Свяціца – палеская сястра Хатыні. 75 гадоў назад 11 сакавіка 1943 года фашысты спалілі вёску Свяціцу

«За час акупацыі карнікі спалілі ў раёне 13 вёсак, в. Свяціца яны палілі двойчы – у студзені і сакавіку 1943 г., другім разам вёска была спалена поўнасцю, большасць жыхароў уратавалася, схаваўшыся ў лесе».
Кніга «Памяць Беларусі».
Мінск. «Беларуская энцыклапедыя», 2005 г.

Лес пачынаўся амаль за агародамі, што было вельмі зручна тым, хто не хацеў лішніх вачэй. Таму ў вёску часта прыходзілі байцы і камандзіры, якія не здолелі вырвацца з акружэння, стварылі партызанскія атрады і групы і працягвалі барацьбу з ворагам на акупіраванай тэрыторыі. І не было ў Свяціцы хаты, дзе б гэтым людзям адмовілі ў дапамозе, не падзяліліся з імі сціплай ежай, адзеннем. Так Свяціца стала партызанскай вёскай. А ворагі ненавідзелі яе жыхароў, баяліся нават узмоцнены гарнізон тут паставіць. Разумелі, што доўга не ўтрымаюцца яны ў партызанскай вёсцы.
Фашысты наведвалі Свяціцу толькі днём, на машынах. Наязджалі, каб паздзекавацца над людзьмі, напалохаць хуткай расправай, нарабаваць няхітрага сялянскага скарбу, адабраць жывёлу. У такія дні ў вёсцы стаяла страляніна, лямантавалі жанчыны. Першы раз Свяціцу спрабавалі спаліць у студзені-лютым 1943 года. У той час і вырашылі свяцічане перабрацца ў лес, бо разумелі, што з вёскай ворагі ўсё роўна расправяцца. Ад партызан ведалі аб становішчы на фронце, чакалі Чырвоную Армію, верылі ў хуткае вызваленне.
…Перабраліся ў лес, пабудавалі з хваёвых галін буданы і жылі. Як жылі, можна ўявіць. Зіма 43-га была даволі суровай, марознай і завейнай. Зямлянкі ў такіх умовах выкапаць было нельга. Цёплага адзення таксама амаль ні ў кога не засталося. Хто ўцякаючы што захапіў – тое і было. Смялейшыя, маладыя, хадзілі калі-нікалі ў вёску. Хоць бульбы з капцоў дастаць. І па-ранейшаму Свяціца, якая жыла цяпер у буданах на лясных астраўках сярод балот, працягвала дзяліцца апошнім з партызанамі, дапамагаць, чым магла. Народныя мсціўцы таксама, калі што з ежы адбіралі ў немцаў, дзяліліся з людзьмі гэтай гаротнай вёскі.
З успамінаў Таццяны Піліпаўны Курловіч:
А пасля настаў яшчэ адзін страшны ў маім жыцці дзень –  11 сакавіка 1943 года. Некаторыя ў той дзень у вёску пайшлі, думалі, мо бульбы адкапаюць. Ды не дайшлі. Убачылі, што немцы шыбуюць на наш востраў. Вярнуліся, каб папярэдзіць людзей. Усе разбягацца пачалі, хто куды. У каго вазы былі, пакідалі дзеці на вазы. У нас тожа свой воз быў. Але пакуль мы ўсе пасядалі – наш воз аказаўся апошнім. Едамо, а ўзадзі – страляніна. Раптам пярэднія пасталі. Спыніліся і мы. Мама кажа старэйшым Мані і Алёшу, каб беглі за людзьмі і, калі нас паб’юць, каб хоць косці пахавалі. Тыя пабеглі. А мы адышлі мо метраў за 50 у хмызняк. Густы такі. Тут і пачулі, як злавілі матчыну сястру Волю і б’юць. Цяжарная яна была, ды нага яшчэ паранена. Як вазы пасталі, яна і не магла ўцячы. Чуем – б’юць, лаюцца. А пасля Юлька закрычала: «Мамачка мая! Не біце!». Немцы гамоняць нешта па-свойму, крычаць. Так і забралі тады цётку Волю і Юльку. Іх, пасля мы даведаліся, у Залужжы разам з іншымі спалілі.
Як вазы пасталі, наша сястра Ліда, яна жыла з хроснымі бацькамі за дачку і ехала наперадзе, вярнулася да нас, каб дапамагчы чым. Там цётку Волю б’юць зусім недалёка ад нас, вось-вось і нас знойдуць. А мама аслабела, не можа ісці. Лідка малых хапае, цягне ў кусты глыбей, просіць: «Мамачка, родненькая, пойдам яшчэ крышку». А мама пройдзе колькі і стане. «Што мне рабіць з вамі? Не ўцяком. Хай ужо б’юць. Хоць гора гэта скончыцца. Не будамо мучыцца», – гаворыць і плача. І мы плачам і цягнем яе далей. А брацік Юлік, яму восем тады было, паўзе апошнім і рукою снег замятае, каб не знайшлі тыя вылюдкі нас. Так і ўратаваліся. Добра, што не было сабак. Вярнуліся пасля ў вёску – усё начыста спалена, а наша гаспадарка таксама. Як жыць?.. Свірэпу варылі, елі. Тады з голаду і памерла наша Нінка. Цяжкая доля выпала палескай вёсцы Свяціца. Большасць жыхароў выратавалі густыя навакольныя лясы ды балоты. Таму і не спасцігла іх горкая доля хатынцаў.
…Ні ахвяры, ні пакуты – нішто не паставіла жыхароў Свяціцы на калені. На месцы папялішчаў выкапалі зямлянкі. Вёска ж засталася партызанскай. У кожнай зямлянцы народныя мсціўцы маглі разлічваць на шчырую сустрэчу, на дапамогу. З ляснымі братамі свяцічане дзялілі апошні кавалак хлеба, у якім было больш мякіны і лебяды, чым мукі. Партызаны ж, як маглі, падтрымлівалі сваіх сяброў. І аб жораўцах, і аб цыганкоўцах, як называюць іх жыхары Свяціцы, у людзей засталася самая добрая памяць.

З нарыса Святланы Фокінай
(кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён»).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *