У ноч з 27 на 28 лістапада на тэлефон 101 паступіла паведамленне пра пажар у жылым доме ў вёсцы Шчаснавічы

Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, будынак быў ахоплены агнём. Па словах суседзяў, у доме заставалася жанчына пенсійнага ўзросту. На жаль, калі звяно газадымаахоўнай службы ўвайшло ў памяшканне, то знайшло гаспадыню 1930 года нараджэння ўжо нежывой.

Па факце пажару РАНС, раённым аддзелам Следчага камітэта і РАУС праводзіцца праверка. Падчас яе высветлілася, што дом доўгі час (каля 8 гадоў) не эксплуатаваўся – пенсіянерка жыла ў дзяцей. Летась яна вярнулася ў сваю хату. Жанчына была абмежавана ў руху, таму даглядаў яе сын, які жыў у суседняй вёсцы. Вось і напярэдадні вечарам ён прапаліў печ, закрыў юшку і паехаў дадому…

Зусім нядаўна завяршыўся месячнік пажарнай бяспекі. Адной з яго мэт было выявіць людзей, якім патрэбна павышаная ўвага. Аглядавая камісія пры сельвыканкаме чамусьці не звярнула ўвагу на жанчыну, што пражывала адзінока, у доме нават не быў устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Хаця, усё ж у гэтым выпадку ён мог і не стаць панацэяй ад бяды.

РАНС яшчэ раз звяртаецца да дзяцей, чые бацькі маюць патрэбу ў дапамозе, з просьбай не пакідаць нямоглых людзей адных. І яшчэ адна важная парада, да якой неабходна прыслухацца ўсім: ацяпляльны сезон, можна сказаць, толькі пачаўся, наперадзе яшчэ некалькі яго месяцаў, падчас якіх трэба асабліва ўважліва ставіцца да захавання правілаў эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў. У тым ліку, не перапальваць печы.

Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *