Хто адказны за дамафон? «ЛВ» звярнуўся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Ляхавіцкага райвыканкама

З чарговай хвалюючай праблемай на гарачую лінію «ЛВ» звярнулася ляхавічанка. Справа ў тым, што ў шматкватэрным доме, дзе жыве жанчына, зламаўся дамафон.
Цяпер дзверы пастаянна лязгаюць, чым ствараюць нязручнасці жыльцам. Для вырашэння праблемы ляхавічанка звярнулася на адзіны нумар дыспетчарскай службы 115. Ёй патлумачылі, што ЖКГ
не займаецца рамонтам дамафоннай сістэмы. Аднак ляхавічанка
не згодна з такім адказам, маўляў, у жыроўках ёсць аплата за тэхнічнае абслугоўванне.
Каб разабрацца ў сітуацыі, «ЛВ» звярнуўся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама:
– Устаноўкай і рамонтам дамафоннай сістэмы ў шматкватэрніках займаецца спецыялізаваная арганізацыя. Паміж ёй і гаспадарамі кватэр заключаецца дагавор на ўстаноўку дамафонаў і іх далейшае абслугоўванне на платнай аснове. Такім чынам, арганізацыі, якія аказваюць паслугі па ўстаноўцы дамафонных сістэм і тэхнічным абслугоўванні ЗПП, абавязаны аказваць спажыўцам (уласнікам ці наймальнікам жылога памяшкання) паслугі па тэхнічным абслугоўванні дамафонаў. Таму неабходна звярнуцца ў арганізацыю, якая займалася ўстаноўкай дамафоннай сістэмы менавіта ў гэтым шматкватэрніку. Згодна з пастановай Савета Міністраў «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» устаноўка і (ці) тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных прыстасаванняў жылога дома адносіцца да дадатковых жыллёва-камунальных паслуг. Таму не ўваходзіць у пералік работ па тэхнічным абслугованні і перыядычнасці выканання работ. Дарэчы, з пералікам работ па тэхабслугоўванні і перыядычнасці іх выканання можна пазнаёміцца ў дадатку да пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, – патлумачыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Галіна КАНЬКО.

