Директор коммунхоза Александр Медвецкий ответил на вопросы «Ляхавіцкага весніка»

Азеляніцелі Ганна Урванцава, Аляксандр Капуза, Вераніка Кіршэўская, Таццяна Паўлава

Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі лічыць, што ўстойлівасць работы камунальнай службы забяспечваюць тры фактары: добрая каманда, тэхнічная аснашчанасць, паразуменне з боку раённай улады…
Гутарка з дырэктарам пачалася з надзённага.

— Аляксандр Яўгеньевіч, перад пачаткам ацяпляльнага сезона мы, у агульных рысах, гаварылі пра падрыхтоўку да яго. Планы, калі адным словам, выконваліся, усё выглядала дастаткова аптымістычна. Што паказала практыка паўтарамесячнай работы ў нагрузачным рэжыме?
— Гэта яшчэ не халодны час. У другой палове кастрычніка-лістападзе надвор’е было дастаткова мяккім. У нас штатная сітуацыя, у цэлым ацяпляльны сезон пачалі больш-менш нармальна. Сур’ёзных адключэнняў не было. Нешта лакальнае — так, але адразу ж і выпраўлялася.
— Між іншым, вытворчасць і дастаўка цяпла — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці вашага прадпрыемства.
— Статус «камунальнае многагаліновае» гаворыць сам за сябе. Паслугі, якія мы аказвалі, так і засталіся — прыватныя структуры ці індывідуальныя прадпрымальнікі на «камунальнае поле» Ляхавіцкага раёна прыйсці не пажадалі. Акрамя ацяплення, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, збор-вываз другаснай сыравіны, абслугоўванне (бягучы рамонт) жыллёвага фонду, пытанні добраўпарадкавання, лазневая гаспадарка, гасцініца, рытуальныя паслугі, кантрольна-вымяральныя прыборы і аўтаматыка. Ёсць энергетычны ўчастак, аўтатранспарт. Гэта «вузлы», якія былі і 5 гадоў таму. І якія мы, згодна дагавора з райвыканкамам, вядзём зараз. Па кожным з пералічаных накірункаў аказваем паслугі насельніцтву і юрыдычным асобам.

...і прыгожы вынік іх работы.

Калі ў цэлым гаварыць пра прадпрыемства, яно на добрым рахунку: сярод аднатыпных у вобласці мы стабільна знаходзімся ў ліку 5-ці лепшых. Па больш дакладным рахунку, займаем месца бліжэй да пачатку названай лічбы. Ну а поспехі гэтыя я звязваю, з аднаго боку, з тым, што на прадпрыемстве ёсць добрая каманда спецыялістаў-прафесіяналаў. Людзей адданых справе, якія ведаюць і гатовы выконваць свае задачы ў начны час, выхадныя і святочныя дні. Нармальны калектыў, лічу. Ёсць кіруемасць, сфарміравана штатная структура.
Два іншыя складальнікі поспеху — ў дастатковай тэхнічнай аснашчанасці і поўным паразуменні з боку раённай улады, фінансавага аддзела райвыканкама. Калі б не было нармальных рабочых адносін паміж нашымі бухгалтарамі, эканамістамі і фінансістамі райвыканкама — прадпрыемства мела б шмат больш праблем. Ведаю па вопыце сваіх калег з некаторых іншых раёнаў вобласці. У нас жа, акрамя таго, ёсць добразычлівыя адносіны, узаемапавага.
— Пра добраўпарадкаванне горада. У розных месцах можна назіраць — любавацца — сабранымі з галінак хвоі зялёнымі ўпрыгожаннямі. Рознай формы асобныя элементы ўтвараюць цікавыя завершаныя кампазіцыі. Даводзілася ўжо чуць хвалебныя водгукі…
— Калі ўзгадаць мінулыя гады, была іншая карціна: галінкі проста «ўтыкаліся» ў зямлю — і ўсё. Зараз мы пайшлі далей. Зялёныя ўпрыгожанні з той жа серыі, што і ландышы, парасон, туфлікі, мячык побач з спарткомплексам… Зялёнае на фоне белага снегу павінна радаваць вока. Няхай яно будзе не проста галінкай, а нечым цікавым і прывабным. Прыкладна такі падыход. Атрымалася, што дзесьці адначасова з каледжам мы пачалі рабіць падобныя кампазіцыі. Таксама і райпо. Можна сказаць, ідзе здаровая канкурэнцыя ў пытаннях «азелянення на зіму». Дабаўлю, між іншым, што ніякай шкоды прыродзе, жывым насаджэнням гэтым крокам не наносіцца. «Матэрыял», у асноўным, бяром з лясных дзялянак, якія выдаткоўваюцца нам для нарыхтоўкі дроў.
— Слова мадэрнізацыя зараз асабліва на слыху. На самай справе, неабходнасць удасканалення вытворчасцяў прадыктавана часам, новымі патрабаваннямі да якасці вырабляемых тавараў, аказваемых паслуг. Даўно наспела і, наколькі ведаем, вядзецца на вашым прадпрыемстве таксама дастаткова даўно, на рэгулярнай аснове.
— Так. І гутарка не аб удасканаленні арганізацыйна-штатнай структуры, а маюцца на ўвазе іменна тэхналагічныя мерапрыемствы. Калі прааналізаваць, што зроблена за апошнія гады, — атрымліваюцца сур’ёзныя рэчы. З аднаго боку, гэта дазваляе нам эканоміць сродкі, з другога — нарошчваць якасць паслуг. Два складальнікі, якія з’яўляюцца асновай дзейнасці камунгаса. Напрыклад, калі 5-6 гадоў таму мы толькі пачыналі мяняць старыя трубы цеплатрас на трубы папярэдне ізаляваныя, то зараз гэта ўжо як адзін з элементаў комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на эканомію рэсурсаў і, безумоўна, павышэнне якасці паслуг. Акрамя таго, выконваецца замена цеплаабменнікаў, помпаў. Манціруюцца электрапрывады з частотным рэгуляваннем, энергазберагальныя лямпы вулічнага асвятлення. У жылых дамах месцы агульнага карыстання абсталёўваюцца спецыяльнымі датчыкамі, прызначанымі «падаваць» святло па меры неабходнасці.

Слесары-рамонтнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Яўгеній Захаранка і Дзмітрый Курко.

Усё, што завязана на кожны дзень. У кватэрах павінна быць цёпла, светла, суха, утульна. А цяпло — гэта якасная гарачая вада. Можна ўзгадаць, што яшчэ 6 гадоў таму ў міжацяпляльны перыяд яна падавалася толькі 2 разы на тыдзень. Зараз — штодзённа, за выключэннем двух тыдняў, пакуль выконваюцца рамонтна-прафілактычныя работы. Здараюцца, канешне, і іншыя адключэнні асобных дамоў ад гарачага водазабеспячэння, але ў выключных выпадках, калі без гэтага немагчыма абысціся.
Закупляем тэхніку. Хутка будзем набываць чарговую пагрузачную машыну на базе МТЗ для нарыхтоўкі дроў. У планах таксама пакупка пескараскідвальніка на базе МАЗа, дзе прадугледжана і ўстаноўка адвалу для ўборкі снегу. Карацей, прадпрыемства працягвае дарогу ў накірунку тэхналагічнага пераўзбраення. Інакш развіцця не будзе, не будзе руху наперад. Для вырашэння гэтых пытанняў мы не пакінуты самі на сябе. Ёсць фінансаванне з раённага бюджэту, абласнога, прадпрыемства ўкладвае свае сродкі.
— Даволі «гарачай» з’яўляецца тэма своечасовасці разлікаў за паслугі ЖКГ.
Відавочна, што калі б усе спажыўцы плацілі па рахунках у нарматыўна адведзены час, камунгас бы меў дадатковыя магчымасці, напрыклад, для набыцця новай тэхнікі і абсталявання, выканання рамонтаў, іншае.
— Вельмі правільная думка. З пастаўшчыкамі электраэнергіі і прыроднага газу мы разлічваемся падэкадна. Так, за 20 дзён лістапада нам трэба «закрыць» каля 400 мільёнаў рублёў за электрычнасць і мінімум 2,5 мільярда за газ. А вяртацца грошы пачнуць толькі ў снежні. Камунгас, па сутнасці, крэдытуе спажыўцоў сваёй прадукцыі, сваіх паслуг. А яшчэ трэба ўлічваць, што ёсць і такое паняцце як пратэрмінаваная запазычанасць. Але, хачу адзначыць, мы «даходзім» да тых, хто нам вінаваты. Асабліва да грамадзян. Такога, практычна, няма, каб грамадзянін не плаціў больш за два месяцы, і яму за гэта нічога не было: рыхтуем матэрыялы і звяртаемся ў суд.
Зараз вядзецца маштабная інвентарызацыя. Сутыкаемся з сітуацыяй, калі знаходзяцца абаненты, якія за воду ніколі не плацілі. А цяпер дзівяцца выстаўленым штрафным санкцыям. Своечасовасць жа плацяжоў дазваляла б, напрыклад, мець рэзерв матэрыялаў на розныя надзвычайныя выпадкі: пацёк дах, прарвала трубу, «замкнула» электраправодку…
— Ведаю, Аляксандр Яўгеньевіч, што тэлефоны асноўных службаў вашага прадпрыемства спецыяльна не абсталяваны вызначальнікамі нумара. Але ўсе размовы запісваюцца камп’ютарам.
— Гэта свядомае рашэнне, з той мэтай, каб службовая асоба не мела магчымасці, скажам так, маніторыць званкі. Гэта і тэлефоны кругласутачнай дыспетчарскай службы, дырэктара, галоўнага інжынера, аддзела па разліках з насельніцтвам. З жалем, аднак, павінен сказаць, што работа са зваротамі некаторых грамадзян уяўляе сур’ёзную складанасць. Ёсць абгрунтаваныя звароты, а ёсць неабгрунтаваныя. Нават хочацца праз газету звярнуцца і папрасіць грамадзян аб карэктнасці. І ў адносінах да нашых дыспетчараў, і ў выпадку зваротаў да кіраўніцтва і спецыялістаў камунгаса. На жаль, занадта шмат іншы раз праяўляецца эмоцый, пры гэтым — мінімум інфармацыйнасці. Можна пачуць брыдкаслоўе, абразы. Абсалютная большасць званкоў па справе, у нармальнай танальнасці, добразычліва: кожны зварот камп’ютар «піша» дакладна, слова ў слова.
— Дзякуй за гутарку, Аляксандр Яўгеньевіч!
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *