Трагічны фінал вышыні пад градусам

З якім намерам кожны з нас ідзе на работу? Каб выконваць свае прафесійныя абавязкі і атрымліваць за гэта заработную плату. І, напэўна, большасць з нас не задумваецца, што, на жаль, не заўсёды людзі вяртаюцца з работы жывымі і здаровымі.

На большасці прадпрыемстваў, ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны пытанням аховы працы надаецца сур’ёзная ўвага.  Гэта пытанне знаходзіцца і пад непасрэдным і пільным кантролем раённай улады. Так, сёлета з пачатку года на трох пасяджэннях райвыканкама і на многіх апаратных нарадах у старшыні райвыканкама разглядаліся пытанні аховы працы.

Для аказання практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні бяспекі працы, недапушчэння парушэнняў нормаў аховы працы, папярэджання вытворчага траўматызму ў арганізацыях сельскагаспадарчай і будаўнічай галіны  раёна летась была створана мабільная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі райвыканкама і наглядна-кантрольных органаў.

Падчас рэйдаў мабільнай групы  выяўляюцца парушэнні нормаў і правілаў па ахове працы. У прыватнасці, гэта датычыцца эксплуатацыі сродкаў падмошчвання, якія не маюць  абарончых загараджэнняў пры рабоце людзей на вышыні, выкарыстанне драўляных лесвіц, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі і не прайшлі належных выпрабаванняў. Некаторыя працаўнікі не выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай аховы (будаўнічыя каскі, ахоўныя паясы), што з’яўляецца прамым парушэннем правілаў тэхнікі бяспекі.

Па выніках рэйдаў атрыманая інфармацыя накіроўваецца ў правераныя арганізацыі для прыняцця мер па ўхіленні выяўленых    парушэнняў, у пракуратуру — для разгляду спраў і ў вышэйстаячыя арганізацыі. Улічваючы высокі ўзровень траўматызму сярод  работнікаў будаўнічай галіны і для папярэджання няшчасных выпадкаў на вытворчасці, старшыня райвыканкама запатрабаваў штомесячна разглядаць пытанне аб стане аховы працы ў будаўнічых арганізацыях на апаратных нарадах.

Сёлета за 8 месяцаў на прад-прыемствах і ў арганізацыях Ляха-віччыны адбылося 7 няшчасных выпадкаў, з іх 3 – з цяжкім зыходам (ПМК-13, СВК “Канюхі” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”). Няшчасны выпадак са смяротным зыходам зарэгістраваны ў СПМК-18.

5 мая на будаўніцтве  жылога дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай  у райцэнтры муляр  ПМК-13, які выконваў расшыўку вонкавых швоў кладкі, упаў з вышыні больш як 8 метраў на грунтовае пакрыццё будаўнічай пляцоўкі . На шчасце, чалавек застаўся жывым, але атрымаў цяжкія цялесныя па-шкоджанні. 2 чэрвеня ў СВК “Канюхі” наёмны работнік, які працаваў у гаспадарцы па дагаворы падраду, рамантаваў разам з іншымі  дах сенасховішча. Работы праводзіліся з прымяненнем засцерагальных паясоў. Але работніку неабходна было перайсці на другую палову даху. Адшпіліўшы карабін засцерагальнага пояса (што забаронена правіламі тэхнікі бяспекі), мужчына, які, дарэчы, знаходзіўся  ў стане алкагольнага ап’янення (у крыві было выяўлена 1,8 праміле алкаголю), ступіў на незамацаваную частку дошкі, страціў раўнавагу і ўпаў з вышыні 11 метраў.

29 жніўня ў Лунінцы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам аўтобуса, які перавозіў  брыгаду будаўнікоў з Ляхавіцкай ПМК-13 на работу ў вёску Парахонск Пінскага раёна.  У аварыі цялесныя пашкоджанні атрымаў вадзіцель аўтобуса, які зараз знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы Лунінца.

Асноўныя прычыны  няшчасных выпадкаў – знаходжанне пацярпелых на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення (СВК “Канюхі”, СПМК-18), адсутнасць належнага кантролю з боку службовых асоб (СВК  “Канюхі”, ПМК-13), невыкарыстанне работнікамі выдадзеных ім сродкаў індывідуальнай аховы ( ПМК-13, СВК “Канюхі”).

Мікалай БУРБУЦЬ,
загадчык сектара аховы працы  ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *