Пашана па праву, пашана – за справу

Нас – каля 29 тысяч. Больш дакладную лічбу пра колькасць насельніцтва Ляхавіцкага раёна статыстыкі абяцаюць назваць у хуткім часе, прынамсі, плюс-мінус чакаецца невялікі. Але гаворка пра іншае – пра тое, якія яны, нашы землякі, чым вызначаюцца, чым адметныя.

А адметныя яны шчырасцю і шчодрасцю, працавітасцю і ўменнем радавацца жыццю, уплываць на яго, рабіць больш адухоўленым і шчаслівым. Ляхавіцкі строй, які здаўна радаваў вока аптымістычнымі фарбамі і мудрагелістымі ўзорамі адзення, упітаў у сябе да кропелькі, да праменьчыка, да расінкі прыгажосць і пяшчоту сонейка, блакітных нябёсаў, рамонкава-валошкавых лугоў, залатых хлебных ніў, сакавіта-малахітавых сенажацяў. Гэта прыродная шчодрасць адбілася на характары і традыцыях нашых землякоў. Яны па-жыцейску мудрыя, прыгожыя і думкамі сваімі, і справамі. Умеюць расціць важкі колас, будуюць, вучаць дзяцей і вучацца самі, спяваюць – заслухаешся, ткуць-вышываюць – залюбуешся, шануюць мінулае, у адказе за сённяшні дзень, дбаюць пра будучыню…

І ў такой вялікай сям’і, дзе роднасць вымяраецца паняццем “землякі”, ёсць свае героі. Іх многа, дастойных і вартых пашаны, павагі, захаплення. Гэта мноства складаецца з канкрэтных асоб. І сярод амаль 29-тысячных нас – шасцёра сёлета атрымалі асаблівы статус: выйшлі пераможцамі раённага конкурсу “Чалавек года”. Усе яны такія розныя і па роду заняткаў, і па ўзросце. Але агульнае ў іх – апантанасць справай, якою яны займаюцца, і выдатныя вынікі, і вялікія планы. Добра знаёмыя асобы: старшыня СВК “Ляхавіцкі”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вітко, дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі, настаўніца Тухавіцкай сярэдняй школы Тамара Васько, трэнер-выкладчык па дзюдо ДЮСШ Ірына Амялянава, кіраўнік народнай эстраднай студыі “Экспрэс” Юрый Грынь, дырэктар прыватнага унітарнага гандлёвага прадпрыемства “Гандлёвы дом ”Уладзімір” і фермерскай гаспадаркі “Уладзімір плюс” Валерый Радзюк. Пашана па праву, пашана – за справу. Яны могуць многае, калі гаворка заходзіць аб працы, не ўмеюць аднаго – рабіць абы з рук, спусціўшы рукавы. Вось такая простая, але ўплывовая акалічнасць уплецена ва ўзор ляхавіцкага строю. І як жа сонечна, светла і радасна ўсведамляць гэта. З вясною вас, дарагія землякі!

Вольга Барадзіна

Ён даўно ўжо і заслужана стаў легендай нашых дзён. Аляксандр Вітко зрабіў “Ляхавіцкі” ці “Ляхавіцкі” яго? Не так важны адказ на пытанне, як тое, што Аляксандр Іванавіч і яго выдатная каманда з дня ў дзень, з году ў год даказваюць: можна працаваць з перспектывай і заўсёды заставацца на вышыні. Планку мы ўстанаўліваем самі. У “Ляхавіцкім” кропка адліку высокая, і гэта заслуга дзеяздольнага калектыву і таленавітага старшыні Аляксандра Вітко.

Чэмпіёнка, самбістка, трэнер, студэнтка і проста абаяльная і шчырая дзяўчына. Гэта яна, Ірына Амялянава – неаднаразовая пераможца этапаў Кубка свету і чэмпіянату Еўропы  па самба, спартыўны гонар Ляхавіччыны і Брэстчыны. А з мінулага года тытулаваная самбістка ўваходзіць у асноўны састаў нацыянальнай зборнай краіны і паспела прыняць   удзел у першынстве свету.

Дарэчы, яна не толькі трэніруецца сама, але і займаецца падрыхтоўкай будучых спартсменаў – вучыць  азам дзюдо і самба выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Дыплом пераможцы раённага конкурсу «Чалавек года» Ірыне ўручыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Яны прыдумалі “Ляхавічок”, і сёння гэтым брэндам прэзентуецца наш раён па ўсёй рэспубліцы і за яе межамі. Выдатна, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”! Выдатна, дырэктар Вячаслаў Жукоўскі! І тое, што сёлета прадпрыемства  стала адным з 14 у рэспуб-ліцы, якія адзначаны прэміяй Савета Міністраў за дасягненні ў галіне якасці, даволі красамоўна гаворыць пра тэхналогію поспеху з ляхавіцкім адрасам. Ну вельмі смачны “Ляхавічок”, разнастайны,  запатрабаваны, апетытны. Новых ласункаў са знаёмай маркай чакаюць яе прыхільнікі. Вячаслаў Уладзіміравіч і яго калегі гэта маюць на ўвазе.

Тамара Эдуардаўна любіць дзяцей. Вучні адказваюць ёй шчырай узаемнасцю:настаўніцу геаграфіі Тухавіцкай СШ яны абажаюць, а прадметам, які выкладае, захапляюцца. Колькі экалагічных “адкрыццяў” зрабілі яны разам! Тамара Васько – педагог па прызванні. І тое,  што яе вучні не толькі засвойваюць праграмны матэрыял, але вызначаюцца на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях школьнікаў, з непадробнай цікаўнасцю вывучаюць свой край (а гэта станаўленне любві да зямлі роднай), сведчыць: мудры педагог становіцца для іх і настаўнікам, і старэйшым сябрам. На ўсё жыццё.

Мусіць, не менш прафесіянальна гучаў бы яго голас і на сталічнай сцэне, на якой, дарэчы, нашаму земляку Юрыю Грыню давялося выступаць неаднойчы. Але ляхавічанам пашанцавала, што ён радуе сваёй творчасцю менавіта іх — як саліст, як кіраўнік і стваральнік народнай эстраднай студыі  “Экспрэс”, як вельмі таленавіты чалавек. Дарэчы, лірычная візітоўка нашага райцэнтра – песня “Ляхавічы” – прыдумана Юрыем і гучыць міла слыху і сэрцу. Няхай прага творчасці не пакідае! Няхай папаўняецца экспрэс песень і мелодый новымі хітамі.

Яго па праву можна назваць першапраходцам  у прадпрымальніцтве раёна. Станаўленне сваёй справы ў Валерыя Радзюка пачыналася з адкрыцця прыватнай крамы “Любава”.  Гэтай гандлёвай кропкі сёння ўжо не існуе, але затое з’явіліся і эфектыўна развіваюцца  прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства “Гандлёвы  дом “Уладзімір” і фермерская гаспадарка “Уладзімір плюс”. А прадпрымальнік Радзюк штодня паказвае і даказвае: сэрвіс і гандлёвае абслугоўванне насельніцтва могуць быць высокаарганізаванымі, а работа на зямлі абарочвацца выдатнымі вынікамі – адзін сад радзюкоўскі чаго варты. Дадаць рабочыя месцы для ляхавічан, сучасны падыход да развіцця вытворчасці, удасканалення яе – і малюнак атрымліваецца пазітыўны. Малюнак аўтарства Валерыя Радзюка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *