Прыватная справа дзяржаўнай важнасці

Дыплом намесніку старшыні райвыканкама Таццяне Кацуба ўручае старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігар Чарнякоў.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Мінску ўшаноўвалі пераможцаў штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу   Беларусі — 2016”.

Яго арганізатары – Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва пры падтрымцы Мінэканомікі – ставілі мэтай вызначыць тыя рэгіёны краіны, дзе створаны найбольш аптымальныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. Вердыкт журы (а ў яго склад уваходзілі прадстаўнікі бізнесу, банкаў, навукоўцы-эканамісты) прагучаў надзвычай прыемна для нас: лепшым раёнам для бізнесу на Брэстчыне з колькасцю насельніцтва   да 50 тысяч названы Ляхавіцкі.

За апошнія дзесяцігоддзі малы бізнес непрыкметна, але трывала стаў неад’емнай часткай нашага жыцця. Згадзіцеся, гэта зручна, калі “пад бокам” магазін харчовых тавараў і крама розных патрэбных гаспадарчых дробязяў ці, напрыклад, аптэка, рамонт абутку, цырульня… І, па вялікім рахунку, большасці з нас зусім не важна, чыімі намаганнямі такая зручнасць створана. Галоўнае – каб былі асартымент, прымальныя цэны, ветлівы прадавец і майстар, які ведае сваю справу. Не сакрэт і тое, што часцяком менавіта прапановы прадпрымальнікаў выйграюць па многіх са згаданых пазіцый.

Сёння ў раёне зарэгістравана 400 ІП і 127 малых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, у тым ліку 18 фермерскіх гаспадарак. Зараз, па даных аддзела эканомікі райвыканкама, “свая справа” забяспечыла працоўным месцам 1700 чалавек – больш за 18 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы раёна.

Прыватны бізнес на Ляхавіччыне мае шырокую сферу інтарэсаў: ад традыцыйнага гандлю харчовымі і прамтаварамі да вытворчасці прамысловай прадукцыі. Не засталіся без увагі мясцовых бізнесменаў сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка, будаўніцтва, ахова здароўя. За апошнія гады значна павялічылася колькасць прыватнікаў, якія аказваюць насельніцтву самыя разнастайныя паслугі: камп’ютарныя, цырульніцкія, транспартныя (па перавозцы грузаў і пасажыраў), рытуальныя, па рамонце швейных вырабаў і абутку, аўтамабіляў, вырабу мэблі, пластыкавых вокнаў і г.д.

Ужо цяжка ўявіць мясцовае бізнес-поле без ЗТАА “БелДан” (сельгаспрадпрыемства вырошчвае свіней па дацкай тэхналогіі), ТАА “Трансэлектракамплект” (займаецца вытворчасцю электраізаляцыйнай арматуры і аказаннем электрамантажных паслуг), ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” (спецыялізуецца на аўтасэрвісных паслугах, займаецца машынабудаваннем). Далёка за межамі раёна ведаюць прадукцыю ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас” – металічныя накрыўкі для шкляной тары, СТАА “Бляшаначны завод “Інтэрлак”, які сёлета ўдастоены гонару быць занесеным на раённую Галерэю славы. Сярод найбольш буйных фермерскіх гаспадарак – “Уладзімір плюс” і “Даманскае”, якія, акрамя іншага, вызначаюцца і высокай культурай земляробства.

Не так даўно ў раёне зарэгістравана ТАА “ТМТ” (прадпрыемства займаецца высокадакладным ліццём па газіфікаваных мадэлях), а ўжо летась экспарт яго паслуг і тавараў дасягнуў 3 мільёнаў долараў. Наогул, доля ІП і малых прадпрыемстваў у экспарце раёна перавысіла 38 працэнтаў – сур’ёзная лічба! Сярод тых, хто ўнёс у гэта свой уклад, – і прыватныя прадпрыемствы “Ляхавічыдрэў”, “Белпрамтрэйдынг”, “Джэнтры”, якія экспартуюць прадукцыю дрэваапрацоўкі.

Крыху красамоўнай статыстыкі, якой падзялілася намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба. Удзельная вага малых прадпрыемстваў у аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна летась перасягнула 40 працэнтаў, доля падатковых паступленняў ад малога бізнесу складае амаль трэць ад агульнага аб’ёму. А гэта яскрава сведчыць пра далёка не малую ролю прыватнай справы.

І яшчэ для інфармацыі. У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 1,3 працэнта малых прадпрыемстваў вобласці. На іх рахунку – 7,5 працэнта прамысловай прадукцыі, вырабленай прадпрыемствамі малога бізнесу ўсёй Брэстчыны. Такая эфектыўнасць работы – адна з лепшых у вобласці. І як вынік – сярэднямесячная зарплата работнікаў, занятых на малых прадпрыемствах раёна, па статыстыцы лепшая сярод абласных калег.

Працуюць людзі! Але, канешне, і мэтанакіраваную работу мясцовай улады па стварэнні спрыяльнага клімату для развіцця прадпрымальніцтва неда-ацэньваць нельга. Патрабаванне Прэзідэнта ствараць самыя камфортныя ўмовы для інвестараў успрынялі ў райвыканкаме як прамое кіраўніцтва да дзеяння. Аднолькава зацікаўлена прымаюць і прапановы з замежжа, і ініцыятывы тутэйшых бізнесменаў, у тым ліку пачынаючых.

Сёння ў Беларусі зарэгістраваць прыватнае прадпрыемства не ўяўляе ніякай складанасці. Працэдура спрошчана да мінімуму. Маючы неабходныя дакументы, усё гэта можна зрабіць за адзін дзень, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба. – Наша галоўная мэта – развіццё рэгіёна, у тым ліку і за кошт развіцця прадпрымальніцтва. Мы звяртаемся да ўсіх, у каго ёсць цікавыя ідэі, праекты для пашырэння бізнесу: прыходзьце, будзем разам шукаць магчымасці, шляхі фінансавання, у тым ліку льготнага. Не ўсе ведаюць, што банкаўскія ўстановы маюць магчымасць выдзяляць на развіццё бізнесу льготныя крэдыты, прадугледжаныя праграмамі дзяржаўнай падтрымкі  малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Наогул, чым зможам – абавязкова дапаможам.

У тым, што будучыня за развіццём прыватнага бізнесу, намеснік кіраўніка раёна не сумняваецца: ён больш мабільны, хутчэй рэагуе на змены кан’юнктуры рынку, больш аператыўна можа перапрафілявацца. Таццяна Кацуба падкрэслівае, што пачынаючых бізнесменаў ці тых, хто жадае арганізаваць свой бізнес у нашым раёне, члены савета па развіцці прадпрымальніцтва (структура створана ў раёне ў 2012 годзе) гатовы літаральна за руку вадзіць па ўсіх службах, з якімі неабходна вырашыць арганізацыйныя пытанні. І такі нестандартны падыход відавочна дае вынікі.

Руку дапамогі пачынаючым бізнесменам гатова працягнуць і служба занятасці. Летась, напрыклад, трое беспрацоўных атрымалі субсідыі з фонда сацыяльнай абароны насельніцтва для арганізацыі ўласнай справы (двое нашых землякоў вырашылі займацца рознічным гандлем, яшчэ адзін – тэхабслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў). І няхай размова не ідзе пра нейкія надзвычай вялікія сумы, але такі стартавы капітал для адкрыцця сваёй справы лішнім не будзе. Тым больш, вяртаць гэтыя грошы дзяржаве не давядзецца, галоўнае – выкарыстаць па мэтавым прызначэнні.

Дарэчы, магчымасць атрымаць такую дзяржаўную падтрымку ёсць і сёлета: гараджане могуць прэтэндаваць на 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (на сённяшні дзень каля 1,8 тысячы рублёў, вяскоўцы – на 15 БПМ (каля 2,5 тысячы рублёў). Каб  арыентавацца: да дэнамінацыі сума складала адпаведна больш як 18 і 25 мільёнаў рублёў.

Акрамя таго, як расказала загадчыца сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, ёсць магчымасць за кошт бюджэтных сродкаў прайсці навучанне па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. Летась ёю скарысталіся двое нашых землякоў: вывучалі азы бухгалтэрыі і падаткаабкладання, бізнес-адміністравання, распрацоўвалі бізнес-планы і г.д.

На працягу года служба занятасці трымае новаспечаных бізнесменаў пад асаблівым кантролем, а далей –  вольнае плаванне. Складваецца яно, канешне, па-рознаму. Але, як прыгадала Ірына Пабягайла, ёсць нямала прыкладаў, калі такое плаванне аказваецца даволі паспяховым. Нашы землякі, якім калісьці выдзялялі дзяржаўную субсідыю на адкрыццё сваёй справы, сёння сур’ёзна “разгарнуліся” ў сферы транспартных перавозак, камп’ютарных паслуг і г.д. А такія паслугі, згадзіцеся, для ляхавічан зусім не лішнія. Як і многія іншыя.

Святлана БЕЛЬМАЧ.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *