А на вашай талерцы ёсць ГМА?

Сёння вельмі актуальнай з’яўляецца тэма выкарыстання генетычна-мадыфікаваных прадуктаў. Хуткі ростколькасці насельніцтва нашай планеты, праблемы змянення клімату вымушаюць вытворцаў не толькі інтэнсіфікаваць вырошчванне сельскагаспадарчых культур і жывёлы, але і пачаць пошук прынцыпова новых падыходаў да развіцця сыравіннай базы.

Генетычна мадыфікаваныя арганізмы ствараюцца метадамі геннай інжынерыі. Вучоныя вызначаюць патрэбны ген, які ка-дзіруе сінтэз  канкрэтнага бялку, прыдае    арганізму патрэбныя ўласцівасці, і ўносяць яго ў іншы арганізм, які затым выкарыстоўваецца ў тых ці іншых мэтах.

Соя, бульба, кукуруза, рапс, тамат, пшаніца, рыс, лён,  бавоўна, цукровыя буракі, кабачкі, папая і інш. — ГМ-культуры. З іх масава вырошчваюцца соя, кукуруза, рапс і бавоўна. У нашай краіне трансгенныя культуры не культывуюцца, але гэтая праблема актыўна вывучаецца спецыялістамі.

Прадукты, якія ўтрымліваюць ГМА, можна раздзяліць на тры катэгорыі:

· Прадукты, якія ўтрымліваюць ГМ-інгрэдыенты (у асноўным трансгенная кукуруза і соя). Гэтыя дабаўкі ўносяцца ў харчовыя прадукты ў якасці структурыруючых, падсалоджвальных, фарбавальных рэчываў, якія павышаюць утрыманне бялку.

· Прадукты перапрацоўкі трансгеннай сыравіны (напрыклад, соевы тварог, соевае малако, чыпсы, кукурузныя шматкі, таматная паста).

· Трансгенная агародніна і фрукты, а ў хуткім часе, магчыма, і жывёльныя прадукты, якія непасрэдна ўжываюцца ў ежу.

Трансгенныя расліны даюць шчодры ўраджай, яны непераборлівыя, устойлівыя да неспрыяльных умоў надвор’я і да розных хвароб. Акрамя таго, новы трансгенны сорт можа быць атрыманы за 4-5 гадоў, а на вывядзенне новага сорту раслін класічным метадам спатрэбіцца больш за 10 гадоў. Як вынік, такія прадукты аказваюцца танней за звычайныя. Але каб поўнасцю зразумець ступень іх уплыву на арганізм, павінна змяніцца некалькі пакаленняў людзей, якія харчаваліся такімі прадуктамі.

Меркаванні вучоных наконт ГМА-прадуктаў разыходзяцца: адны лічаць, што ГМА бездакорныя, цікавыя і  перспектыўныя, другія вельмі пераканаўча даказваюць, што гэтыя прадукты здольныя выклікаць харчовую алергію, анкалагічныя захворванні, узнікненне ўстойлівасці да антыбіётыкаў, негатыўныя генетычныя змяненні эмбрыёну, яго мутацыі, бясплоддзе, паталагічныя змяненні ва ўнутраных органах.

Даведацца ці ўтрымліваюць прадукты ГМА можна шляхам правядзення лабараторных даследаванняў у акрэдытаваных лабараторыях арганізацый аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з метадамі кантролю, зацверджанымі ва ўстаноўленым парадку.

Калі на этыкетцы пазначаны надпіс «раслінны бялок», гэта, верагодна, соя, якая можа быць трансгеннай. Як правіла, трансгенныя агародніна і фрукты ідэальна роўнай і аднолькавай формы, што ў прыродзе сустракаецца даволі рэдка, адсутнічаюць ярка выражаны водар і смак, і часцей за ўсё іх не ядуць паразіты.

У адпаведнасці з заканадаўчымі дакументамі Рэспублікі Беларусь на спажывецкую ўпакоўку прадуктаў, якія ўтрымліваюць ГМА, абавязкова павінна наносіцца адпаведная інфармацыя.

У цэлым, праблема трансгенных прадуктаў  ва ўсім свеце застаецца вельмі вострай і дыскусіі вакол ГМА не сціхнуць яшчэ доўга, таму што эканамічныя перавагі іх выкарыстання відавочныя, а аддаленыя наступствы іх уздзеяння, як на экалогію, так і на здароўе чалавека, яшчэ дасканала не вывучаныя.

Наталля ТАТАРЫНОВІЧ,
памочнік урача-гігіеніста

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *