці і разам з імі ў рэжыме рэальнага часу праманіторыла летнія вакансіі па месцы іх жыхарства.
Відавочны факт, што кірмаш – своеасаблівы трамплін для маладых людзей, якія хочуць пачаць зарабляць ужо сёння і правесці лета з карысцю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.