Калі “руліць” дырэктар. Суб’ектыўна-аб’ектыўны погляд на перабудовачныя працэсы, якія адбываюцца сёння ў КСУП “Тальмінавічы”

Новы ”ДжонДзір” даверылі маладому механізатару Сяргею Вашчылку.

У гэтай гаспадарцы ўжо неаднойчы імкнуліся нешта змяніць у арганізацыі вытворчасці, спрабавалі стварыць адпаведныя ўмовы і прымяняць новыя тэхналогіі, але поспехаў гэта не прыносіла. І вось чарговая перабудова. Сельгаскааператыў “Тальмінавічы” набыў новы статус – камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства. З нядаўняга часу сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Біфкам” узяло гаспадарку пад сваю апеку. Дырэктар СТАА “Біфкам” і ўпраўляючы КСУП “Тальмінавічы” Валянцін Умоўскі і з’яўляецца галоўным каардынатарам новых перамен.

Сёння ў Тальмінавічах разам з вясной пачалося абнаўленне, не заўважыць якое немагчыма. Збочыш з шашы ў напрамку вёскі – адкрываецца малюнак, які па вартасці ацэніць кожны селянін: выраўнаваныя палі з дружнымі ўсходамі яравых. Ніякіх агрэхаў, распрацаваны і падсеяны нават “недасягальныя” для тэхнікі ўчасткі ля пабеленых электрычных слупоў, што прыдае агульнаму выгляду яшчэ большую прывабнасць. Культура земляробства прасочваецца і на палях пад Куршынавічамі, дзе пасеяны азімыя і яшчэ свежым выглядае кукурузнае поле. Гэтыя землі летась ляжалі некранутымі, парослымі пустазеллем. Расчышчаны ад зарасніку меліярацыйныя каналы: лішняя вільгаць сышла з палёў і з’явілася магчымасць разараць няўдобіцы і землі, даўно выведзеныя з севазвароту.

Галоўны аграном Валерый Кузняцоў расказаў, што сёлета разарана амаль 600 гектараў папару, на якіх пасеяны аднагадовыя і шматгадовыя травы. Хлебная ніва гаспадаркі – 500 гектараў азімых збожжавых, 800 – яравых збожжавых і зернебабовых культур. Пры падрыхтоўцы глебы да сяўбы за два месяцы ў гаспадарцы вывезлі, раскідалі і зааралі 22 000 тон арганікі. Там, дзе яшчэ нядаўна стаяў разбураны хутар, ляжалі вывернутыя камлі старых яблынь, сёння, як вокам кінуць, апрацаванае поле, пасеяны   71 гектар піваварнага ячменю. Такія хутары ліквідаваны ў Гайнінцы, Тальмінавічах.  Зрэшты наведзены парадак на сметніку, не стала непатрэбных палявых дарог, рамантуецца кантора гаспадаркі.

У дзень, калі газетчыкі наведаліся ў Тальмінавічы, на палях гаспадаркі працавалі 2 кукурузныя сеялкі, 4 пагрузчыкі “амкадор”, 3 грузавікі, на “ДжонДзіры” і “Беларусе 3022” механізатары займаліся сяўбою аднагадовых траў. Яшчэ адзін новенькі “ДжонДзір” таксама быў у рабоце. Экскаватар шчыраваў на раскарчоўцы зарасніку ля пустуючага хутара, яму дапамагаў дыскапак з шасціметровым захопам (адзіны ў раёне агрэгат такога кшталту). Яшчэ адзін “Беларус 3022” заворваў глебу, а 2 былі з прычэпленымі загрузчыкамі насення. На машынным двары віднеліся астатнія “амкадоры”, трактары, касілкі, кормаўборачная і збожжаўборачная тэхніка.

–Гэта не ўвесь наш МТП, – расказвае дырэктар-упраўляючы Валянцін Умоўскі. – Значная яго частка занята на фермах, будоўлях. У наяўнасці 11 “Бе-ларусаў 1221”, 9 – МТЗ-82,  4 адзінкі корманарыхтоўчай тэхнікі, 6 МАЗаў, 5 магутных грузавікоў, КАМаз, бензазапраўшчык, аўтобус для перавозкі людзей, перасоўныя зернесушылкі… Тэхнікі хапае, уся спраўная, шмат новай. Каб прыйшлі да нас на работу дбайныя механізатары, было б вельмі добра. Пакуль мехатрад налічвае каля 20 чалавек, за некаторымі замацаваны па два агрэгаты…

Адчувалася, што гэта сапраўды хвалюючая тэма для гаспадаркі. Дырэктар абяцае і кватэры, і добрую зарплату за эфектыўную працу. Знайшлася б работа і для спецыялістаў, і для жывёлаводаў. Дарэчы, і гэтая сельскагаспадарчая галіна прыбавіла ў вытворчасці прадукцыі.

У самыя гарачыя моманты, калі нестае рабочых рук, Валянцін Умоўскі і галоўны аграном Валерый Кузняцоў самі выводзяць у поле трактары, працуюць побач з іншымі механізатарамі, у полі разам з імі абедаюць.

Давялося пачуць меркаванне вяскоўца, які заўважыў наконт сённяшніх тальмінавіцкіх перамен:

– Усё залежыць ад кіраўніка, як ён сябе павядзе. Калі будзе правільна “руліць” і думаць, не спасуе перад цяжкасцямі, – паднімемся. Яму ўжо сёння плюс, што не хавае перад людзьмі сваёй зацікаўленасці ў тым, каб падняць гаспадарку. І сам не баіцца ніякай работы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *