Рашэнне ёсць нават у самай складанай задачы. З дня ў дзень гэта даказваюць ляхавіцкія следчыя

Начальнік райаддзела СК Віталій Лабанаў і яго намеснік Аляксандр Траяноўскі.

Бывае работа, якая дакладна пачынаецца з 8.00 і хвіліна ў хвіліну ў 17.00 падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. І наступае час для дамашніх клопатаў і турбот. Ёсць іншая, яна ў рэжыме «25 часоў у суткі». Як, напрыклад, у супрацоўнікаў Следчага камітэта. І Ляхавіцкі райаддзел – не выключэнне. Аператыўна і аб’ектыўна расследаваць і выявіць усе дэталі злачынства, даказаць віну або яе адсутнасць – тут памылак быць проста не можа. За ўвесь час існавання гэтага падраздзялення не дапушчана беспадстаўнага ўзбуджэння крымінальнай справы, ні адзін чалавек не быў незаконна затрыманы, суд не вынес ніводнага апраўдальнага прыгавора. Следчыя выявілі, што злачынцы за гэты год нанеслі грамадзянам і арганізацыям Ляхавіцкага раёна шкоду ў памеры 15 тысяч беларускіх рублёў, 92 працэнты з якіх сёння ўжо кампенсаваны.
Сакрэт дакладнай, беспамылковай працы следчых просты і не новы – у людзях, у іх стаўленні да сваёй нялёгкай і нават часам небяспечнай службы. Паведамленне, што ўчынена чарговае злачынства, можа падняць сярод ночы, уклініцца ў працоўны дзень, умомант змяніўшы ўвесь расклад. Выехаць трэба адразу, агледзець месца здарэння, «прасканіраваць» сітуацыю (бывае, злачынцу можна «ўзяць» па гарачых слядах).
Узначальвае раённы аддзел СК падпалкоўнік юстыцыі Віталій Лабанаў. Калі з ім размаўляла, падумалася, як жа яму пасуе гэта прафесія. Спецыфіка справы, людскія лёсы, злачынства і пакаранне, галоўны пастулат – законнасць заўсёды, законнасць усюды, закон для ўсіх –  Закон. Віталій Лабанаў можа расказваць пра службу бясконца, успамінаць шматлікія заблытаныя справы.
А ўсё пачыналася з літаратуры і зразумела, які жанр быў у фаворы. Прачытаў Артура Конан Дойла, Эдгара По, Агату Крысці, Мікалая Чаргінца… У кнізе і сёння Віталій Аляксандравіч бачыць цудоўную магчымасць абстрагавацца ад работы. Зусім не горшую, чым футбол, якім ён займаецца даўно і ўсур’ёз. А яшчэ захапляецца шахматамі, і гэта хобі прынесла яму перамогу на адным з шахматных чэмпіянатаў краіны. Але ўсё названае толькі ў рэдкую вольную гадзіну.

Дзяжурны следчы Віталій Валошын (здымак уверсе),  следчыя Дзмітрый Карлюк і Аляксандр Еўхач.

Кожнае злачынства, сцвярджаюць следчыя, асобае: розныя матывы, свае прычыны, дэталі і нюансы. І нават самая маленькая зачэпка можа стаць грунтоўнай асновай для раскрыцця крымінальнай справы. Але галоўны аргумент супраць злачынцы – сляды, якія ў любым выпадку пакідае нават самы «вопытны і прафесійны».
А вы чулі, што існуюць сляды паху чалавека? Віталій Лабанаў успамінае справу, калі злодзея ўдалося знайсці па… насоўцы. А дапамаглі ў гэтым спецыяльна навучаныя сабакі.
Раскрыццё любога злачынства патрабуе аператыўнай работы. Інфармацыю трэба сабраць максімальна хутка: апытаць сведак, пагаварыць з блізкімі ахвяры, аднавіць храналогію злачынства, атрыманыя звесткі сістэматызаваць, знайсці сувязь. У дапамогу – логіка. Між іншым, яна адна з цаглінак паспяховага расследавання ў спалучэнні з веданнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і псіхалогіі.
Гісторыі з іх следчага жыцця чалавеку ў цывільным могуць здацца сюжэтамі з дэтэктываў, серыялаў і трылераў… Жонка ўдарыла мужа нажом прама ў сэрца. Сёння яна адбывае пакаранне за забойства, але ахвярамі сталі і трое яе маленькіх дзяцей, якіх накіравалі ў інтэрнат. Не менш жудаснае параўнальна нядаўняе злачынства, следства па якім закончана, – жорсткае забойства роднага брата сястрой. Яна нанесла яму пяць удараў нажом, смерць наступіла на месцы здарэння ад страты крыві.
Не кожны здолее стаць следчым. Нельга быць у гэтай прафесіі напалову –  толькі аддана, толькі на поўную сілу.
Адбор у рады следчых заўсёды суправаджаецца саліднымі патрабаваннямі.
Сваім калектывам падпалкоўнік юстыцыі Лабанаў ганарыцца, у кожным упэўнены, называе асамі. І няхай аддзел невялікі, работу выконвае проста тытанічную. Толькі за гэты год расследавана 75 крымінальных спраў, да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 81 абвінавачваны. У 41 працэнце выпадкаў злачынства раскрыта менш чым за месяц.
Спачатку следчы, потым – старшы, пасля – начальнік папярэдняга следства, а сёння ён падпалкоўнік юстыцыі, намеснік начальніка райаддзела СК Аляксандр Траяноўскі. Дзіцячая мара ісці па гарачых слядах злачынцы, супастаўляць факты, аналізаваць і знаходзіць адказы на самыя «глухія» пытанні справы – усё гэта ператварылася ў мэту, пасля ў вучобу ў юрыдычным каледжы і Акадэміі міліцыі, цяпер жа – у працоўныя будні. Яго крэда –
заўсёднае самаўдасканаленне і самаразвіццё. Уважлівы да ўсяго і ўсіх, дакладны ў сваіх дзеяннях, упэўнены ў тым, што робіць. Ён ведае, што ў крымінальных справах дваякасці быць не можа, як і кампрамісу: злачынец будзе пакараны, але віну трэба даказаць.
Сёння ў аддзеле працуюць два старшыя следчыя – Міхаіл Ланкуць і Дзмітрый Гатоўчыц, следчыя Віталій Валошын, Аляксандр Еўхач, Дзмітрый Карлюк.
– І лічбы, што гавораць пра выніковую работу аддзела, гэта заслуга, намаганні і жаданне маіх калег дапамагчы людзям. Не прайсці міма, не проста паслухаць і запратакаліраваць, а ўнікнуць і раскрыць справу, – сцвярджае Віталій Лабанаў.
Сёння супрацоўнікі гэтага сур’ёзнага аддзела адзначаюць прафесійнае свята.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

З УЗНАГАРОДАЙ!

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за належнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці і ў сувязі з прафесійным святам – Днём супрацоўніка органаў папярэдняга следства ўзнагароджаны старшы следчы Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта маёр юстыцыі Дзмітрый ГАТОЎЧЫЦ;
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – следчы Ляхавіцкага РАСК капітан юстыцыі Аляксандр ЕЎХАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *