На правым беразе Мышанкі. Кропка на карце: Востраў /фота/

Дарога ўецца доўгай стужкай, то выпростваецца, то выгібаецца. Сонца падсвечвае елкі ў трохвугольных сукенках, паглядаюць дамы рознакаляровымі аканіцамі, коўдры прасторных палёў змяняюць не меншыя дываны лугоў, адна за адной праплываюць вёскі. Нарэшце вось ён – Востраў. Не проста населены пункт на правым беразе Мышанкі, у якога цікавая багатая гісторыя і людзі з іскрынкай, самабытныя, а аграгарадок, цэнтр сельсавета. Сёння без малога паўтысячы чалавек жывуць тут. І сярод іх – цэлы дзясятак шматдзетных сем’яў. Магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, сельскі Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, сярэдняя школа, аптэка, філіял Тухавіцкай школы мастацтваў – такое сельскае жыццё з аграгарадскім камфортам.

А пачыналася вёска, па расказах мясцовых жыхароў, з каваля, які ўцёк ад лютага пана з Гарадзішча. У пошуках волі ні лес, ні непраходныя балоты не сталі перашкодай. Выйшаў бяглец на востраў, што ўтварыўся ў выніку раздваення рэчышча Мышанкі. Так і агнездаваўся тут. Паселішча прыняло і надзейна аберагала і іншых уцекачоў і беглых сялян. Трапіць сюды можна было толькі ў зімовы час ці па рацэ. Пра перасяленцаў гаварылі: “жывуць на востраве”. Упершыню Востраў згадваецца ў дакументах, датаваных 1492 годам як прыватнае ўладанне шляхцічаў Багдановічаў. Пазней яны прадалі яго пану Гаштольду. Такая гісторыя нараджэння населенага пункта.

Больш за 100 гадоў знаходзіцца вёска пад надзейнай аховай святых апосталаў Пятра і Паўла, у гонар якіх тут узведзены праваслаўны храм.

Але і тады, і цяпер тутэйшы люд вызначаецца шчырасцю, неабыякавасцю, залатымі рукамі.  Завітаем у мясцовы СДК, што аб’ядноўвае людзей таленавітых, актыўных і нераўнадушных. Чым толькі не займаюцца людзі творчыя. У клубе маладой сям’і “Іван ды Мар’я” збіраюцца ад малога да вялікага – пяюць, вяжуць, танцуюць. Артыстаў-гумарыстаў народнага тэатральнага калектыву “Вастраўчане” ўсюды сустракаюць з авацыямі. “Запальваюць” яны ад душы! Дапамагае Дому культуры і маральна, і, як кажуць, важка матэрыяльна мясцовае сельгаспрадпрыемства ЗТАА “БелДан”.

– Музычная апаратура, радыёмікрафоны, стойкі, тканіна на касцюмы артыстаў, шматлікія гаспадарчыя прылады і много яшчэ чаго, – пералічвае апошнія падарункі ”БелДана” дырэктар СДК Валянціна Гоўша. – На днях выдзялілі сродкі на будаўнічыя матэрыялы для рамонту бібліятэкі. Свята вёскі праходзіць заўсёды з важкімі сюрпрызамі ад прадпрыемства. Не гаворачы ўжо пра транспарт, які яно заўсёды прадастаўляе для гастрольных паездак самадзейных калектываў. Валянціна Міхайлаўна хваліцца, што са шматлікімі сябрамі Дома культуры (гэта і школа, і дзіцячы сад, і сельвыканкам, і лясніцтва, і ФАП, і многія іншыя) святы праходзяць цікава і ўсякі раз непаўторна.

Пройдземся па вясковых вуліцах. Звычайныя і  ўсё ж асаблівыя, яны бы пралог да найцікавейшых сюжэтаў: за кожнай брамкай, пад кожным дахам – цікавыя лёсы.

Паважанай вастраўчанцы Марыі Арцём  93 гады, і ўсе яны звязаны з вёскай. Тут нарадзілася, тут і замуж пайшла. Успамінае:

– Раней на адным падворку было па 4 хаты, а зараз адна і тая пустая. Расказвае, як прала кудзелю, як хадзіла ў калгас на “бурачкі”, “бульбачку”, паднімала лён. Жылі як усе, працавалі многа і цяжка. Але не падалі духам, падтрымлівалі адзін аднаго. Вайна разарвала, падзяліла на “да” і “пасля” жыццё не толькі Марыі Фёдараўны. Многія вастраўчане змагаліся ў партызанскіх атрадах, былі сувязнымі, дапамагалі народным мсціўцам. На тэрыторыі вёскі дзейнічала падпольная камсамольская група. Сёння як напамін нашчадкам пра герояў, што набліжалі Перамогу, – брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. У 1944 годзе, калі муж Марыі Арцём ваяваў у Чырвонай арміі, яе вывезлі на поўнач.

– Не ведаю за што. Многа тады нашых забралі, большасць адпусцілі. А я паўтара гады з кіркай, тачкай і лапатай у тайзе разгружала вагоны з пяском – пашырала з іншымі жанчынамі чыгунку… Жылі ў бараках, а есці выдавалі колькі заробіш – грамаў 300-400 хлеба і каша прасяная. Толькі хлеб той быў… сцісні ў руцэ і нічога ад кавалка не застаецца…

Сумныя ўспаміны разбаўляюцца радаснымі. Вярнулася дадому, дзе ўжо чакаў муж Фёдар. З ім разам больш за 60 гадоў жыцця не прайшлі, а праляцелі. Вырасцілі сына з дачкой. Зараз яны ўжо клапоцяцца пра маці: паўночнае “падарожжа” не прайшло дарма, ды і ўзрост… Радасць бабулі – унучкі, прыгажуні і разумніцы.

Немагчыма не звярнуць увагу на двор і дом сям’і Зубікаў. Усё тут зроблена з густам і з душой, у кветніку асаблівая прыгажосць. Здаецца, выйшлі з казкі драўляныя фігуры. Гаспадыня дома Наталля з задавальненнем расказвае, што аўтар усяго гэтага – муж Мікалай: вальшчык лесу мясцовага лясніцтва, ён віртуозна валодае бензапілой.

Шчаслівыя разам: двухмесячная Ульяша ціха пасопвае ў калысцы, першакласнік Ваня раніцай з сястрой Насцяй спяшаецца ў школу, з нецярпеннем чакаюць яны прыезду старэйшай Таццяны. Наталля да дэкрэтнага водпуску працавала поварам у сталоўцы на “ БелДане”, зараз частуе смачненькім сваіх дамашніх. Фірменным сакрэтам кексаў падзялілася і з чытачамі раёнкі. Для ласунка спатрэбіцца па адной шклянцы кефіру, цукру, пачак маргарыну, 2 яйкі, ванілін, чайную лыжку соды пагасіць воцатам. Да сумесі дадаць 3 шклянкі мукі і ўсё перамяшаць. Формачкі для выпякання змазаць алеем, 13-15 мінут – і кексы гатовы для дэгустацыі. Можна дабавіць разынкі.

Савецкая, Партызанская, Зялёная, Лугавая, 8 Сакавіка – гэта ўсё вуліцы аграгарадка. На адной з іх сустракаем прывабную рухавую жанчыну – Алену Зенчанку. Ветэран працы, 37 гадоў адпрацавала медсястрой на Тухавіцкім ФАПе. На пенсіі не сумуе – трымае курэй, садзіць агарод.

Леанід Азарчык – дзядуля дванаццаці ўнукаў, мае і праўнукаў. Пяцёра дзяцей не забываюць бацьку, нядаўна дапамагалі капаць бульбу.

– Нягледзячы на летнюю спякоту, ураджай неблагі, – адзначае 82-гадовы бадзёры і энергічны вясковец, які зусім і не выглядае на свой узрост. Сын Анатолій, які завітаў да бацькі, расказвае, што таму любая работа была па плячы. Працаваў і на ферме, і ў будаўнічай брыгадзе гаспадаркі. Тады шмат дамоў узводзілі яны для землякоў.

На два гады малодшая за Леаніда Азарчыка яго сястра Ганна Плаўская, што жыве па-суседству. Больш за тры дзесяцігоддзі адпрацавала на ферме даяркай. Успамінае, як беглі пасля работы ў Дом культуры, як аб’ездзілі з выступленнямі свет-павет. Сёння тры дачкі, двое ўнукаў, праўнук – галоўнае багацце Ганны Плаўскай.
Уладзімір і Таццяна Горбікі ў вёсцы людзі вядомыя. Яна – ветурач мясцовай участковай ветэрынарнай лячэбніцы і па сумяшчальніцтве вясковы стараста, а ён – ветфельчар тутэйшага СВК “Востраў-Агра”. У Таццяны тэлефон не змаўкае, у дамашняй гаспадарцы ўсякае бывае – без кансультацыі не абысціся. Нікому ветурач не адмовіць у дапамозе. Бывае, і ноччу непакояць. Пазнаёміліся сённяшнія муж і жонка падчас вучобы ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, з тых часоў 35 гадоў крочаць разам. Таццяна Мікалаеўна з гонарам дэманструе свой “батанічны сад”, вырашчаны-выпеставаны ўласнымі рукамі. Чаго тут толькі няма: розныя сарты бэзу, вінаграду, шаўкоўніца, туі (гаспадыня іх разводзіць), ядловец, кветкі… Здаецца, каб у сутках было ўдвая больш гадзін, гэтай сям’і іх было б мала. Больш за 70 галоў птушкі плюс яшчэ 2 кароўкі. Завіхаюцца, не стамляюцца гаспадары. А яшчэ паспяваюць з’ездзіць на сустрэчу з аднакурснікамі ў Віцебск, ды і як жа не завітаць на “Слявянскі базар”. Тры сыны з сем’ямі хоць і не жывуць разам, але разумеюць няўрымслівы характар бацькоў, заўсёды спяшаюцца дапамагчы па гаспадарцы. Дарэчы, адзін з сыноў і дзве нявесткі таксама ветурачы.
– Люблю назіраць за вынікамі сваёй працы, натхняюся буйным цвіценнем сада, радуюся, калі паспявае багаты ўраджай. Але галоўны падарунак лёсу – пяць унукаў – тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі”, – прызнаецца Таццяна.
Нямала цудоўных, добрасумленных людзей і дбайных гаспадароў сярод вастраўчан. Майстрыхі, пявунні і музыканты, з асаблівым пачуццём гумару, адносінамі да жыцця.
Жыве ў аграгарадку таленавіты чалавек Ірына Войцік – аўтар гімна прафсаюзаў Беларусі. Ірына Мікалаеўна піша вершы і кладзе іх на музыку. І яны жывуць, землякі іх спяваюць. Слухаеш і абуджаюцца лірычныя ноты, нараджаюцца карціны адна больш маляўнічая за другую. У яе руках баян ажывае, вядзе свой музычны аповед. Да інструмента ў Ірыны Войцік асаблівыя трапяткія адносіны, назіраць за яе ігрой – вялікае задавальненне. А яшчэ яна не можа без сваіх вучняў. Сёння іх ­10. Здаецца, вопыт багаты, але да кожнага занятку настаўніца музычнай школы па класе баяна і кіраўнік вакалу рыхтуецца вельмі старанна. Дарэчы, муж Ірыны Мікалаеўны Барыс Іванавіч шмат гадоў узначальваў мясцовую гаспадарку – ”Шлях да камунізму”, потым стаяў на чале сельсавета.
Альбіна, Усціння і Ясенія – дзеткі-кветкі Ірыны і Артура Гутырчыкаў. Мнагадзетная сям’я жыве ў прасторным утульным доме з усімі выгодамі, што пабудаваў для сваіх работнікаў “БелДан”. Артур працуе ў гаспадарцы вадзіцелем. Дзесяцігадовая Альбіна пяе – заслухаешся. Дзяўчынка наведвае не толькі заняткі ў музычнай школе, але і ў СДК. Усціння падпявае сястры, але вельмі саромеецца – ёй толькі 4 гады. А пра таленты малышкі Ясеніі даведаемся, калі тая падрасце. Усяго месяц назад сваім з’яўленнем малышка прывяла ў захапленне ўсіх родных.
Яшчэ на аднаго жыхара прырасла “БелДанаўская” вуліца – у Ганны і Аляксандра Ягнешак чатыры месяцы назад нарадзіўся першынец Марк. Сям’я ў Востраве за чатыры гады прыжылася: Ганна працавала на “БелДане” ветфельчарам, цяпер – у дэкрэтным водпуску, а муж – заатэхнік.
– Нам пашанцавала атрымаць добраўпарад-каванае жыллё з мэбляй і гарадскімі выгодамі, – не нарадуецца маладая маці. – Ёсць сям’я, дом, работа. Што яшчэ трэба для шчасця?
Востраў. У кожнага ён свой. Не падлічыць, колькі слаўных і добрых людзей тут нарадзілася, знайшло сваё прызванне і сваіх палавінак. А колькі вастраўчан жыве ў розных кутках краіны і ў сэрцах пяшчотна беражэ памяць пра маленькую радзіму, бачыць у снах яе маляўнічыя краявіды. Адна з іх – Таццяна Бялова, вядомая журналістка і кіраўнік кнігавыдавецтва, жыве ў Мінску, але пры першай жа магчымасці прыязджае сюды, у бацькоўскі дом. Каб адчуць свае вытокі, дакрануцца да назаўсёды дарагога. А потым у чарговым выданні прысвяціць свайму Востраву ці Ляхавіччыне, Брэстчыне, дарагой Беларусі шчымлівае прызнанне ў любві.
…Няхай рознагалосы хор дзяцей заўсёды звініць над вёскай, а жыццё працягваецца ва ўдзячных унуках і праўнуках, сённяшніх жыхароў, што будуць з годнасцю пісаць багатую гісторыю Вострава.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Славутасць Вострава – Свята-Петрапаўлаўская царква

Прыгажосць каля мясцовага СДК прыцягвае юных вастраўчан.

Ірына Войцік – вядомы ў музычных колах чалавек.

Гаспадыня аптэкі Юлія Варановіч.

Наталля і Анастасія Зубікі.

Алена Зенчанка

Уладзімір і Таццяна Горбікі.

Гарбузы ўрадзілі на славу, радуецца Іван Лешык.

Дырэктар СДК Валянцина Гоўша дэманструе чамадан, якому 120 гадоў

Брат і сястра - Леанід Азарчык і Ганна Плаўская

One thought on “На правым беразе Мышанкі. Кропка на карце: Востраў /фота/

  • 04/11/2015 в 14:43
    Permalink

    Наш Остров — особенный, неповторимый и самобытный. Одна церковь чего стоит! Наша гордость.Люди трудолюбивые и творческие, самые-самые. Приятно и почётно стать героями «Кропкі на карце». До статьи в газете не задымывалась как-то откуда пошло название деревни. Замысловато. С удовольствием познакомимся с жизнью других «кропак».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *