Тут так здорава і цікава!

Для тых, хто сябруе са спортам, няма ні выхадных, ні канікулаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем праводзяць вольны час у занятках любімым відам спорту. І цудоўна, што нават летам  можна не толькі весела адпачываць, але і прадукцыйна трэніравацца. Менавіта для гэтага створаны ўсе належныя ўмовы ў спартыўна-аздараўленчым лагеры “Колас”, які  восьмы год запар гасцінна расчыняе дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак раёна. Сёлета за 4 змены (кожная доўжыцца 9 дзён) тут адпачнуць 160 юных спартсменаў. Кошт пуцёўкі на адну змену – 188 тысяч рублёў, з якіх  53 тысячы 500 рублёў складае бацькоўская даплата.

Спальны корпус лагера размешчаны непасрэдна ў ДЮСШ, што дазваляе рабятам трэніравацца, адпачываць і жыць у адным месцы.

Падчас 1-й і 2-й змен адпачываючыя харчаваліся 5 разоў на дзень у сталовай САШ №1, а на 3-й  і 4-й зменах і ўвогуле  будуць побач —  у сталовай САШ №2.

11 ліпеня стартавала  3-я змена, у час якой адпачываюць 40 хлопчыкаў і дзяўчынак – у пераважнай большасці гараджане. А вось на 1-й змене было многа юных спартсменаў з  Тухавіч, Ліпска, Свяціцы. “Усе рабяты вельмі актыўныя, ініцыятыўныя, дружныя, спартыўныя (без гэтага ў лагеры ніяк), цікаўныя і гарэзлівыя. Дарослым працаваць з імі адно задавальненне”, — гаворыць вопытны начальнік лагера  Валянціна Русакевіч.  Акрамя заняткаў спортам з трэнерамі (двойчы на дзень у абавязковым парадку праводзяцца вучэбныя трэніроўкі), рабяты ўдзельнічаюць у разнастайных пазнавальных, забаўляльных праграмах і конкурсах.   Запамінальна праходзяць  урачыстае адкрыццё  і  закрыццё змен, конкурсы “Міс лагера” і  “Містэр лагера”,  “Дзень Нептуна”,  гульня накшталт “Зарніцы” – “Разведчыкі”, інтэлектуальныя віктарыны і спартландыі. З цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічаюць  па горадзе і раёне, знаёмяцца з работай устаноў культуры і адукацыі.  Перад рабятамі выступалі супрацоўнікі раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, раённага аддзялення дэпартамента  аховы МУС.

Увогуле цікавага і запамінальнага ў “Коласе” шмат. Нездарма рабяты ў адзін голас сцвярджаюць: “Тут так здорава і цікава!”  Паказальна, што многія  прыходзяць у лагер штогод. Вось уражанні некаторых.

Паліна Пацукевіч (10 гадоў, дзюдо): “Мне падабаецца ў лагеры, сёлета з нецярпеннем чакала чарговай змены. Упэўнена, што нам з сяброўкамі  не будзе часу сумаваць па доме”.

Дар’я Жук (12 гадоў, гандбол): ”Мне падабаецца, бо праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў. І вельмі добрыя выхавацелі”.

Дзмітрый Шпак (13 гадоў, дзюдо): ”У лагеры заўсёды чыста і ўтульна, праводзіцца шмат гульняў, спартландый, а яшчэ можна знайсці новых сяброў”.

Кірыл Шастак (13 гадоў, дзюдо): “Тут класна, шмат часу адводзіцца на трэніроўкі, умовы выдатныя, а самае галоўнае — мы жывём, як дружная спартыўная сям’я”.

Галіна КАНЬКО
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *