З начаўскім каларытам

Адна з «начаўскіх» перспектыў – маладая сям’я Голя: Раман працуе механізатарам, Людміла – ветурачом.

Снежным покрывам ухутана наваколле – вачэй не адарваць. Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Нача» Мікалай Тарлюк не хавае захаплення, але разважае ў першую чаргу па-гаспадарску:
– Добра, што снегу многа. Кожным яго сантыметрам «змяншаецца» мароз для пасеваў на 7 градусаў. А пры такіх мінусах снег для нашых азімых, пасеяных на 640 гектарах, дарагога варты.
«Нача» – параўнальна невялікае сельгаспрадпрыемства, якое свой статус серадняка паступова, але мэтанакіравана трансфармавала ў лідарскі. Сёння гэта адна з лепшых сельгасарганізацый раёна. Па словах дырэктара, ніякага сакрэта ў такім раскладзе няма: трэба ставіць перад калектывам рэальныя задачы і разам іх вырашаць.

Малочныя  прыярытэты

За мінулы год у «Начы» надаілі на 129 тон малака больш, чым пазалетась. Надой на карову ў сярэднім склаў 6672 кілаграмы – лепш толькі ў СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор». Аператары машыннага даення Валянціна Шостак, Галіна Ксёнжык, Валянціна Шаўчук, Наталля Дараневіч, Людміла Ржауцкая і ўвогуле па надоі на карову перасягнулі сямітысячны рубеж.
– У гаспадарцы амаль 35 гадоў, з іх 15 – аператарам машыннага даення на МТФ «Цэнтр». У маёй групе было 67 кароў. Чаму было? Нядаўна, нарэшце, пайшла на пенсію. Але, думаю, крыху пацяплее – зноў вярнуся на ферму. Сумую па рабоце, – гаворыць Галіна Ксёнжык.
Вызначальны і паказчык якасці  прадукцыі. Гатункам экстра на малочны завод прададзена 66,5 працэнта (у 2017 годзе – 43),  вышэйшым – 33 працэнты. Рэнтабельнасць вытворчасці малака – 48 працэнтаў. Па словах галоўнага заатэхніка Георгія Сяргейчыка, на кожнай тоне гаспадарка мае 235 рублёў прыбытку.
– Даяркі тыя самыя, а вось адносіны да работы змяніліся ў лепшы бок, адсюль і надоі пайшлі ў рост, і якасць адчувальна палепшылася, – перакананы дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк. А яго намеснік Галіна Рамейка дадае, што гатункам экстра гаспадарцы па сілах прадаваць усё малако. Для «Начы» гэта дадатковыя грошы, а работнікам павелічэнне зарплаты.
Прозвішча Шостак тут асацыю-ецца з поспехамі ў жывёлагадоўлі. Валянціна Іванаўна – перадавая даярка, муж Міхаіл Іванавіч – сярод лепшых даглядчыкаў цялят. У мінулым годзе па яго групе атрыманы 890-грамовыя сярэднясутачныя прывагі кожнага цяляці, а па групе яго калегі Алы Анікеенка –  943 грамы.
– Кармоў нарыхтавалі дастаткова, усе якасныя, заатэхнікі ўваж-ліва сочаць за рацыёнам статка, –  расказвае Міхаіл Шостак. Разам з бацькамі на ферме працуе даглядчыкам і сын Сяргей.
Вялікія планы ў прадпрыемстве на ферму «Каменка», якую плануе перадаць «Начы» агракаледж.

Дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк (першы злева), галоўны аграном Леанід Ксёнжык, галоўны заатэхнік Георгій Сяргейчык, намеснік дырэктара Галіна Рамейка.

Падмурак для  жывёлагадоўлі

Адна з асноўных дзеючых асоб на начаўскай касавіцы – механізатар Віктар Кунцэвіч.
– Падрыхтоўка глебы, сяўба, касьба, нарыхтоўка кармоў – так працую не першае дзесяцігоддзе. Свой МТЗ-2522 ведаю да апошняга вінціка. Зімой поўнасцю перабраў усе механізмы, дзе трэба – зрабіў прафілактыку, хоць сёння ў поле, –  расказвае Віктар Мікалаевіч.
Дастойную кампанію калегу-перадавіку складаюць Эдуард Чалядка, Васілій Купрыш, Раман Голя.
Леташні корманарыхтоўчы сезон для гаспадаркі адзначыўся перамогай у раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Багатая кармавая база не самамэта, а падмурак паспяховай жывёлагадоўлі. Як адзначае Мікалай Тарлюк, адна з задач – стварыць хаця б паўтарагадовы запас кармоў. Сёлета запланавана будаўніцтва сянажнай траншэі.
Дарэчы, і ў раслінаводстве кожны год становіцца больш паспяховым, чым папярэдні. Мінулы – не выключэнне. Валавы збор збожжа амаль на паўтысячы тон больш важкі, чым у 2016 годзе. Аднак, агранамічная служба лічыць, што гаспадарцы па сілах мець ураджайнасць збожжавых не 38 цэнтнераў на круг, а 50. У вынік жніва ўнесла ўклад і новая мабільная стацыянарная сушылка.
Асабліва ўрадзіў рапс. За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці алейнага насення рапсу «Нача» ўдастоена дыплома ІІ ступені ў раённым спаборніцтве.

Галоўны інжынер Аляксандр Рак, вадзіцель Уладзімір Падгурскі, механізатар Віктар Кунцэвіч.

Бонус да зарплаты

У размове з тутэйшымі механізатарамі, жывёлаводамі, паляводамі, спецыялістамі неаднойчы даводзілася чуць: у нас нармальная заработная плата і атрымліваем яе своечасова. Летась сярэднямесячная зарплата ў гаспадарцы склала 581 рубель (124 працэнты да пазалеташняга), у аператараў машыннага даення яна перавышае 700 рублёў. Задача на перспектыву – тая, што паставіў Прэзідэнт краіны: забяспечыць рост гэтага паказчыка да 1000 рублёў.
Галіна Рамейка расказала пра дзеючую сістэму заахвочвання лепшых работнікаў: персанальныя надбаўкі за якасную працу, прэміі, аднаразовая дапамога на аздараўленне і іншае. Прозвішчы перадавікоў заносяца на Дошку гонару прадпрыемства. Сёлета там з’явяцца прозвішчы аператара машыннага даення Людмілы Бубен, загадчыцы фермы Людмілы Чарапавіцкай, жывёлавода Святланы Кендыш, тэхніка па штучным асемяненні жывёлы Генадзія Манько, механізатараў Віктара Кунцэвіча, Юрыя Ксёнжыка, Эдуарда Чалядкі, галоўнага бухгалтара Марыі Ксёнжык.
Гаспадарка аказвае фінансавую дапамогу сваім працаўнікам у рамонце кватэр, набыцці ацяпляльнага, сантэхнічнага і газавага абсталявання. Прадугле-джаны льготы на транспартныя паслугі, пасадку бульбы.
Пад пільнай увагай пытанні аховы працы. Усе працаўнікі забяспечаны спецадзенем. У кожным падраздзяленні абсталяваныя пакоі для адпачынку. На сяўбе і жніве абавязкова арганізоўваюць гарачае харчаване механізатараў.
Клапоцяцца тут і пра вольны час аграгараджан і вяскоўцаў. У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы «Нача» заняла І месца.

Лепшыя жывёлаводы Людміла Алай, Юрый Базыльчык, Людміла Бубен, Людміла Чарапавіцкая, Святлана Кендыш, Генадзій Манько, Сяргей Расоха.

Сход як свята

Змястоўна, уважліва, зацікаўлена ішла размова на справаздач-ным сходзе калектыву, які адбыўся 2 сакавіка. Актавая зала Начаўскага сельвыканкама ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых прыняць у ім удзел. Падвядзенне вынікаў работы за мінулы год стала тут сапраўдным святам. Гэта было адчувальна нават па знешнім выглядзе працаўнікоў, якія змянілі спецадзенне на парадна-выхадное. Аналіз зробленага, сёлетнія планы агучылі дырэктар ДП Мікалай Тарлюк, яго намеснік Галіна Рамейка, галоўны заатэхнік Георгій Сяргейчык. Быў прыняты новы калектыўны дагавор. Дарэчы, усе работнікі «Начы» – члены прафсаюза работнікаў АПК. Лепшыя з лепшых узнагароджаны граматамі прадпрыемства і атрымалі грашовыя прэміі.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Камінскі павіншаваў прысутных з мінулагоднімі поспехамі і пажадаў новых працоўных здабыткаў сёлета. Ён падкрэсліў, што калектыву пад граматным кіраўніцтвам Мікалая Тарлюка па сілах стаць адным з самых паспяховых на Брэстчыне.

У ТЭМУ

У лютым у Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу  краіны з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Сярод больш чым 400 запрошаных – і дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк. Менавіта падчас гэтай ўрачыстасці было агучана, што 2018-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы.
– Мы абавязаны захаваць начаўскую каларытнасць, адметнасць, добраўпарадкаванасць. І гэта не абмяжоўваецца навядзеннем парадку ў населеных пунктах. Гэта і працоўныя здабыткі, і паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, – упэўнены Мікалай Тарлюк.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Мікалай і Людміла Чарапавіцкія.

Памочнік загадчыка фермы Сяргей Бырда і даглядчык жывёлы
Яўгеній Генеральскі.

Механізатары Віктар Валчок і Дзмітрый Русак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *