Наш голас – наш выбар. Як праходзілі выбары на Ляхавіччыне, на ўласныя вочы пераканаліся карэспандэнты раёнкі


Сям’я ляхавічан Дзянейка прагаласавала на Гагарынскім участку.

Яўка на выбарах ў Брэсцкай вобласці перавысіла паказчык папярэдняй выбарчай кампаніі і дасягнула 79,34 працэнта.

Па інфармацыі, агучанай на прэс-канферэнцыі старшынёй абласной выбарчай камісіі Аляксандрам Калядой, найбольшая актыўнасць выбаршчыкаў зарэгістравана ў Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе №7, што ўключае ў сябе Баранавіцкі, Ляхавіцкі і частку Ганцавіцкага раёна. Тут прагаласавала 90,79 працэнта ўнесеных у спісы выбаршчыкаў.
Як праходзілі выбары на Ляхавіччыне, на ўласныя вочы пераканаліся карэспандэнты раёнкі.

Першыя жадаючыя прагаласаваць з’явіліся на парозе Ляхавіцкага-Кастрычніцкага ўчастка № 39 яшчэ да адкрыцця. 200 выбаршчыкаў – роўна трэць ад унесеных у спісы – скарысталіся магчымасцю зрабіць выбар датэрмінова. Сярод іх, напрыклад, ляхавічанка Леакадзія Жукоўская. І ў свае 87 гадоў яна застаецца чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і надзвычай адказна ставіцца да ўдзелу ў выбарах, расказала старшыня камісіі Наталля Багдановіч. Каля 20 землякоў шаноўнага ўзросту, у тым ліку сям’я старэйшых выбаршчыкаў Станіслава і Зінаіды Шклянікаў, звярнуліся ў камісію з просьбай арганізаваць для іх галасаванне дома.
На сельскіх выбарчых участках жадаючых прагаласаваць па месцы жыхарства традыцыйна яшчэ больш. Напрыклад, на Конькаўскім № 49 такіх камісія налічыла каля 70: пажылым вяскоўцам цяжка было б самім дабірацца з суседніх вёсак. А члены камісіі дайшлі да кожнага.
Ляхавіцкі-Бальнічны ўчастак для галасавання № 41 – адзіны закрыты, што працаваў у раёне 17 лістапада. У спісах выбаршчыкаў – 118 пацыентаў, якія гэтымі днямі праходзяць лячэнне ў стацыянары; у камісіі – выключна медыкі. Усё прадумана, пралічана і арганізавана з поўнай зручнасцю для галасуючых. Калі нехта не ў стане дайсці да кабінкі, размешчанай у актавай зале, урну даставяць прама ў палату, тлумачыць старшыня ўчастковай камісіі Міхаіл Куляшоў. Па стане на 8.30, усяго за паўгадзіны з пачатку галасавання, свой выбар зрабілі 75 чалавек – больш за 63 працэнты ад агульнай колькасці галасуючых.
Гагарынскі ўчастак для галасавання № 36, што размясціўся ў раённай купалаўцы, сустракаў усіх смачнай прапановай ад райпо: на першым паверсе бібліятэкі разгарнуўся імправізаваны магазін з рознымі прысмакамі. На другім паверсе ў памяшканні для галасавання панавала спакойная дзелавая і добразычлівая атмасфера. На гадзінніку 14.30, а з 1297 бюлетэняў 876 ужо апушчаны выбаршчыкамі ў урны для галасавання.

У аграгарадку Русінавічы ўчастак для галасавання № 55 размясціўся ў СДК. Акрамя аграгараджан, сваё волевыяўленне тут выказвалі жыхары вёсак Гаслаўшчына, Жарскія, Мыслабаж, Рачканы.
Старшыня камісіі Людміла Сідорская паведаміла, што  з 602 выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання, 222 прагаласавалі датэрмінова. На ўчастку акрэдытавана шэсць унутраных наглядальнікаў ад прафсаюзаў, БРСМ, «Белай Русі», ветэранскай арганізацыі, Беларускага саюза жанчын, Камуністычнай партыі Беларусі (такі склад, дарэчы, быў характэрны для многіх участкаў).
На Начаўскім участку для галасавання № 54, які размясціўся ў будынку сельвыканкама, прыўзняты святочны настрой. Адзін з лепшых работнікаў ДП «Нача» механізатар Віктар Кунцэвіч прыйшоў на выбары разам з жонкай Галінай. Ён цвёрда перакананы, што прагаласаваць павінен кожны:
– Аддаеш свой голас – выбіраеш заўтра для сябе, сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Лічу, мы жывём добра: тыя, хто працуе, атрымліваюць дастойную зарплату, пенсіянеры – пенсію.
Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ірына Вайцешык расказала, што ўсяго за ўчасткам замацаваны 431 вясковец, самыя маладыя – Дзмітрый Зіневіч і Дзяніс Мазоль – галасавалі ўпершыню. А да 91-гадовага Івана Клішэўскага, як і яшчэ да 107 землякоў, члены выбарчай камісіі паехалі на дом.
Пад дахам гімназіі размясціліся адразу два выбарчыя ўчасткі для галасавання: Ляхавіцкі-Інтэрнацыянальны № 40 і Вялікалотаўскі № 58. На апошні напачатку 12 гадзіны завіталі карэспандэнты «ЛВ».
Атмасфера свята відавочная: спявала народная эстрадная студыя «Экспрэс». Дарэчы, міні-канцэрты арганізаваны на ўсіх участках.
Навучэнец ЛДАКа Аляксей Масцілоўскі крыху хвалюецца: першы раз прымае ўдзел у адказнай дзяржаўнай кампаніі ў якасці выбаршчыка (упершыню галасуючых на гэтым участку чацвёра).
Старшыня выбарчай камісіі Сяргей Багдановіч адзначае, што землякі даволі актыўна галасавалі датэрмінова (175 чалавек з 507, унесеных у спісы для галасавання). Многія выбаршчыкі ў шаноўным узросце пажадалі, каб урну для галасавання прынеслі ім дадому. Адзін з іх – ветэран Вялікай Айчыннай вайны 96 -гадовы Адам Галавач з вёскі Флер’янова.  Да галасавання Адам Дзмітрыевіч падышоў з усёй адказнасцю, з такой нагоды апрануў і свой парадны пінжак.
– Хачу, каб мае родныя жылі добра, каб не ведалі жахаў вайны, а наша Беларусь была моцнай, мірнай і прыгожай, – сказаў ветэран, апускаючы бюлетэнь у пераносную урну.

Матэрыялы падрыхтавалі Святлана БЕЛЬМАЧ, Галіна КАНЬКО, Сяргей ВАРАНОВІЧ.