Горкія наступствы салодкага. 14 лістапада — Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету

Больш за 425 мільёнаў чалавек у свеце  жывуць з дыягназам «цукровы дыябет». Гэта хвароба датычыцца многіх сем’яў, таму тэмай Сусветнага дня барацьбы супраць дыябету, што адзначаецца  14 лістапада, сёлета і ў наступным годзе абрана «Сям’я і дыябет».

Самы распаўсюджаны від хваробы – дыябет ІІ тыпу –  мае спадчынную схільнасць: калі хтосьці з блізкіх сваякоў меў такі дыягназ, рызыка захварэць вельмі высокая. Да фактараў, што спрыяюць развіццю хваробы, адносяцца атлусценне, празмернае ўжыванне салодкай і тлустай ежы, маларухомы лад жыцця.
Медыкі б’юць трывогу: калі не прыняць дзейсныя меры па прафілактыцы і выяўленні хваробы, то праз 20 гадоў колькасць людзей з «салодкім» дыягназам можа павялічыцца ўдвая.
У раёне на дыспансерным уліку з дыягназам «цукровы дыябет» знаходзіцца 1098 хворых, дыябет ІІ тыпу дыягнаставаны ў 1054 жыхароў (пяцёра – непаўналетнія).
У нашай краіне ўсе пацыенты з такім дыягназам атрымліваюць лякарствы бясплатна, у тым ліку і ін’екцыі інсуліну. Раз у паўтара-два месяцы яны павінны абавязкова прыходзіць на прыём да эндакрынолага. Аднак, не ўсе такія дысцыплінаваныя. Між тым, грэбаванне ўласным здароўем можа прывесці да трагічных наступстваў: калі ўзровень глюкозы ў крыві пастаянна павышаны, з часам гэта прывядзе да сур’ёзнага пашкоджання многіх сістэм арганізма, асабліва нервовай і крывяноснай. Дыябет можа па-шкоджваць сэрца, сасуды, вочы, ныркі, прыводзіць да хранічных праблем і нават лятальнага зыходу.
Цукровы дыябет, асабліва  ІІ тыпу, лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць яго і ўскладненні. Медыцынскія рэкамендацыі простыя і эфектыўныя: дабіцца аптымальнай вагі і падтрымліваць яе; абавязкова не менш за паўгадзіны ў дзень займацца фізкультурай; забяспечыць здаровае харчаванне (уключаць у меню кашы, агародніну, рыбу, нятлустыя малочныя прадукты і мяса, спажываць менш солі і цукру); кінуць курыць.
Моцная смага, пастаяннае адчуванне стомленасці, павелічэнне ці змяншэнне вагі цела без канкрэтных прычын, мышачная слабасць, санлівасць, павышаная патлівасць, сверб скуры – калі заўважылі ў сябе нават некаторыя з гэтых сімптомаў, паспяшайцеся на прыём да эндакрынолага, у яго адсутнасць – да тэрапеўта.
Калі цукровым дыябетам ІІ тыпу пакутуюць у асноўным дарослыя, то дыябетам І тыпу – пераважна дзеці і падлеткі. Асноўная дыягностыка на ранніх этапах – тэсціраванне крыві.
Салодкасці не выклікаюць дыябет ІІ тыпу, аднак лішак калорый любога віду (пячэнне, цукеркі, бульба, салодкія напіткі) ці недастатковая фізічная актыўнасць у спалучэнні з пераяданнем істотна ўплываюць на развіццё  атлусцення. Бацькі павінны ведаць, што калі ў дзіцяці ёсць генетычная схільнасць да цукровага дыябету  ІІ тыпу, атлусценне значна павысіць верагоднасць яго развіцця ў наступныя гады.
Лячэнне цукровага дыябету накіравана на зніжэнне ўзроўню ўтрымання глюкозы ў крыві, іншых фактараў рызыкі, якія разбураюць крывяносныя сасуды.
Людзям з дыябетам І тыпу неабходны інсулін,  ІІ тыпу – у асноўным таблеціраваныя прэпараты, але ў складаных выпадках – таксама інсулін. У нашых аптэках ёсць у дастатковай колькасці прэпараты для лячэння цукровага дыябету, прыборы для дыягностыкі і кантролю за ўзроўнем глюкозы ў крыві.
Пры райбальніцы працуе школа дыябету. З яе наведвальнікамі праводзяцца і індывідуальныя заняткі, на якіх, у тым ліку, паказваецца, як правільна карыстацца глюкометрам, вымяраць і кантраляваць ціск, даглядаць за скурай ног, харчавацца, весці здаровы лад жыцця.
Формула «дыябет – не хвароба, а лад жыцця» – не проста словы, гэта мудрая і дзейсная ўнутраная ўстаноўка, якая дапаможа паўнацэнна і шчасліва жыць.
Вольга Барташэвіч, урач-эндакрынолаг.

Фота з сайта http://tehnikaportal.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *