Дзякуй за пакупку!

Ветлівая ўсмешка, добразычлівасць, стыльная форма сіняга колеру вельмі пасуюць Марыі Стэцко. Са жніўня яна сустракае і абслугоўвае пакупнікоў у райпоўскім магазіне харчовых тавараў аграгарадка Жарабковічы.

Работа ёй да спадобы, хаця выбрала прафесію выпадкова: не прайшла па конкурсе ў ВНУ і па накіраванні райпо паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж на спецыяльнасць “камерцыйная дзейнасць”. Пасля заканчэння вучобы трэці год працуе прадаўцом.

– Работа не простая, але вельмі цікавая. Паспела вывучыць звычкі і густы амаль усіх пастаянных пакупнікоў. Прыемна бачыць, як людзі прыслухоўваюцца да маіх парад, застаюцца задаволеныя пакупкай, – расказвае дзяўчына.

Справы ладзяцца, тым больш працуе Марыя разам з больш вопытнай загадчыцай магазіна Наталляй Гірс. Стараюцца, каб усё было на вышэйшым узроўні. Тым больш, што даводзіцца канкурыраваць з іншымі гандлёвымі кропкамі (акрамя райпоўскага тут працуюць прыватны магазін і фірменны – мясцовай гаспадаркі).

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *