ЛДАК чакае папаўнення

У прыёмнай камісіі ЛДАКа — гарачая пара.

У прыёмнай камісіі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – гарачыя дзянькі. Да 31 ліпеня тут можна падаць дакументы для паступлення ва ўстанову на аснове базавай школы, да 6 жніўня – сярэдняй школы. Сярод спецыяльнасцяў, як і раней, – агранамія, плодаагародніцтва, заатэхнія, ветэрынарная медыцына. Праўда, як і падчас мінулагодняй уступнай кампаніі, “на агранома” можна паступаць толькі з пасведчаннем аб заканчэнні базавай школы.

На ўсе спецыяльнасці залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, у якім адзнакі павінны быць не ніжэй “тройкі”.

Як расказала старшыня прыёмнай камісіі Аксана Ліхач, усяго плануецца набраць 151 навучэнца: 50 – на заатэхнію, 51 – на ветэрынарную медыцыну, па 25 – на агранамію і плодаагародніцтва. Па стане на 27 ліпеня жаданне стаць каляджанамі выказалі 112 юнакоў і дзяўчат, якія падалі дакументы ў прыёмную камісію (яна, дарэчы, працуе штодзённа, акрамя нядзелі, з 9 да 18 гадзін).

Геаграфія абітурыентаў даволі шырокая, хаця пераважная большасць традыцыйна – выпускнікі школ Клецкага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Папулярнасці ЛДАКа спрыяе выдатная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, добрая матэрыяльная база і належныя ўмовы для вучобы і адпачынку.

З прафарыентацыйнай мэтай у каледжы праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, дзейнічае свой сайт у інтэрнэце, мабільныя групы выкладчыкаў ЛДАКа выязджалі ў розныя раёны Беларусі, сустракаліся з выпускнікамі школ. Некаторыя з патэнцыяльных абітурыентаў прама на месцы пісалі заявы аб прыняцці на вучобу. Ім заставалася толькі падаць дакументы.

— Будучых навучэнцаў і іх бацькоў хвалюе забяспечанасць інтэрнатам, цікавяць памер стыпендыі, умовы навучання і будучае размеркаванне. Некаторыя на ўласныя вочы жадаюць паглядзець інтэрнат ці аўдыторыі, дзе праводзяцца заняткі. На ўсе пытанні можна атрымаць дасканалыя адказы ад членаў прыёмнай камісіі, — гаворыць Аксана Ліхач.

Дарэчы, выпускнікі каледжа маюць выдатны шанц атрымаць вышэйшую адукацыю па бесперапыннай сістэме. З 2011/2012 навучальнага года – і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

А пакуль іншыя толькі хвалююцца пра паступленне, будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі прымяняюць свае навыкі і веды на вопытных участках ЛДАКа. Вытворчая практыка для каляджан неад’емная частка навучання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *