Знайсці ісціну. Крэда і абавязак следчых – служыць закону

3 гады назад, 12 верасня 2011 года быў утвораны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Новае падраздзяленне сілавых структур створана з мэтай удасканалення дзейнасці органаў папярэдняга следства, узмацнення абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовай крымінальнай вытворчасці.

Ляхавіцкі раённы аддзел, як і ўвесь СК, пачаў работу з 1 студзеня 2012 года. Начальнік РАСК Віталій Лабанаў падкрэслівае: за гэты час удалося арганізаваць работу так, што якасць і хуткасць раскрыцця крымінальных злачынстваў павялічыліся. Сёлета за 8 месяцаў у вытворчасці супрацоўнікаў аддзела знаходзіліся 163 крымінальныя справы, 85 іх завершаны, у тым ліку 62 (4 з якіх групавыя) накіраваны ў суд. Па накіраваных у суд справах расследаваны 74 эпізоды злачыннай дзейнасці, у тым ліку 43 — па лініі крымінальнага вышуку. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 66 абвінавачаных, з якіх чацвёра — непаўналетнія.

— Асноўная задача супрацоўнікаў аддзела — усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае, аператыўнае і якаснае расследаванне злачынстваў, захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў пра злачынствы, узбуджэнні крымінальных спраў, правядзенні папярэдняга расследавання. Важна выявіць прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, неадкладна прыняць меры па іх ухіленні. Галоўнае для нас — знайсці ісціну, — гаворыць пра работу аддзела падпалкоўнік юстыцыі Віталій Лабанаў.

На рахунку следчых – раскрытыя справы аб забойствах, рабаўніцтвах, крадзяжах, у тым ліку і тыя, што атрымалі ў раёне найбольшы рэзананс. На слыху, як з іроніяй назвалі яе следчыя, справа мясцовых “Боні і Клайда”. 27 лютага гэтага года 34-гадовы ганцаўчанін дамовіўся з 14-гадовай зямлячкай, з якой разам жылі ў лесе каля вёскі Ганчары, “пайсці на справу” – у вясковы магазін. Дзяўчына засталася на вуліцы сачыць за сітуацыяй, каб своечасова папярэдзіць падзельніка пра небяспеку,але раз-пораз заглядвала ў магазін. Мужчына дачакаўся, пакуль апошні пакупнік пакіне гандлёвую кропку, заказаў у прадаўца тавар, хаця і не збіраўся за яго плаціць. Пры сваёй саўдзельніцы жорстка збіў работніцу прылаўка. А потым разам вынеслі рознага тавару (піва, хлеб, сок, прыправа і г. д.) на 265900 рублёў. З места злачынства ўцяклі. На шчасце, амаль адразу ў краму зайшоў мясцовы жыхар, які аказаў першую дапамогу пацярпелай, а чарговы пакупнік выклікаў хуткую дапамогу і міліцыю.

Следчым не спатрэбілася шмат часу, каб выйсці на магчымых злачынцаў. Допыты, экспертызы, апытанні – паступова, але вельмі дакладна супрацоўнікі аддзела СК аднаўлялі “сюжэт” злачынства. Справу перадалі ў суд. Абвінавачваны сваю віну прызнаў часткова, сцвярджаў: ударыў прадаўца толькі адзін раз за тое, што яна “замінала выбегчы з магазіна” (з матэрыялаў следства). А вось яго саўдзельніца поўнасцю прызнала сябе вінаватай,  добраахвотна і падрабязна расказала, як задумвалася і ўчынялася злачынства. Дарэчы, менавіта яна сама  і папрасіла дзяжурнага па станцыі ў Русінавічах, куды прыбегла пасля рабаўніцтва, патэлефанаваць у міліцыю. Матэрыяламі крымінальнай справы віна абодвух — мужчыны і непаўналетняй — поўнасцю даказана. Гэта прызнаў і суд. Мужчына атрымаў 6,5 года пазбаўлення волі, саўдзельніца — 3 гады абмежавання волі без адбывання пакарання ў месцах пазбаўлення волі. Прыгавор суда ўступіў у сілу.

Сёлета ў РАСК не дапушчана вяртання спраў на дадатковае расследаванне, незаконнага затрымання, неабгрунтаванага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці. А вось за аналагічны перыяд 2013 года меў месца факт перапрад’яўлення абвінавачванняў у судзе. — Перш чым прад’явіць абвінавачванне, мае падначаленыя скрупулёзна высвятляюць усе факты і абставіны. Стараемся быць прынцыповымі. Людзі нашай прафесіі заўжды абавязаны сумнявацца, адшукваць як мага больш улік – для таго, каб устанавіць асобу сапраўднага злачынцы і каб не пацярпеў невінаваты чалавек. Зго-дзен, месца злодзея – у турме, але тое, што ён злодзей, яшчэ трэба даказаць. Следчы павінен мець сваю пазіцыю, аргументавана яе адстойваць. Зрэшты, такі ж падыход да справы і ў калег з міліцыі і пракуратуры, — сцвярджае Віталій Лабанаў.

Супрацоўнікі РАСК выязджаюць на ўсе злачынствы, суіцыды, дарожна-транспартныя здарэнні, атручванні, утапленні і г.д. У зону ўвагі СК трапляюць і кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, і забойствы, і карупцыйныя, эканамічныя, фінансавыя і падатковыя злачынствы. Другарадных спраў для іх не бывае.

Да падбору кадраў для работы ў СК ставяцца надзвычай адказна.

– Што тычыцца Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта, сюды прыйшлі супрацоўнікі органаў унутраных спраў (следчыя), якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю і вопыт работы – следчыя РАУС. Таму нам не давялося запрашаць спецыялістаў з іншых раёнаў і ведамстваў. Канешне, палепшыліся ўмовы работы пасля таго як РАСК пераехаў у новы будынак  — гаворыць Віталій Лабанаў.

Калектыў – сплаў прафесіяналізму  і адказнасці. А інакш і быць не павінна.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *