Статус – патрэбнае. У Ляхавіцкім раёне другое жыццё набываюць «старыя» будынкі

Як жа сумна назіраць, як сіратліва стаіць і літаральна на вачах разбураецца прасторны будынак, дзе яшчэ зусім нядаўна кіпела жыццё… Такіх прыкладаў у населеных пунктах нашага раёна, на жаль, нямала. Зразумела адно – пры гаспадарскім стаўленні так быць не павінна. Пры зацікаўленым падыходзе ў былога будынка школы ёсць усе шанцы перакваліфікавацца, напрыклад, у аграсядзібу, лазні – у цэх дрэваапрацоўкі, СДК – у жылы дом…

Каб знайсці новых гаспадароў, пустуючыя аб’екты найперш павінны прайсці рэгістрацыю і мець адпаведныя дакументы. Як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, на Ляхавіччыне значна зменшылася колькасць аб’ектаў, што не маюць «пашпартнай» прыналежнасці, амаль усе яны ў КСУП «Ліпнянка» – 57.
– З 2008 года па выніках таргоў з 28 суб’ектамі гаспадарання і пяццю фізічнымі асобамі заключаны 33 дагаворы куплі-продажу аб’ектаў, што знаходзіліся ва ўласнасці раёна, за адну базавую велічыню. Аднак з-за невыканання прапісаных умоў карыстання восем дагавораў скасаваны, і 21 аб’ект вернуты ў камунальную ўласнасць. Напрыклад, у 2009 годзе дзіцячы сад у вёсцы Куршынавічы быў прададзены прыватнаму прадпрыемству, якое планавала заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але ўмовы па дагаворы не выконваліся, таму рашэннем суда ў верасні 2015 года дагавор скасаваны. Аб’ект неаднойчы выстаўляўся на аўкцыённыя таргі, але жадаючых купіць так і не знайшлося. Таму ў лістападзе 2017 года рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў будынкі перададзены бясплатна ІП Рамейка, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй.
Лёс аб’ектаў, якія прадаваліся ўжо двойчы, паўтарылі будынкі пачатковай школы ў Альхоўцах, Конькаўскага дзіцячага сада, Свяціцкага дзіцячага сада. Пасля таго, як у новага гаспадара не пайшоў бізнес у будынку былога неўралагічнага аддзялення Ляхавіцкай райбальніцы рашэннем сесіі райсавета дэпутатаў будынак перададзены Пінскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы. Як гаворыцца, вярнуўся да сваіх вытокаў: калісьці на гэтым месцы быў пабудаваны каталіцкі храм на ахвяраванні шляхціча Іосіфа Рэйтана. Цяпер тут знаходзіцца касцёл Святога Юзэфа.
У спартыўнай залы і інтэрната ў вёсцы Сваятычы і ўвогуле цяпер ужо трэці гаспадар – Блашэнка І. Я.
Ужо цяпер відавочна, што пашанцавала на другога ўласніка будынкам былой школы ў Альхоўцах. Калі яшчэ нядаўна здавалася, што вось-вось усё разбурыцца канчаткова і парасце пустазеллем, то цяпер тут поўным ходам вядуцца аднаўленчыя работы. Новы ўласнік у асобе ТАА «РГтранс» актыўна ўзяўся за справу. А плануецца тут вытворчасць морапрадуктаў – для Ляхавіччыны эксклюзіўная вытворчасць. На карысць таго, што ўсё павінна атрымацца, наступны факт: менавіта гэта фірма цяпер уладальнік будынка былой тутэйшай пачатковай школы, дзе перамены відавочныя: функцыянуюць лазня, банкетная зала, магазін.
Яшчэ напачатку гэтага стагоддзя разумнаму, добраму, вечнаму вучылі вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак у Зубелевіцкай школе. Але з часам колькасць дзяцей змяншалася, і школу закрылі. Некалькі гадоў будынкі пуставалі, тэрыторыя прыходзіла ў заняпад. Так, не ўсё і не адразу атрымалася ў новага гаспадара – ляхавічаніна Аляксандра Хмарука. Спатрэбілася нямала сіл, намаганняў, і цяпер нямала жадаючых ва ўтульнай вясковай атмасферы адзначыць юбілей, вяселле ці правесці карпаратыў у аграсядзібе. Зноў жа ў Зубелевічах пабудовы былога дзіцячага садка пасля правядзення вонкавага рамонту выкарыстоўвае ў якасці сартавальнага пункта ФГ «МітДАСон».
– Гэты гаспадар купіў і былую школу ў Ганчарах, закрытую ў 2015 годзе. Месца знаходжання будынка даволі перспектыўнае – прыкладна 300 метраў да аўтатрасы рэспубліканскага значэння. Можна было б арганізаваць што-небудзь накшталт прыдарожнага кафэ, тым больш, што ў нашым раёне такіх аб’ектаў, лічы, увогуле няма. Але кіраўнік «МітДАСона» вырашыў, што школа ператворыцца ў садовы аб’ект для вырошчвання ягад. Пры абследаванні аб’екта ў 2019 годзе ўстаноўлена, што ён выкарыстоўваўся па прызначэнні: у частцы памяшканняў захоўваюцца скрыні для вырошчвання клубніц, у іншых вырошваюцца ягады. Сёлета ж у чэрвені падчас абследавання карціна наступная: з агульнай плошчы амаль чатыры тысячы квадратных метраў задзейнічана каля 240 квадратных метраў. Таму аддзел па адукацыі райвыканкама накіраваў прэтэнзію ФГ «МітДАСон» аб неабходнасці задзейнічання ўсяго аб’екта, або паўстае пытанне аб вяртанні яго ў камунальную ўласнасць, – адзначае Святлана Валуй.
Калі гаварыць пра прыналежнасць аб’ектаў, якія прадаваліся за адну базавую велічыню, то большасць з іх – былыя школы і дзіцячыя садкі, установы культуры. У будынку былой Сваятыцкай БШ ТАА «Ілект» вырабляе вокны і дзверы, маскітныя сеткі і іншае. Падобны профіль і ў ТАА «Фабрыка святлопразрыстых вырабаў», што размясцілася ў колішнім Конькаўскім ДС. ПГУП «Эйбіка», якое купіла былую Свяціцкую СШ, спецыялізуецца ў сферы лагістыкі грузавых перавозак. Акрамя таго, распрацаваны план вытворчасці ўласнай сыравіны – парасткаў пшаніцы. Плануецца высадзіць на тэрыторыі былой школы  400 саджанцаў абляпіхі.
Індывідуальны прадпрымальнік Ізафатаў, які займаецца аказаннем рытуальных паслуг, выкупіў пабудовы былога вучэбна-вытворчага камбіната ў райцэнтры, у памяшканнях абсталяваны рытуальная зала, гандлёвы аб’ект. Ёсць і складскія памяшканні, наладжаны выпуск рытуальных рэчаў.
Некалькі гадоў назад разнастайныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы, пленэры, выставы, канцэрты, конкурсы мастакоў праходзілі ў Куршынавічах, у «Міжнародным доме мастацтваў». Усё гэта адбывалася ў будынку былога тутэйшага СДК. Праўда, апошнім часам мерапрыемствы «закансерваваліся». Прычыны невядомыя.
Карыстаюцца папулярнасцю ў новых гаспадароў і будынкі былых лазняў. Па словах Святланы Валуй, з КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» заключаны чатыры дагаворы куплі-продажу. Такога кшталту аб’ект у Русінавічах набыло  ТАА «Лофттайм» і арганізавала цэх дрэваапрацоўкі, цяпер тут офіс таварыства. А вось ІП Піваварчык купіў былую лазню ў Альхоўцах, каб займацца на аб’екце прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Пэўная колькасць аб’ектаў, якія яшчэ нядаўна мелі статус пустуючых, прадаецца пад будучае жыллё. У кастрычніку 2020 года прададзены пад жылы дом сельскі клуб у Канюхах. Пакупнік забяс-печвае захаванасць маёмасці. На такіх жа ўмовах прададзены дзіцячыя сады ў Каранеўшчыне, Галаўнінцах, комплексны прыёмны пункт у Альхоўцах і іншыя.
– Па стане на пачатак лістапада 2021 года, на аўкцыён з устаноўленым коштам продажу адна базавая велічыня выстаўлены лазня ў Канюхах, сельскі Дом культуры ў Галаўнінцах. Умовы продажу наступныя: прадпрымальніцкая дзейнасць, пад жыллё ці пад знос. У 2022 годзе запланаваны на продаж будынкі музычнай школы ў Тухавічах, Мыслабажскі Дом народнай творчасці, будын-кі Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, – падкрэслівае Святлана Валуй.
Што ж, магчыма, другое жыццё ў нядаўна пустуючых аб’ектаў стане больш працяглым і насычаным. Галоўнае, каб яны атрымалі шанц стаць зноў патрэбнымі. Усім інвестарам з добрай рэпутацыяй у нашым раёне ўключана зялёнае святло.

Галіна КАНЬКО.