Свой прафесійны дзень адзначаюць работнікі Ляхавіцкага ДРБУ-200

Начальнік Ляхавіцкага ДРБУ-200 Сяргей Лаптановіч.

Для чалавека за рулём у абставінах канкрэтнай сітуацыі правілы дарожнага руху вызначаюць выключна адну дарогу ў якасці галоўнай, то для дарожнікаў — а ў нашым раёне гэта філіял КУП «Брэстаблдарбуд» Ляхавіцкае ДРБУ-200 — яны ўсе і заўсёды галоўныя.

Скептыкі былі, ёсць, будуць. Але і сярод іх, думаецца, не знойдзецца гатовых аспрэчваць відавочнае: апошнім часам Ляхавіччына нязменна «прырастае» дарожнай інфраструктурай. Учарашнія банальныя гравійкі прымяраюць свежае ўдасканаленае дарожнае ўбранне. Стары, праслужыўшы вераю і праўдаю асфальт цэлымі ўчасткамі калі не мяняецца на новы, то шляхам нанясення дадатковага паверхневага слою выраўноўваецца-умацоўваецца.
Іншы выгляд і функцыянальнасць набываюць прыпынкі грамадскага транспарту, элементы дарожнай інфраструктуры, што «адказваюць» за арганізацыю дарожнага руху. Пад апошнімі маюцца на ўвазе дарожныя знакі, вертыкальная і гарызантальная разметка, штучныя няроўнасці на дарогах, безліч іншага абсалютна неабходнага і патрабуючага пастаяннай пільнай увагі кіраўніцтва, інжынерна-тэхнічных работнікаў і рабочых Ляхавіцкага ДРБУ-200. Патрэбны свежыя прыклады? Яны навокал, навідавоку, практычна па ўсёй тэрыторыі Ляхавіччыны.

Інжынерна-тэхнічны, фінансава-эканамічны «блок» прадпрыемства: дакладнасць — іх «рэлігія».

«Не засталося ніводнага населенага пункта ў раёне, дзе б ужо ў гэтым годзе не папрацавалі нашы спецыялісты, прычым з нязменнай добрасумленнасцю. Аднаўлялі профіль гравійных дарог, займаліся ўстройствам асфальтабетоннага пакрыцця. Што тычыцца ямачнага рамонту, — зроблена, лічу, нямала з належнай якасцю», — гаворыць начальнік прадпрыемства Сяргей Лаптановіч. На сваёй сённяшняй пасадзе Сяргей Мікалаевіч нямногім больш за год. Па мерках абсалютнага часу — усяго-толькі. І адметны перыяд, калі паглядзець на яго праз прызму зробленага, таго, што атрымалася ў вытворчым і арганізацыйным планах. «Рознабакова адукаваны малады кіраўнік. Дэмакратычны, аднак, гатовы пайсці і на радыкальныя, калі патрабуе справа, рашэнні. Акуратны ў паводзінах, меркаваннях …» — коратка і ёміста сказаў пра Сяргея Мікалаевіча адзін з яго калег.
У значнай ступені, дзякуючы менавіта яго ініцыятыве і намаганням, наша дарожна-будаўнічае ўпраўленне атрымала эксклюзіўную — іменна так — магчымасць рабіць ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця па-новаму. У разы больш прадукцыйна, на куды больш высокім узроўні якасці, доўгатэрміновасці паслярамонтнай эксплуатацыі. Адзіную ў сваім выкананні ў краіне спецаўтаўстаноўку для выканання ямачнага рамонту многія паспелі ужо ўбачыць. Калі не працэс работы, то яе вынікі. Латанне дзірак у асфальтабетоне ажыццяўляецца так званым струменева-ін’екцыйным спосабам. Зразумелай мовай кажучы, блізкая па саставу да асноўнага матэрыялу кампанентная сумесь пад ціскам шчыльна запаўняе выбоіну ў асфальце. Пры гэтым гарантуецца акуратнасць, дакладнасць і канчатковая якасць у разы больш высокая, чым пры «класічным» — з выкарыстаннем шанцавага інструмента — спосабе выканання гэтай жа работы. Устаноўка СТІМ-5000 з’яўляецца пакуль эксперыментальным узорам. Зманціравана і шасі МАЗ і ўяўляе сабой адаптаваны пад мясцовыя ўмовы ўзор даўно і добра зарэкамендаваўшага сябе замежнага аналага. Работу агрэгата забяспечвае экіпаж з двух чалавек, аб’ёмы вытворчасці пры гэтым як мінімум супастаўныя з тым, на што здольны дзясятак «звычайных» дарожных работнікаў.
А зараз ад аргументаў пяройдзем да фактаў на карысць самай інавацыйнай навінкі Ляхавіцкага ДРБУ. З 23 ліпеня, калі «дэбютавала» на нашых дарогах па верасень ўключна, пры дапамозе устаноўкі выканана ў суцэльным пераразліку 4700 метраў квадратных ямачнага рамонту ці, прыкладна, палову ўсяго зробленага ў гэтым накірунку. «Значную частку праблем удалося вырашыць з дапамогай устаноўкі. Высокапрадукцыйная, надзейная ў рабоце. Але, як і ў любой справе, галоўнае за чалавекам. Яго ўменнем, стараннем, пачуццём адказнасці. Усяго пералічанага не займаць Дзмітрыю Багдановічу і Аляксандру Шыбкоўскаму, якім даверана новая тэхніка. Імкнёмся падтрымаць іх і матэрыяльна і маральна. За поспехі ў працы і ў сувязі з нашым прафесійным святам Дзмітрый і Аляксандр адзначаны дадаткова. У ліку 8 лепшых нашых работнікаў атрымаюць ганаровыя граматы з адпаведным таму фінансавым дапаўненнем», — гаворыць Сяргей Лаптановіч.
Прадоўжым сэнсавы рад начальніка і назавём шасцёрку іншых дарожнікаў, чыя праца адзначана ў святочных загадах аб узнагароджанні. Таксама ганаровыя граматы ДРБУ атрымаюць трактарыст Андрэй Пілінога, машыніст аўтагрэйдэра Юрый Пілінога, вадзіцель аўтамабіля Валерый Сяргей. Ганаровыя граматы КУП «Брэстаблдарбуд» будуць урачыста ўручаны машыністу экскаватара Мікалаю Равяку і слесару па рамонце дарожнай тэхнікі Уладзіміру Буйко. Разам з уручэннем адпаведнага дыплома, партрэт дарожнага рабочага Івана Рочака будзе размешчаны на Дошцы гонару КУП «Брэстаблдарбуд».

Дарожны рабочы Іван Рокач.

422 кіламетры дарог ў сумарным варыянце знаходзяцца ў зоне адказнасці Ляхавіцкага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення. Рознай статуснасці, грунтовыя, гравійныя, пакрыццё ж амаль дзвюх соцень кіламетраў — удасканалены асфальтабетон. І тэндэнцыя ў бок павелічэння апошніх вытрымліваецца год ад году. Калі ж прыплюсаваць сюды яшчэ амаль 160-кіламетровы вулічны шлях населеных пунктаў раёна, атрымаецца — уявім сабе — без нейкіх двух дзясяткаў, 800-кіламетровы адрэзак дарожнай стужкі. Само па сабе багата, а бываюць жа выпадкі, што кожны яе кіламетр патрабуе максімальна аператыўнай увагі, калі без умяшальніцтва дарожнікаў дарога «становіцца». Пасля завей, напрыклад, шчодрых снегападаў. У такія перыяды для дарожнікаў наступае асобы рэжым работы — працаваць даводзіцца ў цёмны час сутак і зусім не па 8 нарматыўных гадзін у суткі. Для чаго гэтыя адвольныя, быццам бы, разважанні? Каб адносіцца з цярплівасцю, аб’ектыўна і ў пэўныя моманты разумець, што не ўсё адразу. Гэта першая прычына, другая ў тым, што абазначаны няпросты перыяд ужо, можна сказаць, на парозе. «Сані» Ляхавіцкага ДРБУ па большасці сезонных пазіцый гатовы. У дапаўненне да ўжо парадкам праслужыўшага, сёлета дадаткова закуплена некалькі адзінак навяснога абсталявання для расчысткі снегу. У наяўнасці 80 працэнтаў сезоннай патрэбнасці ў запасах пясчана-салянай сумесі.
Яшчэ вельмі нядаўна аб сістэмах спутнікавай навігацыі гаварылі як пра нешта далёкае, зусім не наша. Сёння калі і гавораць, то як пра абсалютна звычайнае, банальнае, нават. Многія, у тым ліку і ляхавіцкія дарожнікі, паставілі навігатары сабе на службу. 17 транспартных адзінак ДРБУ абсталяваны сістэмамі спутнікавага пазіцыяніравання. Зручнасць у тым, што ў рэжыме рэальнага часу можна вызначыцца з месцазнаходжаннем канкрэтнага аўто, трактара, грэйдэра. Калі трэба рацыянальна вырашыць неабходнасць яго далейшага маршруту, вызначыцца і даць каманду на перамяшчэнні. Падобны маніторынг мала што патрэбны — эканамічна выгадны, дысцыплінуе.

Вадзіцель Дзмітрый Багдановіч, машыніст аўтагрэйдэра Юрый Пілінога, вадзіцель Валерый Сяргей, машыніст-экскаватара Мікалай Равяка.

За менш чым год Ляхавіцкае ДРБУ-200, як прагучала падчас нашай перадсвяточнай размовы, аптымізавала свой штатны склад. ”У нас працуюць цудоўныя механізатары, выдатныя вадзіцелі, — гаворыць начальнік. — Добрыя і працавітыя дарожныя рабочыя, прафесійна граматныя інжынерна-тэхнічныя работнікі. Нават не бяруся вызначаць нейкага асобна».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *