Праз коску… Для падлеткаў і моладзі Ляхавіччыны лета не толькі час адпачынку

Для многіх падлеткаў і моладзі лета не толькі час адпачынку, а і выдатны шанц паказаць сваю самастойнасць, зарабіць уласныя грошы. Здавалася б, месцаў, дзе спатрэбяцца маладыя працавітыя рукі, нямала: куды ні глянеш — аб’явы: “патрабуюцца, патрабуецца…” Але ці так усё проста на справе?

Пра лагеры працы і адпачынку, у якіх сёлета задзейнічаны 42 старшакласнікі з СШ № 1 і гімназіі, “ЛВ” ужо расказваў. Рабяты з Начы, Тухавічаў (зноў жа школьнікі) працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і вёсак. Чакаецца, што зноў толькі з лепшага боку падчас студэнцкага працоўнага лета заявіць пра сябе будатрад навучэнцаў ЛДАКа. На гэтым пералік рэальнага працаўладкавання юных, мусіць, і спыняецца.

Як запэўнівала яшчэ ў маі першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк, на старонцы РК БРСМ у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” будзе размешчаны пералік працоўных вакансій для маладых ляхавічан. Што маем на сёння? Амаль нічога. Не лічачы аб’явы, датаванай 24 мая, “Патрабуюцца! Важатыя ў педагагічны атрад у дзіцячы лагер “Зорны”, важатыя ў дзіцячыя лагеры Краснадарскага краю” .

Па словах маладзёжнага важака, яшчэ ў лістападзе мінулага года райкам накіраваў запыты ў 18 арганізацый і прадпрыемстваў раёна аб магчымасці працаўладкавання школьнікаў і студэнтаў у летні перыяд. Станоўча адказалі 7 суб’ектаў гаспадарання. У пераважнай большасці гэта сельгаспрадпрыемствы: СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, ДП “Нача”, яны выказалі гатоўнасць забяспечыць моладзь часовай работай на зернетаках, уборцы тэрыторый, у якасці пастухоў. Для фарбавання агароджы, уборкі тэрыторый патрэбны кадры ДРБУ-200, пасадкі лесу – лясгасу, азелянення, ямачнага рамонту дарог – камунгасу. Такія прапановы. Дарэчы, раней у спісах работадаўцаў на часовае месца працы значыліся яшчэ і “Трансэлектракамплект”, заводы “Металапластмас”, “Інтэрлак”.

А што ж з попытам? У райкам БРСМ за дапамогай у працаўладкаванні звярнуліся 14 юнакоў і дзяўчат (усе гараджане). Аднак, як расказала першы сакратар райкама, прапанаваныя вакансіі рабят не задаволілі, патлумачыла, што няма ў іх асаблівага жадання працаваць у вёсцы, “працоўныя” месцы прэтэндэнтам не спадабаліся.

Зазірнула на сайт Брэсцкага абкама БРСМ. Тут размешчана інфармацыя абласнога штаба працоўных спраў пра вакансіі для працаўладкавання моладзі, у тым ліку і ў летні час. Па стане на 30 мая для юнакоў і дзяўчат Ляхавіччыны цікавай інфармацыі няма — прапановы адсутнічаюць. А, напрыклад, у Баранавіцкім, Лунінецкім, Камянецкім, Івацэвіцкім, Пінскім, Ганцавіцкім і іншых раёнах вобласці – прапановы ёсць і на любы густ. У чым жа справа? Можа неабходна больш актыўнымі быць і бээрэсэмаўскім лідарам?

1197 юнакоў і дзяўчат нашага раёна аб’яднаны ў 61 пярвічку (самыя шматлікія вучэбныя — ЛДАКу, гарадскіх школах; сярод працуючай моладзі – у камунгасе, РАНС і РАУС). Напэўна, у кожнай праводзіцца якаясьці работа, ладзяцца мерапрыемствы, маладыя ўдзельнічаюць і ў грамадскім жыцці сваіх арганізацый, горада, вёсак. Многае залежыць ад таго, наколькі надзейны рулявы, сапраўдны важак, ці фантаніруе ён новымі ідэямі, задумкамі, арганізуе, прыдумвае, ці здольны павесці за сабой. Каму як не райкаму БРСМ на чале з першым сакратаром узяць на сябе лідарскія функцыі? А поле дзейнасці не проста шырокае – неабсяжнае. Напрыклад, арганізацыя вольнага часу моладзі. На жаль, не так многа запатрабаваных і цікавых мерапрыемстваў праводзіцца для моладзі ва ўстановах культуры раёна. Ды і асаблівай ініцыятывы бээрэсэмаўскіх лідараў не назіраецца. Так, у конкурсах, акцыях райкам прымае ўдзел. Часцей за ўсё – у якасці аднаго са спонсараў — уручальнікаў падарункаў і прызоў, іншы раз – каардынатара, памочніка, карацей – праз коску…

30 мая на рыначнай плошчы Ляхавіч актывісты БРСМ з гімназіі сумесна з валанцёрскім атрадам “Пошук” правялі акцыі “Стоп, нікацін” і “Кірмаш добрых спраў”. Падчас апошняй збіралі падарункі – адзенне, сувеніры для рабят з неўладкаваных сем’яў. Бясспрэчна, справа важная і заслугоўвае ўвагі і падтрымкі. Але не лішнім было б анансаваць гэта мерапрыемства. Тады паўдзельнічалі б у ім не толькі выпадковыя прахожыя, многія б мэтанакіравана прыносілі рэчы, адзенне, цацкі – усё, што спатрэбіцца дзецям.

12 чэрвеня з плошчы Перамогі ў Мінску стартаваў новы патрыятычны праект БРСМ маладзёжны марафон “70”, прысвечаны юбілейнай даце вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Гэты марафон праходзіць у межах акцыі “БелаРусь Маладая”. Яго ключавы момант – выстава на колах “Музей-бус”, дзе прадстаўлены экспанаты, якія сведчаць пра гераізм беларускага народа і расказваюць гісторыю вызвалення краіны ад акупантаў. 13 чэрвеня ўдзельнікі марафону і перасоўная выстава спыніліся ў Брэсце. З многіх раёнаў нашай вобласці з’ехаліся туды і самыя неабыякавыя прадстаўнікі пакаленя маладых. Дэлегацыі ляхавіцкіх бээрэсэмаўцаў там, на жаль, не было. Як патлумачылі ў райкаме БРСМ, першы сакратар знаходзілася ў водпуску – арганізаваць не было каму. Аналагічная карціна назіралася і падчас фестывалю маладзёжных субкультур у Брэсце: ён прайшоў без удзелу таленавітых ляхавічан.

На старонцы райкама БРСМ “ВКонтакте” нямала інфармацыі пра шматлікія акцыі, конкурсы, праекты, дыскатэкі. Але ініцыятары іх часцей за ўсё выступаюць рэспубліканскія, абласныя структуры. А дзе ж ініцыятыва і прапановы райкама БРСМ, сакратароў пярвічак, актывістаў? Вельмі хочацца, каб у цікавай і карыснай справы было і ляхавіцкае аўтарства, не праз коску, а з шматкроп’ем.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *