Педсавет раённага маштабу. Педагогі Ляхавіччыны ў мінулую сераду сабраліся на традыцыйны жнівеньскі педагагічны форум

Своеасаблівую справаздачу перад новым 2025/2026 навучальным годам трымалі настаўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі, якія ў мінулую сераду сабраліся на традыцыйны жнівеньскі педагагічны форум.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

ВЫСТАВА НА ІНАВАЦЫІ БАГАТАЯ

Гарадскі Дом культуры гасцінна сустракаў прадстаўнікоў педагагічных калектываў раёна. Як заўжды, дружная настаўніцкая сям’я Ляхавіччыны прадэманстравала інавацыйны падыход у арганізацыі і правядзенні раённага жнівеньскага педсавета. І гэта стала відавочным яшчэ падчасвыставы-прэзентацыі. Кожны адрас – справаздача замінулы навучальны год.

Ляхавіцкі раён адзіны на Брэстчыне, дзе ёсць усе прыступкі «Школы міру»: дашкольнаяўстанова (дзіцячы сад № 1),школа (Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча) і сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова (аграрны каледж). Прыгожая форма, адметная выпраўка вылучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца ў класах і групах ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Упершыню на раённы настаўніцкі форум запрошаны прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі, якія атрымалі статус педработнікаў.

ПРА ДАСЯГНУТАЕ І ЗАДАЧЫ НА НОВЫ НАВУЧАЛЬНЫ ГОД

Пасля першых гукаў урачыстых мелодый, цёплых і шчырых слоў вядучых галоўная ўвага прысутных сканцэнтравалася на тых, пра каго асабліва клапоціцца дзяржава, – падрастаючым пакаленні. Педагогаў пранікнёна віталі навучэнцы класаў і груп ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Надзвычай хваляваліся і навабранцы, тыя, хто 1 верасня ўпершыню ўвойдзе ў клас у якасці настаўніка.

У гэтым навучальным годзе педагагічнае папаўненне –гэта 14 маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў калектывы гарадскіх і сельскіх школ, дзіцячых садкоў. Для іх гучалі словы віншаванняў, наказы і шчырае запрашэнне ў вялікую настаўніцкую сям’ю.

Далей настаў час для сур’ёзнай работы. Дакладней, канструктыўнай размовы па актуальнай тэме «Прафесійны дыялог: павышэнне якасці адукацыйнага працэ-су ва ўмовах сучасных выклікаў». Да сваіх калег з прывітаннем з нагоды новага навучальнага года і пажаданнямі плённай працы, рэалізацыі творчых планаў, добрых пачынанняў звярнулася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік. Размова пачалася з дашкольнага выхавання. На Ляхавіччыне дзейнічаюць 16 дзіцячых садоў, якія наведваюць 655 выхаванцаў, і ў якіх працуюць 129 педагагічных работнікаў. Значная ўвага ва ўстановах дашкольнай адукацыі надаецца патрыятычнаму, экалагічнаму выхаванню, стварэнню здароўезберагальных умоў. У раёне прадаўжаецца работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. У мінулым навучальным годзе дзевяць школ раёна паспяхова прайшлі працэдуру пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі. У гімназіі, СШ № 1 і № 2 рэалізоўваліся эксперыментальная і інавацыйная праграмы, а ў гэтым навучальным годзе будзе ўключана ў такую дзейнасць і Малагарадзішчанская СШ. Удасканальваецца прафарыентацыйная работа, пашыраюццаяе формы. Марыя Саракавік адзначыла, што асаблівая ўвага надаецца рабоце педагогаў з матываванымі навучэнцамі, і падкрэсліла, што патэнцыял як педагогаў, так і школьнікаў значна вышэйшы, і яго неабходна выкарыстоўваць. Выхаваўчая работа – не менш важны складнік. У школах раёна рэалізуюцца разнастайныя рэспубліканскія патрыятычныя праекты, рабяты розных узростаў актыўна займаюцца валанцёрскай і даследчай справай. У цэнтры ўвагі і працаўладкаванне непаўналетніх у вольны ад вучобы час і ўвогуле арганізацыя вольнага часу падлеткаў. Значная ўвага ў дакладзе адведзена ўдасканаленню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, фарміраванню даступнага асяроддзя, наяўнасці спецыяльна абсталяванага транспарту і іншаму.

ДЗЕЛІМСЯ ВОПЫТАМ

Сваімі напрацоўкамі і сучасным бачаннем адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў падзяліліся прадстаўнікі педагагічных калектываў. Пра сучасныя падыходы і асноўныя напрамкі выхаваўчай работы ў дашкольнай установе расказала загадчык дзіцячага сада № 1 Алена Чарняк. У выступленні дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталлі Пішч размова ішла пра міжведамаснае супрацоўніцтва ў сферы абароны правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Зацікаўлена аўдыторыя слухала дырэктара Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірыну Прыступа-Юнік, якая падрабязна спынілася на плённым супрацоўніцтве каледжа і ўстаноў адукацыі Ляхавіччыны.

ДЗЯКУЙ, ПЕДАГОГІ!

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз назваў прафесію педагога адной з самых важных, бо ад мудрасці настаўніка, яго педагагічнага таленту, вытрымкі і тактоўнасці, мабільнасці і творчага пошуку залежыць, якім будзе заўтра нашай краіны. Сваім прыкладам педагог выхоўвае і вучыць падрастаючае пакаленне.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч пажадаў настаўнікам здароўя, цярпення ў нялёгкай і адказнай справе. Вялікая плеяда педагогаў была ўзнагароджана Граматамі і Падзячнымі пісьмамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, райвыканкама і райсавета, прафсаюзных арганізацый.

Пераходны кубак і Падзячнае пісьмо аддзела па адукацыі за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі сёлета ўручаны гімназіі.

Запамінальным акордам свята стала канцэртная праграма.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.