Дзяўчаты. Жніўны сезон

Працавітыя, рашучыя і ўпэўненыя ў сваіх сілах – такія яны,
нашы камбайнёркі. Сёлета на жніўных палях Ляхавіччыны працавалі чатыры сямейныя экіпажы, палова з якіх – жаночая.
Дзясяты год побач з бацькам на ўборачнай кампаніі ў СВК «Ляхавіцкі» паказвае майстар-клас інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ляхавіцкага лясгаса Марта Граблюк.

У зладжаным сямейным і спрацаваным жніўным экіпажы Каралёвых
з ААТ «Жарабковічы» Анастасія – не проста любімая жонка, але
і калега, на якога можна ва ўсім разлічваць.

А па-за межамі жніва Насця – вартаўнік у гаспадарцы. Яшчэ дзве нашы зямлячкі ўпершыню паспрабавалі сябе ў ролі камбайнераў. Яна Войтуль часова перакваліфікавалася з жывёлавода ў камбайнеры, каб дапамагчы брату, і сёння іх экіпаж – сярод лідараў на жніўнай дошцы гонару ў маладзёжна-сямейным заліку.

А навучэнка Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну
Ганна Кудравец стала надзейнай падтрымкай для бацькі-камбайнера.
І няхай спякотнае сонца дадало знешнасці нашых дзяўчат крыху больш цёмнага колеру, чым планавалася, а пра манікюр давялося забыць, усё гэта – дробязі ў параўнанні з хлебным морам, якое яны стварылі за некалькі тыдняў штодзённай працы ў полі. На рахунку дзяўчат і іх моцнай паловы – больш за 4 500 тон намалочанага хлеба.