Вітаецца прадпрымальнасць

На што здатны прадпрымальнік? Сёння ніхто не стане аспрэчваць: на вельмі патрэбныя, узаемавыгадныя прапановы, на запатрабаванасць яго паслуг, на арганізацыю сучаснага сэрвісу і на ўзорнасць у стаўленні да таго, што называецца «сваёй справай». У гэтым мы пераконваемся штодня, калі становімся кліентамі ці пакупнікамі прадпрыемстваў недзяржаўнай, але патрэбнай дзяржаве сферы.

У мінулую пятніцу ў Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце адбылася традыцыйная штогадовая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў абласных конкурсаў «Лепшы прадпрымальнік 2011 года  Брэсцкай вобласці» і «На лепшае асвятленне і прапаганду ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці». Выстава-прэзентацыя прадпрымальніцтва Брэстчыны, якая экспанавалася ў фае, не магла не ўразіць. Цікава, інфармацыйна і паказальна!

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар адзначыў ролю малога бізнесу ў развіцці эканомікі Брэстчыны. 9 тысяч малых прадпрыемстваў і больш за 34 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляюць сваю дзейнасць у гэтай сферы. У мінулым годзе, напрыклад, у вобласці зарэгістравана больш  за тысячу новых малых арганізацый, створана 88 новых прамысловых прадпрыемстваў і 22 новыя прамысловыя вытворчасці. А вось яшчэ цікавы і красамоўны факт: штогод каля 60 працэнтаў новых рабочых месцаў ствараецца менавіта ў малым прадпрымальніцтве. Дарэчы, павялічваецца і доля падатковых паступленняў ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў даходах кансалідаванага бюджэту вобласці. Канстанцін Сумар удакладніў, што летась яна склала 27,3 працэнта.

Бясспрэчна, што развіццю прадпрымальніцтва ў вытворчай сферы садзейнічае дзяржаўная фінансавая падтрымка. Напрыклад, летась яна за кошт сродкаў абласнога бюджэту была павялічана амаль удвая ў параўнанні з 2010 годам. Дзяржаўную фінансавую падтрымку атрымалі 30 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва на суму 8,5 мільярда рублёў.

Ну, а самых паспяховых вы-значыў конкурс «Лепшы прад-прымальнік 2011 года Брэсцкай вобласці». Сярод тых, каму старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар уручыў дыпломы і знакі пераможцаў, і дырэктар прыватнага сервіснага ўнітарнага прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя»  г. Ляхавічы Віктар Шчука. Ён стаў абсалютным пераможцам сярод прадпрымальнікаў у сферы аказання паслуг.

Такой жа ўзнагароды ўдастоена і рэдакцыя газеты «Ляхавіцкі веснік», якая стала пераможцай спаборніцтва на лепшае асвятленне і прапаганду ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці ў Брэсцкай вобласці ў 2011 го-дзе сярод гарадскіх і раённых СМІ.

А лаўрэатам абласнога конкурсу ў намінацыі «Лепшая сялянская (фермерская) гаспадарка» прызнаны кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс»  Валерый Радзюк.

Дарэчы, «Лепшы прадпрымальнік года» — конкурс вельмі  аўтарытэтны і масавы. Сёлета для ўдзелу ў ім была пададзена 151 заяўка ад суб’ектаў прадпрымальніцтва ўсіх рэгіёнаў вобласці. Пераможцы і лаўрэаты вызначаліся па 19 намінацыях. Сярод лепшых — і ляхавіцкія адрасы. Нашы віншаванні!

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *