Турызм у трэндзе. Падчас сустрэчы старшыні райвыканкама з работнікамі культуры ў рамках адзінага дня інфармавання размова ішла пра трэнды і новыя накірункі развіцця турызму ў Беларусі

Разнастайнасць культурных, гістарычных і прыродных аб’ектаў выклікае апраўданы інтарэс да падарожжаў па краіне не толькі ў беларусаў, але і ў замежных турыстаў. Пра гэта і многае іншае ішла размова падчас сустрэчы старшыні райвыканкама Мікалая Мароза з работнікамі культуры ў рамках адзінага дня інфармавання. Гаварылі пра трэнды і новыя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

– У павелічэнні папулярнасці турыстычнага напрамку на Ляхавіччыне вялікая заслуга і роля адводзіцца менавіта работнікам культуры, якія з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў. Менавіта вы павінны быць першымі памочнікамі ў гэтым пытанні і паказаць, як гэта рабіць у адпаведнасці з заканадаўствам, – звярнуўся кіраўнік раёна да работнікаў культуры.
Падчас сустрэчы абмеркавалі і магчымасці стварэння лакальных турыстычных прадуктаў і новых экскурсійных маршрутаў па мясцовых гістарычных і прыродных аб’ектах. Гаварылі і пра шляхі распаўсюджання вырабаў мясцовых майстроў, прэзентацыю нашых ляхавіцкіх «фішак», якія прыцягнуць у раён новых турыстаў.
Намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Шчука расказала пра турыстычную інфраструктуру раёна, аграэкатурызм, прамысловы, вытворчы, лячэбна-аздараўленчы і іншыя віды турызму, запатрабаваныя ў беларусаў і гасцей краіны. Адпаведныя маршруты пракладзены і па ляхавіцкім краі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

