Свае на жніўным полі

Пасля  таго, як СВК «Ляхавіцкі» закончыў  жніво, экіпаж «Джон-Дзіра» ў складзе Аляксандра Юнік і Сяргея Казакевіча (на здымку) мог бы дазволіць сабе некаторы перапынак: як-ніяк яны зноў героі жніва, намалацілі амаль тысячу тон зерня — вынік лепшы ў гаспадарцы і другі ў раёне сярод мала-дзёжных экіпажаў. Аднак, маладыя хлебаробы выкарысталі невялікі перапынак для таго, каб падладзіць камбайн — і зноў за працу. Спачатку плануюць падацца на дапамогу ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», пасля ў ДП «Нача».

Сёлета ў СВК «Ляхавіцкі» патрэбна было ўбраць 1270 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Як расказаў старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко, віды на ўраджай былі шматабяцальнымі. Аднак, гарачыня ў пачатку лета «прыпякла» яравыя на пясчаных землях, і яны страцілі важкасць коласа ў параўнанні з азімымі, асобныя ўчасткі якіх давалі па 70 і больш цэнтнераў з гектара.

Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы склала 45,7 цэнтнера на круг. Засталася на полі толькі грэчка, якая неўзабаве таксама будзе скошана і абмалочана: недахопу ў тэхніцы і спецыялістах няма.

Адна работа закончылася,  а на чарзе другая — днямі пачнуць  капаць бульбу, якая займае 200 гектараў. Вось тут, па словах Аляксандра Іванавіча, гаспадарка не прамахнулася: ураджайнасць будзе выдатнай. Як, дарэчы, і кукурузы.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *