Рахункі восені. Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна за 9 месяцаў

Дзевяцімесячны адрэзак шмат у чым паказальны і найбольш блізкі ”прыпыначны пункт” на шляху да падвядзення гадавых вынікаў работы прадпрыемстваў. У найбольшай ступені сказанае характэрна для арганізацый-сельгасвытворцаў, самы прадукцыйны перыяд дзейнасці якіх прайшоў ужо, а апошні квартал года – не той час, калі можна істотна падняць свае эканамічныя паказчыкі. А, напрыклад, для камунальнікаў бачыцца адваротная сітуацыя, паколькі тэмпературны мінус за акном аўтаматычна з’яўляецца іх вытворчым плюсам. Тым не менш, на падставе вынікаў дзевяцімесячнай работы з дапушчальнай пагрэшнасцю можна меркаваць і аб магчымых гадавых эканамічных здабытках раёна.

Вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў 2015 года было прысвечана кастрычніцкае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба адзначыла, што, за выключэннем асобных, прадпрыемствы раёна ў існуючых эканамічных умовах спрацавалі нядрэнна. Заработная плата выплачваецца своечасова і, зыходзячы з магчымасцяў, павялічваецца. Прадпрыемствы імкнуцца не дапускаць скарачэння колькасці і няпоўнай занятасці работнікаў, забяспечваюць атрыманне прыбытку, плануюць мадэрнізацыю вытворчасцяў з мэтай павелічэння прадукцыйнасці працы, паляпшэння якасці прадукцыі і пашырэння яе асартыменту.

Актуальнасць тэмы мадэрнізацыі можна і трэба разглядаць з улікам экспартных магчымасцяў такога кшталту вытворчасцяў. Сказаць “абнаўленне старога” ў адносінах ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” будзе вельмі сціплай ацэнкай. Варта гаварыць пра будаўніцтва новага ў адпаведнасці з сучаснымі стандартамі завода. І сёння іменна прадукцыя льноперапрацоўшчыкаў з’яўляецца адным з асноўных экспартных тавараў раёна, а завод – крыніцай прыцягнення ў раён валютнай выручкі. Так, у бягучым годзе прадпрыемства выручыла больш за мільён долараў ЗША. З Задвор’я транзітам праз Літву экспартны вектар дацягнуўся да Кітая. Прадпрыемства дакладнае ў абслугоўванні сваіх фінансавых абавязкаў, добраўпарадкуе тэрыторыю, працуе над пытаннем павышэння прадукцыйнасці новага цэха, іншае.

Яшчэ адным прыкладам сучаснай вытворчасці можа паслужыць ТАА “ТМТ”. Ліццё па так званых газіфікаваных мадэлях з’яўляецца новай вытворчасцю не толькі для Ляхавіччыны, але і ў цэлым для краіны. Пабудаваны фактычна з нуля і на прыватныя сродкі цэх сёння дае работу больш як сямі дзясяткам чалавек. Яго прадукцыя, пераважна, з’яўляецца таварам экспартным. Як прагучала ў ходзе абмеркавання тэмы, гэтага тавару ТМТ вырабіла на сотні тысяч долараў. Акрамя таго, замежнага спажыўца знаходзяць і інжынірынгавыя паслгі прадпрыемства. А з улікам таго, што ляхавіцкія ліцейшчыкі плануць расшырацца, колькасць працоўных месцаў і выручаных сродкаў можа быць і большай.

Але не ўсе нашы экспарцёры могуць пахваліцца аналагічнай стабільнасцю спраў на знешніх рынках. Напрыклад, цвёрды, здавалася б, экспарцёр у асобе ЗТАА “БелДан” сёлета не адправіў за межы краіны ні кілаграма свініны. Адбылася пераарыентацыя рынкаў – з замежнага на ўнутраны. Больш кароткім, у параўнанні з мінулым годам, стаў экспартны вектар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ТАА “Трансэлектракамплект”. Пры гэтым, з названымі прадпрыемствамі злосны эканамічны жарт сыграла дэвальвацыя расійскага рубля.

Прыкладна на 15 працэнтаў меншым у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года складваецца пакуль і агульнараённы экспарт тавараў. Але за рамкі імпарту раён не выйшаў: сальда мае станоўчы знак і раўняецца прыкладна мільёну долараў.

А вось па тэмпах росту экспарту паслуг Ляхавіччына за 9 месяцаў выйшла ўжо на гадавы прагноз.

З прамыслоўцаў раёна толькі малочны і льнозавод нарасцілі сёлета аб’ёмы вытворчасці сваёй прадукцыі (адпаведна, на 5 і на 77 працэнтаў да ўзроўню 2014 года). Камунгас, торфабрыкетны і кансервавы заводы па паказчыку індэкса фізічнага аб’ёму ў мінусе.

Па стане на 1 кастрычніка, на складах прампрадпрыемстваў раёна знаходзілася прадукцыі на суму 14,5 мільярда рублёў – роўна трэцяя частка сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. З пачатку года кошт запасаў павялічыўся на 1,3 мільярда рублёў, іх узровень – на 1,1 працэнта. Самымі “шырокімі” складамі валодае кансервавы завод –  60 працэнтаў раённых запасаў. У адпаведнасці з заданнем, “склад” не павінен перавышаць 49 працэнтаў месячных аб’ёмаў выпуску прадукцыі.

Сутнасцю любога камерцыйнага пачынання з’яўляецца атрыманне прыбытку. На яго “завязаны” фактычна ўсе абавязковыя адлічэнні, магчымасці развіцця прадпрыемства, памер заробкаў. За студзень-верасень намінальная сярэднямесячная заработная плата ў раёне склала 5 мільёнаў 102 тысячы рублёў. Гэта на 10,4 працэнта больш аналагічнага леташняга паказчыка, аднак, некалькі недацягвае да прагнозна закладзенай велічыні. Рэальная заработная плата па раёне знізілася ў параўнанні з мінулым годам на 3,5 працэнта.

У спісе праблемных пытанняў значацца беспрацоўе і вымушаная няпоўная занятасць, што мела месца на некаторых прадпрыемствах. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя па стане на 1 кастрычніка складае 1 працэнт. На названую дату на ўліку знаходзілася 109 беспрацоўных – плюс 38 чалавек у параўнанні з пачаткам года.

На розных этапах студзеня-верасня  7,7 працэнта спісачнай колькасці работнікаў працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці. У той ці іншай ступені ў гэтай незайздроснай ролі аказваліся больш за 600 чалавек. Сярод арганізацый, дзе практыкавалася або працягвае практыкавацца падобнае, – камунгас, ПМК-17, ПМК-13, торфабрыкетны завод, гідравузел “Шчара”, лячэбна-вытворчыя майстэрні “Крывошын”.

Дарэчы, ПМК-17 і ЛВМ “Крывошын” значацца таксама і ў спісе чатырох стратных прадпрыемстваў раёна. Кампанію ім складаюць філіял “Брэст” ЗАТ “Дабраном” і ЗАТ “Белпрампрыбор”. У дачыненні апошняга намеснік старшыні райвыканкама ўдакладніла: “Па выніках года будзе рэальны падрахунак”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *