Майстар з Рагачоў Ляхавіцкага раёна

Мікалая Сцяпанавіча Зубіка добра ведаюць не толькі ў Рагачах, дзе ён жыве, але і ў навакольных вёсках. Не на адным тутэйшым
падворку ёсць патрэбныя і прыгожыя рэчы, зробленыя яго рукамі: кошыкі, драўляныя лыжкі, венікі. Іх вырабам вясковец захапіўся шмат
гадоў назад, калі выйшаў на заслужаны адпачынак. І цяпер 86-гадовы майстар-самавук ад душы робіць падарункі знаёмым і незнаёмым
людзям. Дачка Ала расказвае, што толькі за мінулую зіму такім чынам разышлося больш за 30 кашоў і кошычкаў – ладных і зручных.
Самы просты «разачок» у яго звыклых да работы руках ператвараецца ў ювелірны інструмент, як і звычайная электрапіла, якой ён
налаўчыўся рабіць з драўляных цурак «грыбы» – ці не прыгажэйшыя за сапраўдныя.

Наогул, Мікалай Сцяпанавіч – майстар на ўсе рукі! У халодны сезон дзясяткі дамоў па ўсёй акрузе абаграюць печкі, якія ён калісьці складваў. Добрым словам яго ўспамінаюць тыя, каму дапамагаў будаваць дамы. А сам ён з гонарам прыгадвае, што ў свой час быў добрым хлебапёкам (тонкасці гэтай справы асвоіў яшчэ падчас службы ў войску). Ну і, канешне, добрая памяць ад дзеда Міколы не аднаго тутэйшага дзіцячага пакалення: яго алавяныя цацкі дапамагалі рабіць гульні больш цікавымі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Уладзіміра ЛЕШЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *