Вясна. Перазагрузка

Усё адносна. Калі ў якасці матрыцы ці штампа, інакш кажучы, узяць сезон-2009, сёлетняя веснавая палявая кампанія позніцца тыдні на два. Летась першы яравы гектар у раёне засеялі 16 сакавіка. “Стык” сакавіка і красавіка адзначаўся пасяўной масавасцю ранніх зерневых, зернебабовых. Зараз іншае: пасяўны “вал” толькі пачынае накатваць. З самых паўднёвых палеткаў вобласці, дзе сяўба выбарачна стартавала сярэдзінай мінулага тыдня, далей – у паўночным накірунку.
Для сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны 25 сакавіка павінна было стаць крайнім днём перадпасяўной падрыхтоўкі. Як паказала ўзаемаправерка (а ў адзін з яе дзён за работай спецыялістаў назіраў карэспандэнт “ЛВ”), гатоўнасць наступіла. Не абсалютная, аднак, – у цэлым.
У кожным з праінспектаваных сельгаспрадпрыемстваў – ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”, СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка” і “Тальмінавічы” – распрацаваны, дакументальна аформлены дакладныя планы вядзення яравой кампаніі. Па кожным з відаў сельгаскультур – у аб’ёмах, тэрмінах і прывязцы да канкрэтнага поля ці ўчастка поля. Сфарміраваны звенні, спецыялізаваныя для вядзення таго ці іншага віду палявых работ. Распрацаваны, узгоднены і зацверджаны, даведзены да ўсіх удзельнікаў пасяўной умовы аплаты іх працы.
Перадпасяўная матэрыяльна-тэхнічная гатоўнасць згаданага квартэта, гэтак жа, дарэчы, як і ўсіх астатніх сельгаспрадпрыемстваў раёна, па абсалютнай большасці пунктаў таксама не выклікае асаблівых нараканняў. Хоць, як адзначылі спецыялісты, было б нядрэнна некалькі падняць выканальніцкія тэмпы.
Іншае, што звяртае на сябе ўвагу і ў рознай ступені характэрна для многіх нашых сейбітаў – недакладнасць рэгуліровак і наладак глебаапрацоўчых і сеючых агрэгатаў. Узяць агрэгаты камбінаваныя шыроказахопныя (АКШ): у многіх выпадках асобныя рабочыя органы “разрэгуляваны”. У райаграсервісе, СВК “Тальмінавічы” сёлета ўзбагаціліся новымі глебаапрацоўча-пасяўнымі комплексамі, што, безумоўна, павінна прыдаць тэмпаў пасяўной кампаніі. У “Ліпнянцы” першага выхаду ў поле чакае новы МТЗ-3022 у камплекце з камбінаваным апрацоўча-пасяўным агрэгатам.
І калі для сеялак час пакуль не прабіў, падкормку лугавых і пашавых угоддзяў, палеткаў шматгадовых траў практыкуюць – хто больш, хто менш – усе аграрыі раёна. Аднак, пера-ўвільготненасць многіх палёў і ўчасткаў становіцца непераадольнай перашкодай для вядзення работ. Але толькі не ў выпадку з ЗАТ “Белпрам-прыбор” і СВК “Жарабковічы”. Першыя некалькі раней, “Жарабковічы” ў гэтым годзе абзавяліся агрэгатам для ўнясення мінеральных удабрэнняў “Раса”. Машына практычна не ведае ў гэтым сэнсе перашкод, здольна рухацца і выконваць работу ва ўмовах моцна пераўвільготненай глебы. У сёлетняе надвор’е – найлепшае выйсце. У выпадку з “Жарабковічамі” “Раса” дадаткова аснашчана прыстасаваннямі для ўнясення цвёрдых мінудабрэнняў. Машына, зразумела, здольна працаваць і ў якасці хімапрацоўшчыка, а асабліва нізкі ўдзельны ціск на грунт амаль не пакідае слядоў, з’яўляецца абсалютна траўмабяспечным для глебы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *