А яна будавала…

Тыя, каго называюць воінамі-інтэрнацыяналістамі, і сёння – асобая еднасць, надзейнае брацтва. Яны гатовыдапамагчы сем’ям таварышаў, бацькам, чые сыны засталіся там, дзе была вайна, яны захоўваюць памяць пра загінуўшых і на “Востраве слёз”, дзе бываюць па традыцыі, сэрцам просяць у Бога міру і спакою на зямлі.

У нашым раёне гэтае брацтва налічвае сёння 57 чалавек. Моцныя духам – на жыццёвай перадавой. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты вырошчваюць хлеб, ахоўваюць грамадскі правапарадак, ёсць рабочыя, служачыя. Пётр Бурбіцкі – вальшчык лесу ў лясгасе, Юрый Куніцкі, Валерый Плескацэвіч – рабочыя КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, Генадзій Лойка – былы работнік пошты, Генадзій Савасцюк – супрацоўнік пазаведамаснай аховы, Анатолій Пабягайла – жывёлавод, Анатолій Рымша, Уладзімір Шчэрба – члены СВК “Жарабковічы”… Добра вядомы і Васілій Праўлоцкі, які ўзначальвае раённую арганізацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Аднак, раз у год – 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, яны ўсе па загаду сумлення збіраюцца разам. Каб наведацца на магілы загінуўшых на чужыне Святаслава Мядзведскага і Уладзіміра Малахвея, сяброў-таварышаў, якіх ужо няма, каб памянуць тых, хто не вярнуўся з бою. Яны маюць на гэта права.

Адзначае гэты дзень і наша зямлячка Людміла Буханава. Не ўсе ведаюць, што ў яе лёсе быў Афганістан.

Людміла Буханава працавала ў Жытоміры ў праектнай будаўнічай арганізацыі, чарціла праекты жылых дамоў, піянерскіх палацаў, вытворчых пабудоў. А недзе далёка, яна магла толькі знайсці на карце гэтае месца, ішла вайна і гінулі нашы хлопцы. Яна ўсё часцей лавіла сябе на тым, што думае пра Афганістан… Дапытлівасць і рызыкоўны характар сыгралі сваю ролю: падгаварыла сяброўку і падаліся ў ваенкамат прасіцца ў Афганістан, куды якраз набіралася брыгада будаўнікоў. Неўзабаве атрымалі павесткі. Сяброўку не пусцілі родныя, а яна, паабяцаўшы матулі, што праз 2 гады вернецца і ўжо будзе заўсёды побач з ёй, падалася на зборны пункт. Ішоў 1986 год.

Толькі калі прызямляўся самалёт і наземныя войскі абаранялі яго ад душманскіх ракет, Людміла Буханава зразумела, што сапраўды яна на ваеннай тэрыторыі. Дзяўчыну прызначылі саветнікам штаба 40-й арміі, а канкрэтная работа – будаўнік вытворчага ад-дзела. Будавалі вельмі многа, у тым ліку і жыллё для мясцовага насельніцтва, з водаправодам, якому яно радавалася. Дабрачынна пабудавалі дзіцячы садок у Кабуле.

— Цяжка ўявіць, – расказвае Людміла Вікенцьеўна, – калі бацькі і дзеці штодзень прыходзілі ў наша пасольства, дзе размяшчаўся цэнтр савецка-афганскай дружбы, ім выдавалі прадукты харчавання, яны з паклонамі дзякавалі (здавалася, шчыра), а ноччу тыя ж людзі бралі ў рукі зброю і ішлі забіваць нашых салдат…

Аднойчы з узброенай аховай паехалі грузавікі за гравіем для чарговай новабудоўлі. Праз 15 хвілін стала вядома, што душманы знішчылі і тэхніку, і вайскоўцаў, якія ахоўвалі яе, і хлопцаў-будаўнікоў. Успамінаецца і другі эпізод: толькі здалі ў эксплуатацыю чарговы аб’ект, падпісалі дагавор і крыху ад’ехаліся, як ад гэтага будынка засталася глыбокая варонка…

Асабліва неспакойна было ў год вываду савецкіх войск з Афганістана. Часта абстрэльваліся казармы, даводзілася хавацца ва ўкрыццях. Усё гэта засталося ў памяці і па-пранейшаму баліць.

— У шпіталь прывезлі 20-гадовага салдата з сівой галавой, – успамінае Людміла Буханава. – У горнай цясніне ён быў адзін на адзін з бандай душманаў…

Летам – гарачыня да 50 градусаў, а калі налятаў вецер-“афганец”, аблокі пылу засцілалі наваколле і практычна немагчыма было дыхаць. А зімой лілі дажджы, раптам магло замарозіць. Умовы надвор’я і ваенная абстаноўка нагадвалі пекла.

Толькі праз 3 гады Людміла Буханава вярнулася дамоў. Доўга не магла прывыкнуць да цішыні. Ёй яшчэ і сёння сніцца часам самалёт, на якім яна пакідала Афганістан: ён таксама быў пад прыцэлам душманскіх ракет. А калі прызямліўся ў Ташкенце, то многія цалавалі родную зямлю.

…Людміла Вікенцьеўна час ад часу дастае са схрону медаль “Ад удзячнага афганскага народа”, падзяку “За ўмацаванне савецка-афганскай дружбы, у гонар 70-годдзя Вялікага Кастрычніка”.

А сёння Людміла Буханава – начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Яна займаецца сваёй справай.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *