Лекары душы

У любую пару года, у любое надвор’е  тэрыторыя гэтай медыцынскай установы ў вёсцы Крывошын у ідэальным парадку. Гэта вынік укладзеных у рамонт дзяржаўных сродкаў і справы рук калектыву абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”.  Яе гісторыя пачыналася ў верасні   1944 года: тут была адкрыта бальніца на 15 ложкаў, цяпер іх – 195, але былі часы, калі колькасць пацыентаў даходзіла  да 800. Сёння ў пяці аддзяленнях псіхіят-рычна-наркалагічную дапамогу аказваюць жыхарам Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Бярозаўскага і іншых раёнаў.  Больш за 40 гадоў звязаны з бальніцай лёс яе галоўнага ўрача Валянціна Млынчыка. Ён трапіў сюды яшчэ ў   1968 годзе: пасля заканчэння Брэсцкага медвучылішча размеркаваўся медбратам. Пазней вярнуўся ўрачом з дыпломам Гродзенскага медінстытута і сямейным чалавекам (жонка таксама працавала ўрачом).

Думаў, за некалькі гадоў набяруся вопыту і пераеду ў Пінск.Тым больш, што прапаноўвалі. Выйшла па-іншаму. Безумоўна, былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць. Але іх у сотні разоў менш, чым прыемных. Тым, як рэалізаваўся ў прафесіі, задаволены.

– Мне пашчасціла працаваць, сталець і набірацца вопыту ў цудоўным калектыве, – расказвае Валянцін Васільевіч.

Пра сваіх калег гаворыць з нязменнай павагай. Сёння з 207 чалавек 50 па ўзросце пенсіянеры, але прадаўжаюць працаваць – знайсці ім замену цяжка. Пад кіраўніцтвам Валянціна Васільевіча працуюць 14 урачоў, 59 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу, а яшчэ санітары, работнікі харчаблоку, вадзіцелі, падсобныя работнікі. Амаль усе яны жывуць у Крывошыне, суседніх Ліпску, Заліпенні, Шчэрбаве, Галаўнінцах, Каўпаках, ёсць і тыя, хто ездзіць з райцэнтра. Першы памочнік галоўнага ўрача – яго намеснік Інэса Бурчыц. Нягледзячы на малады ўзрост, яна – сапраўдны прафесіянал.

Пацыенты тут асаблівыя, іх боль, у асноўным, не фізічны, а душэўны. Таму добрае слова, уважлівыя адносіны, спачуванне для іх надзвычай важныя. Больш за 30 гадоў стаж медсястры ў Ганны Фармага, Валянціны Буйкевіч, Ірыны Гатоўчыц, Аляксандры Гатоўчыц, Вольгі Гатоўчыц, і ўвесь гэты час яны працуюць у Крывошынскай аблпсіхбальніцы.

– Як сёння памятаю свае першыя самастойныя дні работы працэдурнай медсястрой. Прыйшла сюды ў 1979 годзе пасля заканчэння Баранавіц-кага медвучылішча. Мяне падбадзёрвалі, падтрымлівалі больш вопытныя калегі. Практыка была сур’ёзная:даводзілася рабіць па 130 ін’екцый у дзень, – успамінае старшая медсястра 5-га аддзялення Ірына Гатоўчыц. Дарэчы, яе сын Уладзімір пайшоў па слядах маці, таксама медык, працуе фельчарам-лабарантам у Баранавіцкай бальніцы.

Кола абавязкаў старшай медсястры аддзялення шырокае – арганізацыя работы падначаленых, выдача медыкаментаў, кантроль за захаваннем санэпідрэжыму і многае іншае. За высокі прафесіяналізм, адданасць прафесіі, прозвішча Ірыны Гатоўчыц сярод лепшых працаўнікоў Ляхавіччыны занесена на раённую Галерэю славы.

Пра яе як сапраўднага прафесіянала гаворыць і галоўная медыцынская сястра бальніцы Ніна Сташук, якая на гэтай пасадзе 33 гады. Для карэспандэнтаў “ЛВ” яна правяла невялікую экскурсію.

– Паглядзіце,як вакол утульна пасля капітальнага рамонту. Ствараем такія ўмовы, каб хворым было добра. Разумеем, што бальніца не заменіць дом, але ж імкнёмся наблізіцца да гэтага.Нямала пацыентаў праходзіць лячэнне ў нас па 10-15 разоў. Клапоцімся пра іх, як пра сваіх, – расказвае Ніна Пятроўна. Галоўная медсястра ўпэўнена, што стварыць такую атмасферу ўдалося ў многім дзякуючы прафесіяналізму, ініцыятыўнасці, энергічнасці і прынцыповасці Валянціна Млынчыка.Міласэрнасць, добразычлівасць, шчырасць пры гэтым абавязковыя. Персанал вельмі чалавечны. Нясуць з дому пачастункі для хворых, асабліва каго рэдка наведваюць. Знаходзяць хвіліну-другую, каб пагаварыць з пацыентамі па душах.

–Мне тут падабаецца. Урачы і медсёстры ўважлівыя, санітары, з якой просьбай не звернешся, заўсёды дапамогуць. І кормяць добра. Лячылася ў іншых бальніцах – тут намнога лепш, – расказвае 68-гадовая Тамара Уладзіміраўна. Яе падтрымлівае і суседка па палаце Алена Канстанцінаўна.

Не сакрэт, што многія тутэйшыя пацыенты з-за сваёй хваробы ці з-за людской абыякавасці і жорсткасці адзінокія, кінутыя, пры жывых блізкіх. У Крывошыне асаблівы падыход да хворага. Гэта адчуваецца ва ўсім. Адсутнічае спецыфічны пах такіх устаноў, на вокнах няма рашотак, на ложках яркая бялізна, з густам абсталяваны пакоі для адпачынку і сустрэч з наведвальнікамі. Пацыенты могуць не толькі паглядзець тэлевізар, але і пагуляць у шашкі, шахматы, даміно.

Яшчэ адзін бок справы. Працаваць у такой установе – не толькі адказна, але, бывае, небяспечна. Абвастрэнне псіхічнай хваробы, “белая гарачка” – гэта пра тутэйшы кантынгент хворых. Персаналу трэба быць асабліва ўважлівым і пільным. Лечаць не толькі медыкаментамі, але і словам, і дысцыплінай. Як адзначае галоўны ўрач, нават санітар павінен быць крыху псіхолагам: душэўнахворыя, бы дзеці, – адных любяць і, адпаведна, давяраюць, іншых – не…

У кожным аддзяленні ёсць псіхалагічная служба. Псіхолагам працуе Аляксандр Дыдышка – адзін з прадстаўнікоў працоўнай дынастыі. Бацька Аляксей Аляксандравіч – вадзіцель у бальніцы, маці Святлана Антонаўна пачынала тут яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя санітаркай, потым больш за 30 гадоў працавала медсястрой, цяпер – дыетсястра.

–Параіла сыну пасля педуніверсітэта перакваліфікавацца на псіхолага і пайсці працаваць у нашу бальніцу. Ёсць у каго павучыцца, добрая магчымасць удасканаліцца ў прафесіі. І, галоўнае, будзе карысны людзям, – расказвае Святлана Антонаўна.

Працуе тут і сямейная дынастыя Вітко: Васілій Міхайлавіч вадзіцелем, яго жонка Людміла Іосіфаўна ўзначальвае кадравую службу, дачка Ірына – псіхолаг.

Загадчыца лабараторыі Таццяна Уласень прадаўжае справу бацькоў, якія працавалі ўрачамі.

Алена Каспяровіч – тутэйшая, вучылася ў Крывошынскай сярэдняй школе. У 1993 годзе пасля заканчэння медінстытута вярнулася дадому ўрачом. Яна медык у другім пакаленні. Тут працавалі бацькі, цяпер санітарам – брат Юрый.

–Я не проста марыла – дакладна ведала: прафесія абавязкова будзе звязана з белым халатам. Прыклад бацькоў – акалічнасць уплывовая. Бальніца даўно для мяне стала другім домам, – гаворыць Алена Аляксандраўна.

Адна з першых, хто сустракае хворых, афармляе гісторыю хваробы – медсястра прыёмнага пакоя Вольга Гатоўчыц. Працуе тут каля 30 гадоў.

– Школьніцай прыбягала ў бальніцу і назірала, як мама (яна працавала медсястрой) ставіць уколы, раздае таблеткі. Тата доўгі час быў намеснікам галоўнага ўрача па гаспадарчай частцы, – расказвае Вольга Анатольеўна. Сёння побач з ёй працуюць брат і муж.

Працэдурная сястра Юлія Бахметава прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага медкаледжа. Адпрацавала 2 гады і… засталася.

–Мне ў Крывошыне спадабалася. Людзі тут добрыя, ветлівыя, у калектыве ўсе падтрымліваюць адзін аднаго.

…Цікавая акалічнасць.Не мяняецца месца і час сустрэчы з ветэранамі-медработнікамі (цяпер такіх – 214), якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Штогод 14 кастрычніка многія з іх прыходзяць-прыязджаюць сюды, каб пабачыцца са сваімі калегамі, успомніць, пагаварыць і, самае галоўнае, – адчуць, што іх не забылі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны ўрач бальніцы Валянцін Млынчык і галоўная медсястра Ніна Сташук.

Прозвішча Ірыны Гатоўчыц занесена на раённую Галерэю славы.

Урач Алена Каспяровіч.

Святлана і Аляксей Дыдышкі.

Медсястра прыёмнага пакоя Вольга Гатоўчыц.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *