Саламяныя карункі

Вытанчаныя залатыя кветкі, зграбныя капелюшы, арыгінальныя ўпрыгажэнні, самыя разнастайныя цацкі, посуд – чаго толькі ні ўбачыш на выставе работ майстроў саломапляцення. На Ляхавіччыне гэтым відам народнай творчасці захапляюцца многія, але далёка не кожны дасягае такіх вышынь майстэрства, як Надзея Горка і яе дачка Алена Русакевіч.
Алена – дырэктар Дараўскага Дома рамёстваў з самага заснавання ўстановы ў 2007 годзе, яе маці – кіраўнік тутэйшага гуртка саломапляцення. Дарэчы, Надзея Аляксандраўна таксама прафесійны культработнік, больш за   3 дзесяцігоддзі ўзначальвала мясцовы Дом культуры.

Таленавітыя, творчыя, з залатымі рукамі і невычэрпнай фантазіяй, яны здолелі зацікавіць сваім захапленнем і дзяцей, і дарослых. І зусім не дзіўна, што і ў дзевяцігадовай Вікторыі, дачкі Алены, сэрца ляжыць да сямейнай справы. Яна з задавальненнем дапамагае матулі і бабулі абнаўляць экспанаты ў этнаграфічным кутку ў Доме народных рамёстваў, нарыхтоўваць матэрыял для будучых саламяных шэдэўраў, спрабуе сілы ў творчасці.
Часам даводзіцца чуць, што рукадзелле – не самы сучасны варыянт хобі. Але хіба залатыя карункі могуць выйсці з моды?

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Саламяныя карункі

  • 08/03/2016 в 09:16
    Permalink

    Прыгажуні і разумніцы. Цудоўная дынастыя ўмеліц і майстрых!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *