Ад слова і да сэрцаў чытачоў «Ляхавіцкага весніка»

Старшыя аператары электроннага набору і вёрсткі Вольга Дашына і Наталля Кананенка, старшы карэктар Ларыса Панфіла.

Ствараць, друкаваць, распаўсюджваць “ЛВ” нам дапамагаюць нашы шаноўныя і надзейныя партнёры: калектывы філіяла №1 ААТ “Чырвоная зорка”, раённых вузлоў паштовай і электрычнай сувязі, раённага аддзялення “Брэстаблсаюздруку”, а таксама службы 166 Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”.

І мы шчыра ўдзячны за заўсёдныя падтрымку, разуменне і дапамогу!

Перш, чым трапіць у паштовыя скрыні і ў рукі чытачоў, раёнка праходзіць доўгі шлях. На яе маршруце клапатліва, адказна, прафесійна сваю работу выконваюць многія людзі. Спачатку нашы “веснікаўцы”-журналісты, аператары набору і вёрсткі, карэктар, спецыяліст па рэкламе. Здавалася б, як проста цяпер: узяў матэрыял, набраны журналістам на камп’ютары, і паставіў яго на месца, адведзенае адказным сакратаром на макеце газетнай паласы. На самай справе ад старшых аператараў Вольгі Дашынай і Наталлі Кананенка патрабуецца не толькі дакладнасць, але і творчасць, і нават крэатыў – каб кожная паласа была не падобнай на іншую. Гэта пра іх можна прачытаць усяго ў двух радках на апошняй старонцы раёнкі: “газета набрана і звярстана на настольна-выдавецкай сістэме рэдакцыі “ЛВ”.

Старшы карэктар Ларыса Панфіла – ”цэнзар” матэрыялаў, вораг памылак – дакладна вывярае кожнае слова, кожны сказ, каб коска была на сваім месцы, словы напісаны па правілах арфаграфіі. І толькі зверыўшы ўсё ад першага радка да апошняга, арыгінал-макет газеты адпраўляюць па электроннай пошце на чарговы ”прыпынак”.

Паштальён Ала Асімовіч – жаданы госць у дамах і кватэрах гараджан. Яна дорыць сустрэчу з раёнкай.

Назва яго – друкарня. А дакладней – філіял №1 ААТ “Чырвоная зорка” ў Баранавічах. Які ж гэта захапляльны і складаны працэс – друкаванне. Словамі не расказаць – трэба бачыць. Перш за ўсё – дадрукарская падрыхтоўка арыгінал-макета пры дапамозе спецыяльнага праграмнага забеспячэння. Далей – выраб арыгінал-макета на афсетнай плёнцы (фотаформы). На наступным этапе фотаформа трапляе ў раму для капіравання і пры дапамозе ультрафіялету адлюстраванне пераводзіцца на пласціну з алюмінію. І толькі потым фарба пераносіцца на газетную паперу. Яшчэ нейкі час – і свежы нумар газеты беражліва трымае ў сваіх руках друкар. Яго пільнае вока не прапусціць браку, уважліва агледзіць увесь тыраж.

У друкарні работу вядуць шматлікія спецыялісты, кожны з якіх уносіць уклад ”у стварэнне інфармацыйнага прадукту”, назва якога – газета.

Нарэшце, тыраж сфальцаваны, загорнуты і адпраўляецца на паштовай машыне ў Ляхавічы ў раённы вузел паштовай сувязі. Пакуль большасць з нас толькі збіраецца на работу, паштавікі займаюцца сартаваннем газетных старонак, раскладваюць іх. Затым паштальёны, шчыльна набіўшы сумкі карэспандэнцыяй, разносяць і развозяць яе па адрасах падпісчыкаў.

У кіёсках «Брэстаблсаюздруку» «ЛВ» заўсёды на бачным месцы.

А нашы сябры-партнёры – работнікі “Белаблсаюздруку” – распаўсюджваюць, акуратна раскладваючы па паліцах кіёскаў на самым бачным месцы “Ляхавіцкі веснік”.

“Прывітанне, раёнка!” – гаворыць удзячны чытач, адкрываючы чарговы нумар “ЛВ”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Друкуецца наша раёнка

Начальнік бюро дадрукаваных работ Раман Руцкі рыхтуе чарговы нумар да выпуску.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *