У трэндзе сямейнага адпачынку. Сярод тых, хто прадстаўляў турысцкія маршруты на выставе «Адпачынак-2022» быў і Ляхавіцкі раён

Вясна – самы час вызначыцца з летнім адпачынкам: дзе, калі і як. Ідэальны памочнік у гэтым – міжнародны вясновы кірмаш турысцкіх паслуг «Адпачынак-2022». Сёлета ён праходзіў 24-ы раз з 31 сакавіка па 2 красавіка. Яго арганізатар – Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» сумесна з Міністэрствам спорту і турызму.

Больш за сотню ўдзельнікаў прэзентавалі турысцкі патэнцыял сваіх рэгіёнаў і краін, наладжвалі дзелавыя кантакты: Пакістан, Кыргызстан, Узбекістан, Венесуэла, Ленінградская, Пскоўская
і Варонежская вобласці Расійскай Федэрацыі і многія іншыя. Сярод тых, хто прадстаўляў турысцкія маршруты, быў і Ляхавіцкі раён.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука рэкламавала аўтамабільны тур выхаднога дня «Мама, тата, я – турысцкая сям’я!», які па задуме аўтараў звязвае ў адно падарожнае кальцо славутасці Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў: храмы розных канфесій, старажытныя сядзібы і музеі. На маршруце не толькі краявіды, але і зааландшафтны парк жывёл. Эмацыянальны і займальны расказ пра цікавыя мясціны Ляхавіччыны і суседняга рэгіёна выклікаў непадробны інтарэс, а яркі буклет-раскладушка ў выглядзе аўтамабіля прыцягваў да стэнда Брэстчыны шматлікіх наведвальнікаў.
«Вельмі смачна!» – такую ацэнку заслужылі – і не ўпершыню – пернікі, якія выпякае Ляхавіцкае райпо. На міжнароднай выставе адбылася іх чарговая дэгустацыя. Тое, што пернікі ўпрыгожвае надпіс «Ляхавічы» таксама працуе і на развіццё мясцовага гастранамічнага турызму.
– Удзел у выставе-кірмашы – унікальная магчымасць заявіць пра сябе ў пашыраных маштабах і пазнаёміцца з новымі турыстычнымі трэндамі. Упэўнена, варта гучна пачаць справу, каб аўтамаршрут «Мама, тата, я – турысцкая сям’я!»  стаў запатрабаваным, – падкрэслівае Таццяна Шчука.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.