Мой галоўны дакумент. У гарадскім Доме культуры вучні Ляхавіччыны атрымалі першы галоўны дакумент – пашпарт

Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў краіне традыцыйна стартавала ўсебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь». Ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнікам маладога пакалення ўручаліся першыя пашпарты.

13 сакавіка ў гарадскім Доме культуры сямёра рабят – вучні школ горада і раёна – атрымалі свой першы галоўны дакумент – пашпарт. Падарункам маладым грамадзянам да такой значнай падзеі стала Канстытуцыя.

На сцэну падымаліся юнакі і дзяўчаты – выдатнікі вучобы, актывісты школьнага жыцця, алімпіяднага руху, члены валанцёрскіх атрадаў, карэспандэнты школьных газет. Усе яны на сваім прыкладзе паказваюць, як у зусім юныя гады быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны: вучыцца, пазнаваць нешта новае, дапамагаць тым, каму гэта трэба, быць рашучымі і адказнымі.

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, пашпарт – гэта дакумент, які надзяляе чалавека ўсімі правамі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А гэта вялікі гонар і адказнасць перад грамадствам і перад самімі сабой.

Яшчэ адзін прыемны момант цырымоніі – уручэнне членскіх білетаў БРСМ. Актывістам іх уручыла першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Марыя Лутавінава (на здымку).

– Вы папоўнілі рады самай масавай маладзёжнай арганізацыі Беларусі. У кожнага з вас ёсць мэты. Ведайце, што дасягнуць іх разам з камандай аднадумцаў – прасцей і цікавей, – падагульніла бээрэсэмаўскі лідар.
Таксама былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю БРСМ.

Падзякай РК ГА БРСМ узнагароджаны пярвічкі Конькаўскага ВПК і Ліпскай сярэдняй школы.

Трэцяе месца занялі пярвічкі Тухавіцкай сярэдняй школы і СШ № 1. Другое месца ў Начаўскай сярэдняй школы і СШ № 2. А першай стала пярвічка Востраўскай сярэдняй школы.

Слова ў адказ трымала навучэнка СШ № 2 Аляксандра Кузьміч.

– Мы – тое пакаленне, у руках якога будучыня нашай Радзімы. І ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб змяніць жыццё, зрабіць яго ярчэй і цікавей, – дэкламавала дзяўчынка.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ.