Без пяці стагоддзе

Абапал заліпенскай вуліцы Савецкай жаўцеюць дзьмухаўцы, у завушніцах – бярозы, пачынае цвісці бэз. Ля дома з асаблівай майскай адзнакай «Тут жыве ветэран» сядзеў на лавачцы і ўглядаўся ў вясновыя сюжэты яго гаспадар Уладзімір Дзядзечка (на здымку), энергічны, добразычлівы, з успамінамі пра цяжкія вёрсты вайны.

Яго май… Тады, у вясну 45-га, ён быў расквечаны беласнежнымі вішнямі, напоўнены самымі шчырымі, шчымлівымі пачуццямі, ад якіх сціскаецца сэрца.
– Май пераможны, мірны. І так будзе заўсёды, – гаворыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч Дзядзечка. Слёзы ў ягоных вачах – не прыкмета слабасці, проста ўспамін пра пройдзенае-перажытае. Каб сёння сказаць гэтыя словы, трэба было многа паспытаць.
А сёлета другі майскі дзень прынёс яму юбілейную падзею – 95-годдзе. Але прызнаецца, асабліва чакае Дзень Перамогі, што яшчэ раз падараваў жыццё. Павіншаваць гэтага неверагоднага чалавека з юбілеем і Перамогай прыедуць самыя блізкія – яго сям’я. А значыць віншаванняў будзе безліч: ва Уладзіміра Васільевіча пяцёра дзяцей, 11 унукаў і столькі ж праўнукаў.
…Недзіцячыя ўспаміны з дзяцінства. З маленства прывучыўся да працы. 18-гадовым сустрэў вайну. Спачатку дапамагаў партызанам.
– Фашысты забіралі моладзь з навакольных вёсак для адпраўкі ў Германію. Мне ўдалося ўцячы… А са жніўня 1944-га быў фронт, – успамінае ветэран.
Яго накіравалі ў 239-ты стралковы полк 76-й гвардзейскай стралковай Чарнігаўскай Чырвонасцяжнай дывізіі. Назаўсёды ў памяці ноч 28 студзеня 1945 года, калі іх полк фарсіраваў раку Вісла. Жудасная бітва стала апошняй для многіх баявых таварышаў. Неаднаразова даводзілася адбіваць контратакі фашыстаў. Адступаць было нельга. Пры чарговым абстрэле сяржанта Дзядзечку цяжка параніла. Пасля лячэння ў шпіталі зноў у строй: вучыў навабранцаў стралковай справе. Перамогу святкаваў у Берліне.
– Нам аб’явілі, што вайна скончылася. Тое, што адбывалася ў душы, нельга перадаць словамі. Мы радаваліся, што засталіся жывыя і хутка вернемся дадому, у мір, – расказвае Уладзімір Васільевіч.
І гэта адбылося. Тут, у Заліпенні, уладкаваўся на працу ў лясніцтва, ажаніўся, стаў бацькам, потым дзядулем і прадзядулем. Адным словам, шчаслівым чалавекам.
І сёння радуецца жыццю, міру і гэтаму цудоўнаму маю.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і з архіва ветэрана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *