Ягадка да ягадкі. Сезон нарыхтовак у разгары. Але варта памятаць, што збіраць дары лесу трэба без парушэння прыродаахоўнага заканадаўства

Гэтым часам асабліва дбайныя не толькі робяць нарыхтоўкі садавіны-агародніны на зіму, але  маюць на гэтым  хоць і невялікую, але прыбаўку да сямейнага бюджэту.

Для тых, у каго ёсць лішак вітаміннай прадукцыі з уласнага падвор’я ці магчымасць і жаданне сабраць для продажу дары лесу, райпо днямі адкрыла каля свайго адміністрацыйнага будынка нарыхтоўчы пункт (раней  там быў магазін “Шпалеры”). Там прымаюць чорную і чырвоную  парэчкі па цане адпаведна 40 і 20 капеек за кілаграм, па 50 капеек вішню, чарніцы (1 рубель 8 капеек).
Для мясцовага спажыўтаварыства ліпень – дадатковая магчымасць зарабіць  грошы: прапанаваць прымальныя ўмовы закупкі і  шукаць рынкі выгаднага збыту плодаагародніннай прадукцыі. Начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер расказаў, што заключаны дагавор на пастаўку парэчак на вінзавод  “Колас”, што ў Слуцкім раёне.
У  месцах, ураджайных на чарніцы (Гайнінец, Крывошын, Ліпск, Свяціца, Заполле),  дзейнічаюць закупачныя пункты. Сабраны на сёння   “кошычак”   умяшчальнасцю  больш за 3,5 тоны,   райпо пры добрым раскладзе   плануе   павялічыць  разоў у 10.  Частка ягады пойдзе на экспарт, частка будзе замарожана для продажу ў  гандлёвай сетцы раёна. Зараз свежыя чарніцы  можна  купіць у некаторых магазінах райпо і на рынку.
На жаль, і гэта відаць на здымку, чарніцы часам збіраюцца з дапамогай так званых камбайнаў – забароненымі прыродаахоўным заканадаўствам спосабамі. Нарыхтоўшчык не можа не бачыць, якую ягаду яму прапануюць. Мяркую, ”браканьерская” для закупу не падыходзіць. Яна – тэма для прыродаахоўнай інспекцыі. Дарэчы, там напомнілі, што прымяненне забароненых сродкаў і метадаў збору дзікарослых ягад вядзе да накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.
Вяскоўцы могуць здаць садавіну-агародніну ці лясныя дары ў мясцовыя магазіны спажыўкааперацыі.
Наперадзе яблычны і грыбны сезоны. Райпо неабходна назапасіць  2, 5 тоны грыбоў, 300 тон бульбы, 85 тон таматаў, 200 тон агуркоў і многае  іншае. 100 тон з закупленых агуркоў райпо  прадала кансерваваму заводу, а ён,  у сваю чаргу,  “аформіў” іх у слоікі. Эканаміст прадпрыемства Валянціна Слаута расказала, што кансервацыя працягваецца. На  ўласнай прысядзібнай гаспадарцы зрэзалі  і перапрацавалі  125 тон шчаўя.  Тыдні праз два падыдзе чарга кабачкоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Такія чарніцы – з лісцем і лясным смеццем, яўна нарыхтаваныя браканьерскім спосабам, – карэспандэнту «ЛВ» давялося ўбачыць у адным з магазінаў райпо.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *