Как сообщал «ЛВ», в апреле в Ляховичском районе впервые прошел единый день профориентации с участием представителей учебных заведений республики

Яны прэзентавалі ўмовы і асаблівасці навучання менавіта ў іх установе, перспектывы далейшага працаўладкавання. У фае гарадскога Дома культуры была арганізавана выстава інфармацыйных матэрыялаў, на якой юнакам і дзяўчатам, іх бацькам прадставілі вычарпальную інфармацыю пра магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, раскрылі перавагі і патрабаванні да прадстаўнікоў прафесій, прычым, вялікая ўвага надавалася надзвычай запатрабаваным сёння рабочым спецыяльнасцям.
Сёлета ў школах раёна налічваецца 272 выпускнікі, яшчэ 315 рабят заканчваюць 9 класаў. Для таго, каб паспяхова будаваць сваю будучыню, трэба ўлічваць не толькі ўласныя сілы і здольнасці, але і патрэбнасць раёна ў кадрах, попыт на рынку працы, падкрэсліла намеснік начальніка аддзела адукацыі Марыя Саракавік.
У гэты дзень рабятам расказвалі і дэманстравалі відэаролікі пра запатрабаванасць выпускнікоў старэйшай тэхнічнай ВНУ рэспублікі — БНТУ, пра магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі ў суседніх Баранавічах — у БарДУ, у тым ліку на базе Ляхавіцкага агракаледжа, наогул, пра тое, што сельскагаспадарчыя спецыяльнасці сёння сярод фаварытаў рынку працы. Арыгінальна прэзентавалі сваю ўстанову і будучыя прафесіі навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання.
На запатрабаваных рабочых прафесіях і спецыяльнасцях спыніліся прадстаўнікі Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання. Загадчыца сектара занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла прарэкламавала найбольш папулярныя ў моладзі прафесіі і магчымасці дапамогі службы занятасці ў працаўладкаванні, у тым ліку выпускнікам. У гэты ж дзень са старшакласнікамі СШ № 2 псіхолагі Брэсцкага цэнтра «Прафарыенцір» правялі прафесійнае тэсціраванне.
Такая актыўная форма прафарыентацыі неабходна як выпускнікам, так і навучальным установам. Для першых — гэта спосаб вызначыцца з пабудовай сваёй прафесійнай траекторыі, для другіх — не ўпусціць менавіта свайго навучэнца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *