Нашы любімыя. “ЛВ” пацікавіўся ў сваіх землякоў пра іх любімых настаўнікаў

У лёсе кожнага абавязкова ёсць любімы настаўнік, з каго бярэш прыклад, на каго хочаш быць падобны і чыё слова прагна ловіш…  І праз час памяць беражліва захоўвае дарагія  ўспаміны пра тых, хто здырыжыраваў твой прафесійны шлях, дапамог мудрай парадай і назаўсёды застаўся самым-самым.  “ЛВ”  пацікавіўся ў сваіх землякоў пра іх любімых настаўнікаў.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі

цэнтральнай раённай бальніцы:

– Я выпускнік Ліпскай СШ. З асаблівай цеплынёй і пяшчотай успамінаю ўсіх сваіх настаўнікаў, з якімі не парываю сувязі і сёння. Гэта вельмі творчыя, адданыя сваёй прафесіі людзі, якія да кожнага з нас стараліся знайсці  ключык, выхаваць паспяховымі і шчаслівымі. Першая настаўніца Галіна Цімафееўна Кічыла нам, сваім вучням, наогул здавалася добрай чараўніцай, заўсёды падтрымлівала і дапамагала, вучыла быць сапраўднымі людзьмі.

Усе настаўнікі былі любімымі. Часам так хочацца вярнуцца ў цудоўную  школьную пару! З удзячнасцю ўспамінаю класных кіраўнікоў Таццяну Васільеўну Праневіч, Юрыя Іосіфавіча Сельмановіча, Марыну Аркадзьеўну Глобаж. З кожным з іх  звязана   яркая старонка жыцця. На мой прафесійны выбар паўплывала тады настаўніца біялогіі Аксана Віктараўна Гатоўчыц, якая ў 9 класе   вельмі цікава апавядала пра будову арганізма чалавека.

Мікалай КУЛІЦКІ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры:

– Школьныя гады запомніліся тым, што кожны дзень прыносіў штосьці новае і цікавае. Ніна Валер’еўна Пазнякова,  вопытны педагог і цудоўны чалавек, была дырэктарам  дзіцячага дома № 2 у вёсцы Сваятычы. Незабыўныя ўрокі матэматыкі  Міхаіла Антонавіча Турко. Да класнага  кіраўніка Марыі Пятроўны Ліс заўсёды можна было звярнуцца за парадай, яна ўмела выслухаць і падтрымаць. Удзячны ўсім настаўнікам, немагчыма вылучыць кагосьці аднаго. Яўгенія Фляр’янаўна Смычкоўская вучыла нямецкай мове, беларускую мову і літаратуру выкладала  Філімена Антонаўна Камінская,  рускую – Ніна Антонаўна Татарыновіч, вельмі моцны літаратуразнаўца, ніколі не павышала на нас голас.

У  школе мы вучыліся, а ў дзіцячым доме праходзіла пазашкольнае жыццё. Выхавальнік Уладзімір Ціханавіч Шыловіч быў для нас, як бацька, – аб’ектыўны, строгі, прынцыповы, патрабавальны. Любую сітуацыю ўмеў вырашыць.

Дзякуючы такім настаўнікам і я стаў педагогам.

Леаніда САПУН, бухгалтар Альхоўскага сельвыканкама:

– 41 год назад закончыла школу ў Сваятычах, у якой вучылася з 8-га класа, дагэтуль наша сям’я жыла  на поўначы.

У маім жыцці было многа добрых настаўнікаў. Памятаю цікавыя ўрокі гісторыі Мікалая Якаўлевіча Ліса, якія  праходзілі на адным дыханні. Нават самыя непаседлівыя вучні слухалі, як зачараваныя. Дзякуючы Анатолію Уладзіміравічу Тураву (ён тады выкладаў у нас фізіку), палюбіла гэты  прадмет. Справядлівы і нераўнадушны, ён займаўся з рабятамі пасля ўрокаў, “падцягваў” іх веды.

Надзея ПАТАПЧЫК, начальнік аздараўленчага лагера “Чайка”:

– Для мяне школа заўсёды была другім домам, самым чароўным і дзіўным месцам. Мне пашчасціла вучыцца ў трох школах: Бенькаўскай, Малагарадзішчанскай і Востраўскай. І ўсюды былі цудоўныя настаўнікі. З удзячнасцю ўспамінаю Вячаслава Пятровіча Вайшэвіча, які ўзначальваў Малагарадзішчанскую школу, Марыю Сяргееўну Кротаву – дабрэйшай душы чалавека, настаўніцу геаграфіі. Шмат чаго з яе манеры зносін з вучнямі пераняла  для сябе.

Педагогі заўсёды былі для мяне прыкладам ва ўсім. Фёдар  Мацвеевіч Шарапаў, Ніна Адамаўна Лукашэвіч, Іван Адамавіч Вайцешык… Гэта паўплывала на мой прафесійны выбар. Я стала настаўніцай і таксама вельмі люблю дзяцей.

Марына КАНДРАЦЬЕВА, прадавец райпо:

­– Вучылася ў СШ №2 і ганаруся тым, што маім класным кіраўніком была Леакадзія Іванаўна Люкіш. Ад яе мы атрымалі ўрокі дабрыні, маралі і разумення. Леакадзія Іванаўна была класнай “мамай” для 42 вучняў, кожнаму ўмела дапамагчы знайсці занятак па душы. Праз гады ўспамінаюцца цудоўныя ўрокі матэматыкі  Алы Уладзіміраўны Абрамовіч,  хіміі — Лідзіі Аляксандраўны Траццяк.

Аляксандр ПАЛУЯН, студэнт БНТУ:

– Я толькі пакінуў сцены Тухавіцкай СШ. Як жа не хапае  тых узаемаадносін, якія панавалі ў школе! Наш клас быў вясёлым і дружным. Колькі сіл, цярпення і штодзённай працы ўклалі ў нас педагогі. Класны кіраўнік Людміла Ільінічна Корань вучыла бачыць прыгожае ў паўсядзённым. На ўроках матэматыкі Наталля Генадзьеўна Новік  формулы “разбаўляла” прыкладамі з жыцця, таму  любое заданне рашалася хутчэй. На фізкультуру   да Віктара Фёдаравіча Зенчанкі мае аднакласнікі ішлі з радасцю і жаданнем.

Разам з землякамі ўспамінала

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *