Пайшла спякота… Жніво. Уборачная пачынаецца на рапсавых палетках Ляхавіччыны

Камбайнеры Генадзій Ефімовіч і Генадзій Місько, памочнік начальніка ўчастка Дзмітрый Царык.

Многія сельгаспрадпрыемствы раёна ўборачную кампанію ўжо распачалі – тэхніка выйшла на рапсавыя палеткі.
Убіраюць алейную культуру і ў ААТ «Шлях новы». На полі ў вёсцы Лабузы ў мінулы чацвер было спякотна ў прамым і пераносным сэнсе. Тут на паўсотні гектарах працавалі два экіпажы камбайнераў. Механізатары Генадзій Місько і Генадзій Ефімовіч не навічкі ў гэтай справе: цяпер рапс, пасля пяройдуць на хлебныя нівы. Трывала трымаюць абаранку роднага КЗС-1218 і, здаецца, ведаюць усе ўборачныя нюансы. А вось помочніка начальніка участка №2 Дзмітрыя Царыка можна павіншаваць з дэбютам –
рапсавыя клопаты цяпер не ў вучэбных, а ў рэальных умовах. Учарашні выпускнік ляхавіцкага каледжа, а сёння малады спецыяліст-аграрый Дзмітрый упэўнена разважае наконт ураджайнасці – плануецца дасягнуць у сярэднім 25 цэнтнераў з гектара, хвалюецца, каб надвор’е не падвяло – трэба ж за тыдзень управіцца з рапсам. У прыгожыя рулоны ператварае рапсавую салому тэхніка пад кіраўніцтвам трактарыста-машыніста Аляксандра Маслава.
Шчыруюць камбайнеры і на іншых участках «Шляху новага». Дарэчы, пад рапс ААТ сёлета адведзена 600 гектараў. У раёне гэтай культурай засеяна 2615 гектараў.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *