Час духоўнай стваральнасці. У Ляхавіцкім раёне на базе Падлескай базавай школы прайшоў першы раённы праваслаўны фестываль дзіцячай творчасці

У Ляхавіцкім раёне на базе Падлескай базавай школы прайшоў першы раённы праваслаўны фестываль дзіцячай творчасці «Серафімаўскія сустрэчы: час ствараць!»
…Аднак свята пачалося значна раней, калі быў аб’яўлены конкурс
творчых работ, дзе рабяты расказвалі пра веру, служэнне Богу, гаварылі пра памяць, якая ўмацоўвае нас, беларусаў, у еднасці. У сваіх творчых работах школьнікі паглыбіліся ў гісторыю храмаў Ляхавіччыны, знайшлі цікавыя факты з лёсу свяшчэннаслужыцеляў, падзяліліся і сямейнымі традыцыямі. Пранікнёна расказалі пра сваіх мам, у постаці якіх сышліся некалькі вобразаў – захавальніца сямейнага ачага, жанчына-хрысціянка, настаўніца, валанцёр… Канешне, юныя землякі з натхненнем расказвалі пра лёс Серафіма Жыровіцкага.
Сустракала гасцей фестывалю выстава малюнкаў вучняў устаноў аду-
кацыі «Храмы Ляхавіцкага раёна».
На сцэне гучыць шматгалоссе маладзёжнага хору «Элегія», «Дзівосы» – падтрымаць удзельнікаў духоўнага форуму сваёй творчасцю прыехалі калектывы Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа.
– Сёлета фестываль «Серафімаўскія сустрэчы: час ствараць!» прысвечаны гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыне Ляхавіцкага раёна. Творчыя работы натхнёны лёсам ураджэнца падлескай зямлі, навамучаніка зямлі беларускай Серафіма Жыровіцкага. Гэты год пазначаны 125-годдзем з дня нараджэння і 80-годдзем з дня яго пакутніцкай смерці. Падлеская базавая школа і Дараўская сярэдняя школа, Ляхавіцкая СШ № 1 – установы адукацыі, на базе якіх функцыянуюць цэнтры па духоўна-маральным выхаванні. І сёння мы бачым вялікі плён ад іх работы. Фестываль аб’яднаў нераўнадушных людзей – вашы творчыя працы ўражваюць глыбінёй думак, чысці-нёй памкненняў, яны напоўнены гонарам за сваіх землякоў. Гэта вельмі важна, што ў вашых сэрцах жывуць любоў і міласэрнасць, а ў прыярытэце самыя важныя каштоўнасці – мір і сям’я, – вітала ўдзельнікаў фестывалю начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Падлессе – гэта вёска, якая мае адметны твар, а таксама голас, душу. Падлескія землі пад божай апекай Святадухаўскай царквы і заступніка зямлі ляхавіцкай Серафіма Жыровіцкага. Тут нарадзіліся мастак Мікалай Таранда; прафесар, доктар медыцынскіх навук Віталій Ракуць; вучоны-фізік Міхаіл Петух; вядомы савецкі спявак Мікалай Пігулеўскі. Менавіта тут, на падлескай зямлі, стварыў свой знакаміты хор Генадзій Цітовіч.
Немагчыма не натхніцца і не пранікнуцца жыццёвым і духоўным подзвігам Серафіма Жыровіцкага. Яго лёс – прыклад духоўнай сілы, мудрасці. Ён прысвяціў сябе служэнню Богу, а сваё жыццё – людзям, адраджэнню праваслаўя і веры. 28 кастрычніка 1999 года
свяшчэнным Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы Серафім (у міру Раман Шахмуць) быў прылічаны да ліку 23 святых навамучанікаў зямлі беларускай.
Штогод 6 верасня прыхаджане Святадухаўскай царквы адзначаюць Дзень памяці свайго земляка. Ён здзейсніў вялікі духоўны подзвіг і пакінуў пасля сябе добрую памяць. Серафім Жыровіцкі стаў нябесным апекуном і заступнікам зямлі ляхавіцкай і заслужыў павагу пакаленняў за дабрачыннасць, мудрасць і глыбокую веру.
Якія творчыя нумары падрыхтавалі юныя землякі – у кожным важны
духоўны сэнс, урок жыцця, а галоўнае – шчырасць дзіцячай душы.
У працяг свята – адказны і хвалюючы момант: прадстаўленне творчых работ. Пакуль доўжылася творчае спаборніцтва, усіх прысутных запрасілі на майстар-клас «Традыцыйныя танцы Ляхавіцкага раёна».
Фестываль запрасіў да ўдзелу і духоўнай падтрымкі настаяцеля Храма Святога Духа аг. Падлессе іерэя Міхаіла Бруцкага, клірыка храма Узвіжання Святога Крыжа г. Ляхавічы іерэя Максіма Долгага, іерэя храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца Іаана Ніканчука, настаяцеля прыхода Храма Святой Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы пасёлка Садовы Пінскага раёна іерэя Канстанціна Шалудзько.
Ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама вітала ўсіх прысутных намеснік начальніка Ларыса Юшкевіч. Яна адзначыла, што фестываль дапаўняе культурна-духоўную спадчыну раёна, абагачае яго новымі традыцыямі. У памяць пра гэты дзень – каштоўны падарунак – выданне «Храмы Брэстчыны».
– Як члена журы, канешне, мяне ўразілі работы нашых юных землякоў. У дзіцячай душы – столькі хваляванняў пра мір на зямлі, веру ў чалавечую дабрыню. Яны імкнуцца па-свойму трактаваць жыццёвы выбар настаяцеляў храмаў, разважаюць над іх словамі і вучэннямі. Мяне асабліва кранула, як рабяты па-даросламу адчуваюць значнасць і каштоўнасць сям’і, традыцый. Гэта дарагога варта, – адзначыла дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Віншуем пераможцаў конкурсу малюнкаў Валерыю Зянюк
(Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча), Агату Завадскую і Таццяну Арлоўскую (гімназія), Сафію Дзерман (каледж), конкурсу творчых работ Сняжану Гвоздзь (Жарабковіцкая СШ), Ілью Орліка (Падлеская БШ).
Фестываль «Серафімаўскія сустрэчы» – гэта споведзь, якая вяртае нас у вечнае – туды, дзе праўда, чысціня і вера.
Дзіна Ракашэвіч, намеснік дырэктара Падлескай БШ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

