Жыве ў вёсцы ветэран. Лепш любых слоў пра подзвіг расказваюць яго ўзнагароды
Год нараджэння 1925-ы. Аднаго гэтага радка біяграфіі дастаткова, каб зразумець, што ў жыцці чалавека былі вайна і мір. І Перамога, да якой ён, калі гэта пра нашага героя, дакрочыў у стаптаных салдацкіх ботах, змучаны крывавымі баямі, стратай сяброў-аднапалчан, тугой па доме. Ён з тых, хто Перамогу набліжаў, хто яе, па сутнасці, заваяваў. І не па чутках ведае, што гэта такое – Радзіму абараняць. Святая справа патрыёта, і перавага, і доўг.
…Жыве ў вёсцы Шчэрбава ветэран Лука Міхайлавіч Сельмановіч. Чалавек як чалавек, са сваімі звычкамі, з моцным характарам, цвёрдымі перакананнямі і з лёсам, пра які можна здымаць фільм. Дзесяцігадовым хлапчуком застаўся без мамы, у пятнаццаць насцігла вестка пра вайну, у васямнаццаць стаў франтавіком і біў фашыстаў, вызваляў Прыбалтыку, Польшчу, Усходнюю Прусію. Родны брат Леанід загінуў на фронце, другі – Іван – вярнуўся дадому, але ад ваенных ран памёр зусім маладым. А ён, Лука, – шчасліўчык: ад куляў фашысцкіх за спіны аднапалчан не хаваўся – ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, медаль “За адвагу” і іншыя ўзнагароды сведчаць пра гэта, – а застаўся жывым. І кожным днём сваім, кожным учынкам, справамі і словамі быў і застаецца сапраўдным чалавекам. Свае мірныя аўтографы як будаўнік пакінуў у пасляваеннай Аранбургшчыне, а потым вярнуўся дадому і на Ляхавіччыне працяглы час працаваў у абласной бальніцы ”Крывошын”.
І сваю сям’ю, як маленькую дзяржаву, ён бярог, даражыў і даражыць ёю. Светлай памяці жонка Марыя падарыла яму чацвярых дзяцей, якіх вырасцілі-выгадавалі-выхавалі ў любві, але любві строгай. Прывучылі да працы, навучылі жыццёваму закону – быць сумленнымі і чалавечнымі. Гэтае ж дзеці перадаюць сёння сваім дзецям і ўнукам. І ўсе разам яны абавязкова накіроўваюцца па дарагім сэрцу адрасе, дзе іх заўсёды чакае бацька, дзядуля, прадзядуля.
Лука Міхайлавіч ведае галоўную ўмову шчасця – без міру яно немагчымае. У маладосці са зброяй у руках ён гэту ўмову здолеў адстаяць, а потым, пасля вайны, адбудоўваў і ўмацоўваў. Ён і яго пакаленне засведчваюць: любіць Радзіму значыць берагчы яе спакой, каб неба было чыстым. Пад ім, пад бясхмарным небам, светла і радасна жывецца людзям, пад ім спеюць хлябы і яблыкі, дрэвы цягнуцца да сонца і бесклапотна смяюцца дзеці. Вось яно – шчасце.
Нехта верыць складальнікам гараскопаў, што не толькі размяшчэнне зорак, але і пара года, у якую нарадзіўся чалавек, уплываюць на яго лёс, нехта скептычна ўсміхаецца на гэты конт. Наш герой з’явіўся на свет у самым “цэнтры” восені – у пару шчодрую і прыгожую. Лёс не паскупіўся ні на выпрабаванні, ні на падарункі для Лукі Міхайлавіча Сельмановіча. З любоўю да жыцця, з любоўю да людзей сустракае ён кожны новы дзень. Сённяшні – дзень юбілею, прыгожага і важкага. З чым і віншуем нашага земляка, шаноўнага ветэрана вайны і
працы.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
З узнагародай!
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лука Міхайлавіч СЕЛЬМАНОВІЧ – за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з 90-гадовым юбілеем.


