Летні подых «Чайкі» /фота/

Шчаслівыя ўсмешкі, радасць ад сустрэчы са старымі сябрамі і знаёмства з новымі, мноства цікавых і запамінальных дзён і вечароў, цудоўны здаровы адпачынак ад гарадской мітусні, гаючае свежае паветра. Усё гэта “Чайка” – любімы многімі пакаленнямі хлопчыкаў і дзяўчынак дзіцячы аздараўленчы летнік. Трапіць сюда на адну са змен – мара многіх рабят. А дарослыя, ведаючы такое прыцягненне “Чайкі”, з года ў год ствараюць усё лепшыя ўмовы для юных адпачываючых: рамантуюцца памяшканні, добраўпарадкуецца тэрыторыя, устанаўліваецца новае абсталяванне, паляпшаецца быт, больш разнастайнай і змястоўнай становіцца праграма адпачынку.

Сёлета на другой змене, якая праходзіла пад дэвізам “Подых лета” адпачывалі 110 дзяцей з усёй Ляхавіччыны. Чым жа запомнілася ім ”Чайка”? Напрыклад, паказам “Экамода ХХІ стагоддзя”: рабяты разам з дарослымі падрыхтавалі з прыродных і спадручных матэрыялаў арыгінальныя ўборы і прадэманстравалі іх прысутным.

А колькі гумару, натхнення, крэатыўнасці было ўкладзена ў кожны нумар падчас конкурсу “У гасцях у казкі. На новы лад”. Любімыя і вядомыя не аднаму пакаленню “Курачка Раба”, “Церамок”, “Муха-цакатуха” загучалі зусім па-новаму. Мега-музычнае свята “Дзве зоркі” падрыхтавалі летнікаўцы для гасцей – сваіх мам і татаў падчас бацькоўскага дня. А яшчэ былі “Еўрабачанне”, “Слабое звяно”, спарт-ландыі і шмат чаго не менш цікавага.

Але лепш за ўсё пра свае ўражанні ад летняга адпачынку ў “Чайцы” раскажуць самі рабяты і іх старэйшыя сябры.

Раман БАЦКАЛЕВІЧ, 6 клас:
– Я тут ужо другі раз. Вельмі-вельмі падабаецца! Асабліва ўдзельнічаць у розных гульнях і спаборніцтвах, адно з самых захапляльных – “Апошні з магікан”. У гэтым годзе я трапіў у трэці атрад, які называецца “Міньён”. Пасябраваў з усімі.
Дарэчы, мама паабяцала, што і наступным летам купіць для мяне пуцёўку ў “Чайку”.
Паліна ФЕДАЛЮК і Таццяна ГРЫНЬ, выхавальніцы атрада “M&M’S”:
– У “Чайцы” заўсёды цудоўна. Праўда, гэты сезон для нас – асаблівы. Раней сюды нас прывозілі бацькі – адпачываць. А гэтым летам мы (Таццяна – студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Паліна – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – заўвага рэд.) у новай для сябе якасці – выхавальнікі. Толькі цяпер зразумелі, як складана калісьці было з намі важатым – гэта ж такая адказнасць. Пашанцавала: рабяты ў атрадзе ініцыятыўныя, вясёлыя, лёгкія на пад’ём. Наш атрад выдатна выступіў у спартландыі і конкурсе “Дзве зоркі”.
Напэўна, цёплыя ўспаміны дапамогуць нам і ў далейшай вучобе.
Ілья ГАРБАЧОЎ, 10 клас:
– У атрадзе “Белкі” нас 18, мы на гэтай змене старэйшыя. Усё цудоўна! Навокал дружалюбная атмасфера. Разам усюды: падчас працоўнага дэсанта, калі прыбіраем тэрыторыю, на дыскатэцы, на ўсіх мерапрыемствах. А якія класныя нашы важатыя! У іх столькі ідэй, што нам няма калі сумаваць.
Было прыемна, калі перамог у конкурсе “Містэр лагера” і заняў другое месца ў турыстычным.
Ксенія КЕНДЫШ, 12 гадоў:
– Нават не ўяўляла, што ў лагеры так добра. Я прыехала ў “Чайку” ўпершыню і адразу палюбіла яе. Жыву ў Дараве, там у мяне шмат сябровак, тут таксама знайшла многа. У нашым атрадзе – толькі дзяўчынкі, але ўсе такія добрыя! Заўсёды побач з намі самая лепшая на свеце важатая – Надзея Лапіч. Я вельмі здружылася з Аксанай Бортнік, Таняй Цімашок, Насцяй Свірыд – яны з Ляхавіч, Ангелінай Кудзінай з Вострава і Дашай Каліноўскай, якая таксама з Дарава.
Вельмі смачна кармілі: запяканка — пальчыкі абліжаш!
У наступным годзе зноў хачу ў “Чайку”!
Алеся ДАВЫДАВА, Віялета ВАЛАСЮК, Паліна ГЕРУС, Ульяна ДОМАШ (дзяўчынкі якраз выходзілі са сталовай, дзе ўмацоўвалі арганізм вітамінамі – пілі сокі):
– У лагеры ўсё супер! Мы з розных атрадаў—“Інтэрны”, “Дынаміт”, “Міньён”, але сябруем. Каб хто ведаў, як не хочацца адсюль ехаць. Канешне ж, сумуем па дому, але тут клёва. Нават, калі надвор’е было пахмурным ці дажджлівым, выхавальнікі і важатыя не давалі нам сумаваць. Адно кепска – змена кароткая, усяго 18 дзён!
Людміла ЛЕШЫК, начальнік аздараўленчага лагера “Чайка”:
– Я жыву летнікам. Тут пануе ні з чым не параўнальная атмасфера творчасці, натхнення, радасці. Нават паветра асаблівае, дыхаецца лёгка. І яшчэ больш прыемна становіцца на душы, калі бачыш шчырыя ўсмешкі дзяцей і чуеш падзякі ад іх бацькоў. У “Чайцы” я навічок і, канешне ж, хвалявалася, як усё атрымаецца. Вельмі дапамагалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, ды і калектыў падабраўся цудоўны. Разам мы каманда, назва якой “Чайка”.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Летні подых «Чайкі» /фота/

  • 09/08/2015 в 11:18
    Permalink

    ЗдОрово!
    Как у нас когда-то!!! :-)))
    Спасибо редакции за такие добрые репортажи!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *