Былі і іншыя дарогі, але пайшла ў педагогі

І сёння, амаль праз паўстагоддзя, Вольга Плескацэвіч успамінае, як моцна плакала пасля свайго педагагічнага дэбюту. Тады яна, піянерважатая Сваятыцкага дзіцячага дома , як ёй здавалася, не вельмі добра правяла завочнае падарожжа па “ленінскіх мясцінах”. Дакарала сябе, што ўся гэта ідэя з педагогікай няўдалая, трэба было заставацца даяркай у родных Жарабковічах.
Дарэчы, была і такая старонка ў біяграфіі нашай зямлячкі. У 1961 годзе выпускнікі тутэйшай школы, якія пасля заканчэння дзесяцігодкі не паступілі вучыцца далей, засталіся ў вёсцы і стварылі маладзёжны атрад даярак і дояраў. Цяжкую працу вытрымалі не ўсе, але Вольга не магла падвесці свайго бацьку, у мінулым –  падпольшчыка, барацьбіта за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР Фёдара Шэляха.

…Жыццё яго не песціла: у 7 гадоў застаўся круглым сіратой, якога забраў у сваю сям’ю дзядзька. Працаваць даводзілася многа. Пазнаёміўся з хлопцамі з Жарабковічаў і Гулічаў – навучэнцамі Клецкай гімназіі, якія прыносілі падпольную літаратуру. Яе з захапленнем чытаў і Фёдар. У сакавіку 1936 года яго абралі сакратаром падпольнага райкама КПЗБ. Праз год польская дэфензіва арыштавала падпольшчыка і прыгаварыла да шасці гадоў турмы…
– Была ў яго біяграфіі і Вялікая Айчынная, фронт, медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і іншыя. Пасля вайны працаваў у сельсавеце ў Пад’язаўлі, Жарабковічах, потым да выхаду на пенсію – бухгалтарам у калгасе, – расказвае пра бацьку Вольга Фёдараўна. Вось яго яна і старалася не падвесці.
…За чарговай дойкай Вольгу застаў тагачасны сакратар райкама камсамола Уладзімір Канаплянік і прапанаваў прыехаць у райцэнтр, дзе якраз размяркоўвалі на працу маладых піянерважатых. Яна атрымала накіраванне ў Сваятычы.Тут пасябравала з завучам дзіцячага дома Верай Дыдышка, нядаўняй выпускніцай педінстытута. Лепшымі дарадчыкамі былі калегі Уладзімір Шыловіч, Іван Купрык, Аляксандра Рудкоўская. Да таго ж, перад вачыма быў прыклад Алены Таранда – піянерважатай Жарабковіцкай СШ (потым яна стала Заслужанай настаўніцай БССР). Тут быў і вельмі дружны дзіцячы калектыў. Дарэчы, сярод выхаванцаў актыўнасцю ўжо тады вызначаўся Мікалай Куліцкі.
Праз два гады Вольгу, якая завочна вучылася на філфаку педінстытута, перавялі метадыстам ў Дом піянераў.
Фотаздымак актывісткі, камсамолкі Вольгі Шэлях упрыгожыў нумар газеты “Знамя юности” за 2 ліпеня 1966 года.
– Вельмі хацела быць падобнай на свайго настаўніка Яўгенія Іванавіча Булата. Здавалася, усе творы ён ведаў на памяць, – расказвае Вольга Плескацэвіч.
Вучні, урокі, пазакласныя мерапрыемствы – школьнае жыццё багатае на падзеі. А яна старалася быць у іх гушчыні, імкнулася, каб рабятам было цікава не толькі на ўроках, але і пасля іх. Не стамлялася разам са сваімі вучнямі хадзіць у паходы, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і конкурсах. Граматы і дыпломы Міністэрства адукацыі,
ЦК ВЛКСМ, першая кваліфікацыйная катэгорыя настаўніка – заслужаныя адзнакі за актыўную жыццёвую пазіцыю, грамадскую работу і прафесіяналізм. Была і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Зусім не турбавалася, што з горада ездзіла спачатку ў Цыгань, а потым у Зубелевічы. І, бадай, самае галоўнае: ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай. Асабліва радавалася і ганарылася, калі ўжо яе вучні паступалі ў педагагічны.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак упэўнілася – жыццё не спыняецца, а напаўняецца новымі інтарэсамі і магчымасцямі. Пакуль дазваляла здароўе, замяняла педагогаў-прадметнікаў, спявала ў хоры настаўнікаў.
З’явілася і агульнае з мужам захапленне – агародніцтва. На вуліцы Зялёнай у садовым таварыстве “Дружба” ў Плескацэвічаў дача, дзе вырошчваюць усё, што толькі можна. Яна і сёння, не перастае вучыцца і браць прыклад з іншых: суседка па дачы Тамара Паляшчук адмысловы кветкавод-аматар, у свае 90 гадоў сама ўскопвае градкі.
–У маім жыцці было шмат добрага, хаця сустракаліся і расчараванні, але на тое і жыццё. Калі б нават з’явілася магчымасць нешта памяняць, усё пакінула б як ёсць. У кожнага свой лёс, – сцвярджае Вольга Плескацэвіч.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *