Сардэчна запрашаем у раён, або Кадрам уваход дазваляецца!

У цэнтры ўвагі дэпутатаў Ляхавіцкага райсавета на чарговай сесіі – пытанні, стратэгічна неабходныя кожнаму прадпрыемству і раёну ў цэлым, – падрыхтоўка кадраў, работа ў прафарыентацыйным плане, вектар практыка-арыентаванага навучання.

Сёння эканоміцы патрэбны зацікаўленыя, матываваныя кадры, якія гатовы вучыцца і развівацца, а ў далейшым працаваць на краіну. А для гэтага трэба з дзяцінства дапамагчы знайсці свой шлях, даць практыку, якая стане стартам у прафесію. Такім чынам, школа
дапамагае праектаваць прафесіянальна-адукацыйны маршрут. І варыянтаў узаемадзеяння прагучала шмат. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі горада адкрыты клубы «Юныя эколагі», «Юныя патрыёты», «Юныя выратавальнікі». У гарадскіх школах і гімназіі працуюць класы аграрнай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай, медыцынскай і педагагічнай накіраванасці.

Важны і такі аспект, што за кожнай школай замацаваны сельскагаспадарчыя арганізацыі, заключаны дагавор аб супрацоўніцтве па пытаннях працоўнага выхавання навучэнцаў. Сёння краіне патрэбны сельскагаспадарчыя кадры, таму неабходна даць дзіцяці поўны вобраз працаўніка гэтай сферы. Гэта прэстыжна, матэрыяльна выгадна, гэта магчымасці кар’ернага росту – і гэта ўсё бачаць рабяты, калі наведваюць фермы, мехмайстэрні, цэхі і іншае. Варта даць адказ, што чакае будучага спецыяліста, калі ён выбера, напрыклад, сельскагаспадарчую галіну.

Сёння ў гэтым напрамку важная роля належыць аграрнаму каледжу: у гэтым навучальным годзе 113 навучэнцаў 9 і 11 класаў школ раёна асвойвалі прафесіі працоўных: «агароднінавод», «садоўнік», «кладаўшчык», «працоўны зялёнага будаўніцтва». Усё гэта дае плён.
– Павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія паступаюць на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю пасля 9 класаў. Калі ў 2024 годзе гэта было 10,6 працэнта, то ў 2025 удвая больш. Таксама адзначаны рост паступлення выпускнікоў 9, 11 класаў у Ляхавіцкі аграрны каледж: з 18 чалавек у 2024 годзе да 27 у 2025 годзе. Сёння мы разумеем, якія кадры асабліва чакаюць у раёне. Таму фарміруем і адпаведную прафарыентацыйную работу. Для нашага раёна таксама актуальнае пытанне падрыхтоўкі кадраў для лясной гаспадаркі. З гэтай мэтай з 2024 года ў Востраўскай сярэдняй школе арганізавана работа школьнага лясніцтва. Акцэнт і на прафарыентацыі вучняў класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З мэтай пабудовы комплекснай сістэмы падрыхтоўкі інжынерных кадраў паміж гімназіяй, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і ААТ «Гандаль»
заключаны дагавор аб падрыхтоўцы навучэнцаў групы інжынернай накіраванасці, – рэзюмавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

На гэта акцэнтавала ўвагу і дырэктар аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік. Варта працаваць разам, дапамагчы маладому чалавеку знайсці сваё месца. І заказчыкі кадраў павінны больш клапаціцца пра патэнцыяльных работнікаў АПК, і ўстанова адукацыі ісці насустрач, і сям’і трэба быць актыўным удзельнікам прафарыентацыйнай работы.

На думку Ірыны Прыступа-Юнік, падбор кадраў неабходна пачынаць з 6-7 класа. І добрым стымулам у прафарыентацыйнай рабоце было б матэрыяльнае заахвочванне ад гаспадаркі для бацькоў, якія дапамагаюць дзіцяці зрабіць выбар на карысць гэтага прадпрыемства.
Штомесячная даплата да стыпендыі пры заключэнні мэтавага дагавора – таксама добры стымул. Сёння важна ў прафарыентацыйным аспекце паказаць усе магчымасці раёна, увесь наш патэнцыял. А паказаць ёсць што.
– Станоўчым прыкладам эфектыўнай прафарыентацыйнай работы можа служыць лесагаспадарчая галіна. У мінулым годзе Івацэвіцкі і Целяханскі лясгасы арганізавалі і даставілі на дзень адчыненых дзвярэй у каледжы 28 навучэнцаў 9-х класаў школ Івацэвіцкага раёна. Пасля завяршэння мерапрыемства – экскурсія ў Грушаўку, смачны абед. Месяцам раней кіраўнікі і кадравікі лясгасаў праводзілі работу ва ўсіх установах адукацыі, прапануючы заключэнне мэтавых дагавораў. Так працаваў і наш Ляхавіцкі лясгас. Вынік працы – з 26 залічаных на спецыяльнасць «Лясная гаспадарка» – 13 мэтавікоў, з іх 12 з Брэсцкай вобласці. Ужо сёння ў базах даных Брэсцкага
абласнога ДВЛГА маюць 16 кандыдатаў з мэтавымі дагаворамі на аснове агульнай базавай адукацыі і 5 – агульнай сярэдняй, – расказала Ірына Прыступа-Юнік.
– Сёння сельскагаспадарчыя арганізацыі самым актыўным чынам імкнуцца ўдзельнічаць у прафарыентацыйным працэсе. Зразумела, трэба паднаціснуць, магчыма, змяніць падыход. Але самы дзейсны спосаб зацікавіць маладога чалавека застацца ў прафесіі, выбраць сельскагаспадарчы профіль – прыклад паспяховага спецыяліста. Кіраўнікі прадпрыемстваў могуць даць усё для рэалізацыі сябе як спецыяліста, важна гэта прадэманстраваць на этапе выбару прафесіі. Прагучала прапанова праводзіць «куставыя» вучнёўска-бацькоўскія
сходы, дзе ўдзельнікі – кіраўніцтва раёна, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак. Прымаецца.Такая практыка ёсць, удасканалім, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Асобная тэма – замацаванне маладых кадраў у раёне пры размеркаванні на першае працоўнае месца, двухгадовай адпрацоўцы. Набалелае пытанне, лічы, для кожнага прадпрыемства і арганізацыі. Якімі б, здаецца, бонусамі ўжо не вабілі моладзь, часта вынік адмоўны. Аднак арганізацыі раёна маюць пэўны вопыт у гэтым напрамку. Як працуюць з маладымі кадрамі у райбальніцы, якія магчымасці і плюсы пры размеркаванні ў ляхавіцкія ўстановы аховы здароўя, расказаў галоўны ўрач Аляксей Майсей.

Падчас сесіі было разгледжана шмат іншых пытанняў. А пасля характар сесіі змяніўся на выязны. Дэпутаты звярнулі ўвагу на якасць медыцынскага абслугоўвання ў вёсцы.

– Факт: меддапамога павінна аказвацца аднолькава якасна і на вёсцы, і ў горадзе. Падчас сесіі наведалі Начаўскую АУАП і Конькаўскі ФАП. Гэта сучасныя ўстановы, дзе вяскоўцы могуць скарыстацца вялікай колькасцю медпаслуг, па якія не трэба ехаць у горад. Нават набыць неабходныя лекі. Асаблівай увагі заслугоўвае перасоўны ФАП, запатрабаванасць якога пацверджана часам і водгукамі жыхароў раёна, – рэзюмаваў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.