Век беларускай жанчыны-працаўніцы. 1 ліпеня жыхарка вёскі Зубелевічы Алена Нікадзімаўна Шклянік адзначыла свой векавы юбілей
1 ліпеня жыхарка вёскі Зубелевічы Алена Нікадзімаўна Шклянік адзначыла свой векавы юбілей. У гэты дзень юбілярка прымала віншаванні ад раённай улады, кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама.

Трымалася падкрэслена сціпла, аднак з вялікай павагай да сябе
і гасцей. Да апошніх асабліва: на кожнае віншаванне, пажаданне, музычны нумар у свой адрас адказвала шчырай падзякай, усім зычыла здароўя, пажадання дажыць да яе гадоў.
Алена Нікадзімаўна – карэнная жыхарка вёскі.
– Бацькоўскі домік знаходзіўся на гэтай жа вуліцы, толькі некалькі «глыбей». Сям’я была шматдзетная, нас, малых, было шэсць. Бацькі клапаціліся, як маглі, трымалі свойскую жывёлу, мелі вялікі агарод. На паўсядзённай працы сваіх бацькоў выхоўваліся і мы – чатыры сястры і два браты. Зараз засталіся толькі мы з сястрой Яўгеніяй, якая пражывае ў дачкі ў Баранавічах. Мне – 100, Жэні на чатыры гады менш, – распавядае юбілярка.
Свой цяперашні дом, размешчаны непадалёку ад бацькоўскага, Алена і яе муж Якаў пабудавалі па большасці ўласнымі рукамі.
– Якаў быў крыху старэйшы, умеў цяслярыць і выконваў
асобныя іншыя справы. Большасць работ браў на сябе. Ну а я,
як магла, дапамагала і падтрымлівала мужа. Затое колькі радасці было, калі перабраліся ў сваё жытло, – узгадвае тыя далёкія часы-імгненні Алена Нікадзімаўна.
Але радасць уласнага дома і шчаслівага сямейнага жыцця не была доўгай. – Пахавала свайго Якава ў 1967 годзе. Самой толькі-толькі споўнілася 40, дачка Валянціна вучылася ў пятым класе школы, сын Леанід у трэцім. Маладая удава…, – пераходзіць на шчымлівыя адценні ў голасе зямлячка.
Алена Нікадзімаўна ўсё жыццё шчыра і сумленна працавала. Спачатку ў штаце паляводчай брыгады калгаса «Кастрычнік». Калі ж участак «Зубелевічы» перайшоў пад юрысдыкцыю цяперашняга агракаледжа – аўтаматычна стала адным з яго работнікаў, працавала ў тым ліку жывёлаводам.
– Папацягала вёдраў. Але ж, як і большасць калгаснікаў таго часу, штогод брала «дзялку», – узгадвае.
І, здаецца, для нашых маладых-юных чытачоў гэта патрабуе
дадатковых тлумачэнняў. Звычайны для савецкага часу выраз «пайсці на дзялку» азначаў, што наспеў час заняцца праполкай-доглядам «калгасна-асабістага» надзелу пасеваў той ці іншай сельгаскультуры. Займацца «сваімі» радкамі тых жа буракоў даводзілася ўвесь вегетацыйны перыяд, фактычна ўсё лета і частку восені. Некалькі раз праводзіць праполку, капаць-церабіць ураджай. Як правіла, «дзялка» ўспрымалася як сямейны падрад, на якім былі задзейнічаны і падлеткі-школьнікі. Так, па выніку работы нядрэнна аплачваліся. Аднак патрабавалі і сіл, і часу.
Сёння добраахвотнай і жаданай «дзялкай» для 100-гадовай пенсіянеркі з’яляецца ўласны агарод. На некалькіх сотках поля Алены Нікадзімаўны паспелі ўжо клубніцы, пачаў жаўцець азімы часнок, апетытна зелянеюць радкі цыбулі, бацвінне бульбоўніку ўжо месцамі схілілася да зямлі. Родных у свой агарод Алена Нікадзімаўна пускае толькі за ўраджаем: паласавацца клубніцамі, накапаць на спробу маладой бульбы і іншае.
– Бульбу я ўжо «падглядвала». Падкапала, выбрала некалькі
большых, прыгатавала, паспрабавала. Смаката, лепш за самую лепшую вяндліну, – адзначае гаспадыня, для якой праца на агородзе, як і ўвогуле праца, з’яўляецца лепшым курортам на свеце.
Сваю «выпрацаваную» на ніве сельскай гаспадаркі пенсію Алена
Нікадзімаўна атрымлівае з 1981 года. Спачатку гэта было 75 савецкіх рублёў, сёння – каля паўтары тысячы рублёў беларускіх. Калі дачка Валянціна папрасіла маму расказаць пра сваю нядаўнюю «падпрацоўку», тая здзіўлена адрэагавала:
– Калі тое было, прайшло можа два месяцы. Засталося некалькі леташніх пляцёнак цыбулі, завезла на ляхавіцкі базар і танна прадала…
Яшчэ больш здзівіўся яе дарослы праўнук, калі даведаўся пра гэты выпадак.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

