Студатрад – працоўнага вопыту гарант. 15 навучэнцаў ЛАКа працуюць на аб’ектах ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна
● Студатрад аграрнага каледжа падхапіў эстафету трэцяга працоўнага семестра. 15 навучэнцаў ЛАКа працуюць на аб’ектах ААТ «Жарабковічы»

Некалькі дзясяткаў хвілін на афармленне дакументаў,
і з 13 ліпеня адлік самастойных працоўных будняў пачаўся
для 15 трэцякурснікаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Юнакі і дзяўчаты ў складзе студатрада імя Героя Савецкага Саюза
Марыі Барысаўны Осіпавай будуць працаваць у якасці падсобных рабочых на малочнатаварных фермах ААТ «Жарабковічы». Будучыя спецыялісты-аграрыі змогуць датыкнуцца да сваёй будучай прафесіі, папрацаваць дзеля сваёй будучыні, а яшчэ – зарабіць самастойныя грошы, якія, як сцвярджаюць самі студатрадаўцы, дакладна не лішнія.
А сельгаспрадпрыемствы заўжды рады такім памочнікам.
Як і ў мінулым стагоддзі, для нашых маладых сучаснікаў трапіць у студэнцкі атрад – ганарова. Гэта не толькі выдатная магчымасць зарабіць уласныя грошы, але і прынесці карысць грамадству, адчуць сябе яго важнай часткай. Менавіта ў студатрадах юнакі і дзяўчаты засвойваюць шэраг прафесій, а яшчэ знаходзяць новых сяброў. Задача дарослых – падтрымаць імкненне моладзі працаваць.
Працоўны семестр
Лета ў разгары. Што юнакі і дзяўчаты могуць занесці сабе ў працоўны залік?
– Прадпрыемствы і арганізацыі раёна з канца мая па кастрычнік прымаюць у сябе студатрады. Пачаткам сёлетняга працоўнага семестра стаў красавік, калі першы студатрадаўскі дэсант у складзе 26 першакурснікаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа высадзіўся ў лясгасе. У маі атрад «Сузор’е» імя Кацярыны Кузьмінічны Інтарынавай, у складзе якога будучыя ветфельчары, набіраўся прафесійнага вопыту на авечкаферме ААТ «Жарабковічы». Эстафету працоўных будняў падхапілі будучыя педагогі – на другой змене ў летніку «Чайка» клапаціліся, каб хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава і весела, восем удзельнікаў студэнцкага педагагічнага атрада «Партызанская іскра» імя Героя Савецкага Саюза Таццяны Мікалаеўны Барамзіной. Яшчэ два педагагічныя атрады запланаваны на 4 і 5 змены ў лагеры. З 20 ліпеня працоўная дзесяцідзёнка пачнецца для студатрадаў, якія запрасілі да сябе ААТ «Нача», «Шлях новы» і СВК «Ляхавіцкі». Кансервавы завод прыме працоўную вахту юнакоў і дзяўчат у верасні, – удакладняе першы сакратар райкама БРСМ Карына
Кузьміч.
Другасная занятасць
каляджан і школьнікаў
Як ужо адзначалася, магчымасць працаваць у час канікулаў маюць не толькі студэнты, але і школьнікі. Самы час, каб пагаварыць пра другасную занятасць непаўналетніх.
– Юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 гадоў і старэйшыя – навучэнцы школ і агракаледжа – могуць зарабляць грошы ўласнай працай у межах другаснай занятасці. Сёлета запланавана задзейнічаць 250 непаўналетніх (з ЛАКа і ўсіх школ раён, акрамя Тухавіцкай і Крывошынскай), 142, дарэчы, паспелі папрацаваць. Перавагу ў магчымасці зарабіць уласныя грошы атрымліваюць, у тым ліку, падлеткі са шматдзетных і неўладкаваных сем’яў, тыя, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку. Рабяты задзейнічаны на добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый, рамонце мэблі і кніг, займаюцца навядзеннем парадку на тэрыторыі брацкіх магіл, замацаваных за ўстановамі адукацыі. Акрамя таго, вядзецца і індывідуальнае працаўладкаванне за кошт сродкаў прадпрыемстваў. Сямёра непаўналетніх працуюць у якасці падсобных рабочых у ААТ «Нача», «Шлях новы», СУП «Белазем’е», КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Другі год запар і ў Ляхавіцкім раёне рэалізуецца акцыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны «Час добрых спраў»: у ліпені – жніўні каля 10 непаўналетніх часова працаўладкуюцца ў ТЦСАН. У іх абавязкі будзе ўваходзіць навучанне наведвальнікаў цэнтра камп’ютарнай грамаце і дапамога ў арганізацыі культурна-масавай работы сярод наведвальнікаў, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Гатоўчыц.

І праца, і адпачынак
Яшчэ адна запатрабаваная форма працаўлад-
кавання падлеткаў і моладзі – лагеры працы і адпачынку. У аддзеле па адукацыі райвыканкама паведамілі, што сёлета дзейнічаюць тры такія летнікі: у чэрвені атрад базіраваўся ў СШ № 1, у ліпені – у гімназіі, у жніўні – у СШ № 1. Кожная змена доўжыцца, як і ў аздараўленчым лагеры, 15 дзён, колькасць адпачываючых – 10 чалавек ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў.
– Наш атрад «Імпульс» пачаў сваю работу 6 ліпеня і прадоўжыць да 22 ліпеня. Заключаны дагавор з КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» на работы па добраўпарадкаванні. Гімназісты наводзяць парадак на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрнай забудовы горада. Працуюць у першай палове дня з 9 да 13 гадзін, у другой змястоўна праводзяць вольны час. У прыватнасці, у межах прафарыентацыі наведалі прадпрыемствы і арганізацыі горада. Для гімназістаў арганізавана трохразовае харчаванне. Бацькоўская даплата складае ўсяго 37,4 рублі за змену, – адзначае дырэктар лагера Паліна Белавус.
Адна з адпачываючых у «Імпульсе» – Віялета Мятко дзеліцца ўражаннямі ад працоўнага летніка:
– Жыву ў адным з дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, і на мінулым тыдні мы тут вырывалі траву ў двары, на аўтастаянках. Важна бачыць вынікі сваёй працы і адчуць, што прыносіш карысць гораду і гараджанам. А яшчэ ганаруся сабой, бо зрабіла важны крок да сваёй мары – зарабляю грошы ўласнай працай, нават запланавала, што куплю ў першую чаргу. У нас дружны і працавіты атрад. Нам весела і адпачываць разам, тым больш, што праграма адпачынку разнастайная. Асабліва запомнілася экскурсія па алеі памяці ў гарадскім парку каля плошчы Перамогі і прафарыентацыйнае мерапрыемства ў судзе. Лічу, мне пашанцавала трапіць у лагер працы і адпачынку.
Галіна КАНЬКО.

